“Нелінейныя” вандроўнікі ў часе

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г

6 мая Рэспубліканскі тэатр юнага гледача прадставіў шырокай публіцы сваю чарговую прэм’еру — “Бліндаж” па п’есе Алены Паповай. За выключэннем Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, які “абазначыўся” новым ваенным спектаклем у сваім рэпертуары яшчэ на самым пачатку вясны, ТЮГ стаўся адзіным сталічным драматычным тэатральным калектывам, які сустрэў Дзень Перамогі адпаведнай прэм’ерай.

 /i/content/pi/cult/207/2433/Nelinejnyja1.jpg
Тэма асэнсавання і ўвасаблення Вялі
кай Айчыннай вайны на сцэнах беларускіх тэатраў пастаянна прыцягвае ўвагу даследчыкаў айчыннага тэатра. Здавалася б, пра гэтыя не такія і даўнія для нас падзеі напісана ўжо столькі, што сказаць “новае слова” на гэтую тэму не падаецца магчымым. Зрэшты, я не надта давяраю сучасным “даследчыкам” ад мастацтва, якія дэкларуюць свае творы як адкрыццё нам новых, невядомых старонак вайны. За гэтым, у большасці выпадкаў, хаваецца простае жаданне стварэння на аснове аднаго-двух фактаў (не важна, тыповыя яны для той вайны ці, наадварот, нешараговыя) ці то яркага, уражальнага “экшна”, ці то кранальнай love-story, дзе галоўнай сілай уздзеяння на гледачоў будзе не праўдзівасць падачы тых ці іншых падзей, а іх эфектнасць і фактар эмацыянальнага ўплыву на аўдыторыю. Дык што ж, варта задаволіцца тымі выбітнымі творамі, што ўжо напісаны Быкавым, Шамякіным, Чыгрынавым, шэрагам іншых айчынных класікаў, і новых твораў пра Вялікую Айчынную не пісаць? Ні ў якім разе! І справа тут не ў аўтарскім суперніцтве паміж тымі, хто пісаў пра вайну, будучы яе сведкамі, і пакаленнямі пасляваенных аўтараў, а, наадварот,— у простай і відавочнай ісціне: для таго, каб жахлівыя падзеі Вялікай Айчыннай не сцерліся ў народнай памяці, кожнае новае пакаленне мусіць не проста памятаць пра яе, але і самастойна асэнсоўваць. У тым ліку — праз мастацкія творы.

Як жа сёння маладым пакаленням беларусаў, што выраслі, не зведаўшы ні ваенных жахаў, ні цяжкасцей пасляваеннага ліхалецця, зразумець пачуцці і псіхалогію паводзін тых людзей, што ў сорак першым раптам апынуліся на фронце? Найлепшы спосаб — паспрабаваць “стаць на іх месца”, самім апынуцца ў тым страшэнным пекле. Гэты мастацкі прыём “машыны часу” — калі героі-сучаснікі нечакана для саміх сябе трапляюць у мінулае, — стаўся на пачатку ХХІ стагоддзя надзвычай папулярным і ў кінематографе, і ў літаратуры. Ды і сярод беларускіх аўтараў не адзін звярнуўся да гэтага прыёму, спрабуючы даць сваім героям проста-такі фізічную магчымасць “пабыць у скуры” тых людзей. Гэты ж ход скарыстала ў “Бліндажы” і Алена Папова. Аднак для герояў — Марыны і Пятра — гэтая вандроўка ў часе сталася не проста экстрэмальным турызмам, а — усведамленнем: кожны чалавек рана ці позна мусіць уступіць у сваю вайну — паміж Дабром і Злом.

Аднак галоўнай адметнасцю новага спектакля аказалася нават не драматургічная аснова (і таму я ў сваім артыкуле свядома адмаўляюся ад яе пераказу і расповеду пра тое, што і як сыгралі акцёры тэатра), а— мова, якую выбрала для яго рэжысёр Наталля Башава. Яе прадыктавала спецыфіка глядацкай аўдыторыі, пераважную большасць якой складаюць школьнікі і падлеткі, чые веды пра Вялікую Айчынную вычэрпваюцца кнігамі і кінатэлевізійнымі праграмамі, ды зрэдку — каму пашчасціла — расказамі дзядоў —
 /i/content/pi/cult/207/2433/Nelineunyja2.jpg
удзельнікаў той вайны. Таму апеляваць да старых “архетыпаў”, ці, хутчэй, мастацкіх штампаў пастаноўкі твораў на ваенную тэматыку, рэжысёр палічыла немэтазгодным: іншы асабісты досвед сучаснага глядацкага пакалення не дае для гэтага адпаведнай глебы. Наталля Башава ў якасці “формы” сцэнічнай размовы абрала… “кліпава-дыскатэчны” прынцып падачы матэрыялу.

Зададзены драматургам “часавы зрух” рэжысёр скарыстала для таго, каб адмовіцца ад “лінейнай”, сюжэтнай падачы ў спектаклі сцэнічнай гісторыі. Здаецца, для яе зусім не важна “расчуліць” гледачоў, выклікаць у іх эмацыянальнае суперажыванне і пэўную еднасць з героямі. Яна адкрыта эксперыментуе з формай пабудовы сцэнічнага дзеяння “а-ля хіп-хоп”, калі тэатральныя пратаганісты падаюцца як “свае чэлы”, а п’еса ператвараецца ў набор думак-пастулатаў, што на працягу дзеі даслоўна, бы прыпеў, паўтараюцца: ці то праз пэўны час з вуснаў розных герояў, ці то з крыху іншай інтанацыяй, але адразу ж— сцэнай-дублем. Дзякуючы гэтаму, у “Бліндажы” ўдаецца разбурыць атмасферу паслядоўнага тэатральнага аповеду, што маладымі гледачамі, якія прывыклі да актыўнага “мантажу”, зазвычай успрымаецца з пэўнай ступенню запаволенасці і паступовай стратай цікавасці да таго, што адбываецца на сцэне. Разам з тым, рэжысёр спрабуе “схапіць” стылістыку сучаснага поп-культурнага (а можа, камусьці больш падабаецца — дыскатэчнага) дыялога. У ім адзін бок — у дадзеным выпадку тэатр — “кідае” ў залу думкі і ідэі, а другі — гледачы — не адбівае “падачы”, а проста ловіць, не намагаючыся нават сумнявацца ў іх слушнасці. Рэжысёр і не прапануе гледачам у зале “пафіласофстваваць” на гэты конт, паварочваючы адразу “спажывецкую псіхалогію” маладых “рэцэпіентаў” на сваю карысць.

Без перабольшванняў мушу сказаць, што за апошнія некалькі сезонаў у беларускім тэатры “Бліндаж” ТЮГа стаўся адной з самых яркіх і цікавых спроб пошуку новай, актуальнай сцэнічнай мовы. І гэта тым цікавей і ярчэй праявілася, паколькі эксперымент узрос не на грунце сучасна-маргінальнай літаратуры “новых драматургаў”, а на тэматыцы, якая традыцыйна лічыцца сацыяльна-значнай. Рэжысёр не пабаялася адступіць ад традыцыйных форм асэнсавання і ўвасаблення Вялікай Айчыннай вайны, а на яе глебе — асэнсавання вайны ў душы кожнага маладога чалавека. Пры гэтым рэжысёрскі почырк, канешне ж, застаецца пазнавальным: у актыўным выкарыстанні музыкі, якая складае не проста самастойную партытуру дзеяння, а — “падтрымлівае” герояў, часам уступае з імі ў канфлікт; у прыхільнасці да тэатральнага меладраматызму і прыгожых сцэнічных эфектаў кшталту фінальнага зорнага неба і адыходу — ператварэння ў гэткія ж зоркі — маладых салдатаў. Але важней тое, што Наталля Башава прадэманстравала: для таго, каб наладзіць “страчаную повязь часоў” і каб сучаснае пакаленне юных гледачоў цябе пачула і захацела звярнуцца да ваеннай тэмы, зусім не абавязкова акцёрам брацца за драўляныя аўтаматы і разыгрываць крывавую “стралялку”. Нездарма ж і ў герояў шчырыя душэўныя пачуцці прачынаюцца нібыта самі сабой, без асаблівых пабочных уплываў і намаганняў іншых персанажаў. Проста, таму, што ў душы кожнага чалавека спрадвечныя “правільныя” ўстаноўкі на дабрыню, спагадлівасць, сяброўства, патрыятызм, адданасць радзіме і вернасць загаду, як, зрэшты, і жаданне дзяўчыны быць прывабнай, мілай і пяшчотнай, жывуць, і знаходзяцца не так глыбока — у патрэбны момант яны абавязкова “ўсплываюць”, правакуючы на ўчынкі, якія людзям, што нібыта ведаюць нас “сто гадоў”, падаюцца дзіўнымі і зусім не ўласцівымі…

Не бяруся прагназаваць далейшы лёс гэтага спектакля і ягоны поспех сярод глядацкай аўдыторыі, але асабіста мне будзе вельмі цікава паназіраць за яго далейшым сцэнічным жыццём і развіццём у часе, які, калі верыць героям, зусім не лінейны. У “сутыкненні” з псіхалогіяй сучаснага маладога гледача, якому вельмі часта даводзіцца “з нуля” тлумачыць тыя рэчы пра вайну, якія для старшых пакаленняў з’яўляюцца аксіёмамі, дадзеная пастаноўка можа эвалюцыянаваць у самы нечаканы бок. І тым цікавейшым будзе гэты творчы эксперымент, што вынік яго спрагназаваць надзвычай складана.


Таццяна КОМАНАВА
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА
На здымках: сцэны са спектакля “Бліндаж”.