Школа несамадзейнасці

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г

Не так даўно ў Віцебску на базе Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа трынаццаты раз прайшлі штогадовыя Сцэнічныя чытанні “Школьны тэатр”. Арганізатарамі іх, акрамя самога тэатра, з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, аддзелы культуры і адукацыі Віцебскага гарвыканкама і Віцебская арганізацыя Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

 /i/content/pi/cult/207/2434/Shkola.jpg

Сёлета “Школьны тэатр” быў прысвечаны аб’яўленаму Прэзідэнтам краіны Году роднай зямлі і 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І, натуральна, практычна ўсе прадстаўленыя работы адпавядалі гэтай тэматыцы. Тым больш, што адной з асноўных умоў Чытанняў, якая пільна захоўваецца на працягу апошніх гадоў, з’яўляецца абавязковы зварот школьных тэатральных калектываў да твораў беларускіх аўтараў. І кожны год Чытанні дэманструюць жывы і глыбокі інтарэс удзельнікаў калектываў да беларускай літаратуры. Сярод самых запатрабаваных аўтараў — Уладзімір Караткевіч і Васіль Быкаў: тэатральныя работы па іх творах традыцыйна абуджаюць ва ўдзельнікаў пастановак глыбокі інтарэс да беларускай літаратуры, да тых сюжэтаў і тэм, якія гэтыя класікі закранаюць у сваіх творах, ды і да самога асэнсавання ўласнага месца ў жыцці. Папулярнасцю карыстаюцца і сучасныя драматургі Аляксей Дудараў, Георгій Марчук, Генадзь Аўласенка, Таццяна Ламонава і Ягор Конеў…
Не сакрэт, што большасць з тых хлопцаў і дзяўчат, якія паказалі свае таленты ў конкурсных пастаноўках, наўрад ці звяжуць сваё далейшае жыццё з прафесійным тэатрам. Але ж кіраўнікі калектываў і не намагаюцца даказаць нам адваротнае. Бо важнейшы арыенцір для іх, які задае ўдзельнікам арганізатар і галоўны “ідэолаг” “Школьнага тэатра”, загадчык літаратурнай часткі Коласаўскага тэатра Святлана Дашкевіч, — развіццё ва ўдзельнікаў Чытанняў тых чалавечых якасцей, якія ў будучым дазволяць ім стаць разумнымі, удумлівымі і глыбокімі… гледачамі.
Як зазначылі ў кулуарах фестывалю прадстаўнікі гарадскога аддзела адукацыі, праграма Сцэнічных чытанняў ужо даўно не складаецца па прынцыпе: “узялі, што было”, але ў гэтым годзе канкурэнцыя была насамрэч вялікая. Далёка не ўсе калектывы, якія годна прадставілі свае тэатральныя работы на раённых аглядах, змаглі патрапіць у фінал “Школьнага тэатра”: праграма яго была складзена настолькі шчыльна, што члены журы не выходзілі з глядзельнай залы цягам амаль больш як васьмі гадзін. Але вынік быў таго варты. Пачынаючы ад таго, што “Школьны тэатр” паводле ўзроўню сваіх работ (усе фіналісты маюць магчымасць папрацаваць з прафесіяналамі: не адзін год галоўным рэжысёрам гэтага фэсту з’яўляецца акцёр-коласавец Вячаслаў Грушоў) ужо даўно перайшоў межы той “самадзейнасці”, калі ўсё, што адбываецца на сцэне, можна апраўдаць адно толькі шчырасцю жаданняў саміх удзельнікаў пастановак. Многія з работ выяўляюць цікавае сцэнічнае мысленне, здольнае захапіць і саміх маладых акцёраў, і гледачоў у зале. Сярод апошніх знаходзіцца не толькі “група падтрымкі” з той ці іншай школы, але і іх прамыя “канкурэнты” — тыя хлопцы і дзяўчаты, што таксама выходзяць на сцэну ў іншых работах.
Па выніках “Школьнага тэатра” практычна ўсе калектывы-ўдзельнікі і асобныя акцёры атрымалі ўзнагароды і заахвочвальныя дыпломы. Але галоўны вынік Сцэнічных чытанняў — шчырае жаданне навучыць юнакоў і дзяўчат, што выходзяць на сцэну, разумець і адчуваць не толькі тэатральную культуру, але і родную літаратуру, паважліва ставіцца да айчынных культурных традыцый. І — умець кантактаваць паміж сабой на якасна іншым, адрозным ад будзённага “спажывання”, узроўні агульных інтарэсаў.

Таццяна КОМАНАВА
На здымку: сцэна са спектакля
“Гісторыя двух сабак”.