www.Вялікая Айчынная.by, або Да сустрэчы на rodnaj ziamli.by

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г

Вядома, сайтаў з такімі імёнамі на прасторах Інтэрнета пакуль не існуе. Але патрэба ў падобных парталах, якія з’ядналі б у сабе гістарычны і мемарыяльны блокі інфармацыі па гэтай тэме, відавочна наспела. Асабліва актуальным гэтае пытанне выглядае ў кантэксце Дня Перамогі, за некалькі месяцаў да святкавання 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Год роднай зямлі…

 /i/content/pi/cult/207/2431/www.jpg

Непасрэднай жа нагодай прааналізаваць ваенны кантэнт, напоўненасць звесткамі да Дня Перамогі і Дня вызвалення Беларусі ў айчынным сегменце Інтэрнета сталі два нечаканыя лісты, што прыйшлі на рэдакцыйную электронную пошту з розніцай у тыдзень і выкарыстаныя ў падрыхтоўцы святочнага нумара “Культуры”. Кажу пра ўспаміны аб камбаце Уладзіміры Сапрыкіне, дасланыя з Россашы Варонежскай вобласці журналістам Пятром Чалым спецыяльна для нашай рубрыкі “Дыміліся франтоў дарогі”, а таксама пра паведамленне сяброў “Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў імя святой Еўфрасінні Полацкай” з Новасібірска аб запланаваным на 3 ліпеня візіце некалькіх салдат і партызанаў Перамогі — вызваліцеляў Беларусі — з гэтага расійскага горада ў беларускую сталіцу. Ці паспелі б названыя тэмы так своечасова і аператыўна “стаць у нумар”, калі б інфармацыю высылалі звычайнай поштай?
Усё гэта яшчэ раз сведчыць: ваенная тэматыка запатрабавана ў самым шырокім, унутрыграмадскім і міжнародным, кантэксце, таму і вымагае збору ды апрацоўкі звестак па ёй у адным цэнтры, якім у сённяшнім інфармацыйным грамадстве мог бы стаць інтэрнет-партал. Іншая справа, што тэрмін “інфармацыйны” — не толькі характарыстыка кантэнту, вызначэнне жанру, але і ўласцівасць тых высокіх тэхналогій, што выкарыстоўваюцца на этапе рэалізацыі праекта і выхаду гатовага прадукту. Без уліку тэхналагічнага боку атрымаецца анекдатычная сітуацыя: “Як вы рабілі сайт?” — “Метадам “капіраваць” — “уставіць”, “капіраваць” — “уставіць”…”
Сацыяльна значны інтэрактыў
Шукаючы звесткі па беларускіх кантэнт-праектах, звязаных з тэматыкай Вялікай Айчыннай, выйшаў на дзве, як падаецца, паказальныя расійскія распрацоўкі. Па-першае, з 2005-га ў Рунеце функцыянуе праект “Пераможцы. Салдаты Вялікай вайны”, дзе сабрана база даных па 1 008 746 чалавек ветэранаў, што на момант збору звестак (60-годдзе Перамогі) пражывалі на тэрыторыі Расіі, і па 46 243 ветэранаў з замежжа РФ, прычым 45 743 з іх — з гарадоў і вёсак Беларусі. Хоць звесткі і небагатыя (прыводзяцца год нараджэння і вобласць, дзе жыў на той час ветэран) і няпоўныя, але, мяркую, яны далі магчымасць многім скласці першаснае ўяўленне пра колькасць тых, каму мы абавязаны Перамогай, і дапамаглі не аднаму чалавеку знайсці адзін аднаго праз шэсць дзесяткаў гадоў. Прычым, з улікам доступу да Інтэрнета, у працэс натуральным чынам уключыліся і ўнукі-праўнукі салдат 45-га, якія гэтую сувязь і змаглі забяспечыць. Думаецца, такі спосаб сацыялізацыі моладзі ў дарослае грамадства і ўспрыняцце яго каштоўнасцей на прыкладах патрыятызму — ці не самы дзейсны.
Другая распрацоўка — мультымедыйная карта вайны, дзе прадстаўлены ў дынаміцы падзеі вогненных саракавых з адпаведным гістарычным тэкстам да кожнага плана баявых дзеянняў: ад “Барбароса” да “Баграціёна”.
Зрэшты, увагу гэты праект прыцягвае не толькі сваімі вартасцямі і ўжо дакладна не “навізной”, а тым, што і праз чатыры гады з часу яго пачатку рэалізацыі знайшоў вялікі банер на яго на галоўнай старонцы аднаго з вядучых пошукавікоў Рунета. Значыцца, актуальнасць яго не падлягае сумненню і па сёння.
А што ў нас? Больш за дзевяць месяцаў працуе праект інтэрактыўнай карты “Вызваленне Беларусі”, якая ўключае ўласна хроніку і мультымедыйную прэзентацыю аперацый Чырвонай Арміі ў 1943 — 1944 гг. Карта гэтая крок у крок ідзе па слядах аперацыі “Баграціён” і штодня даступна для агляду ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Але хаця б азнаямляльнай інтэрнет-версіі мультымедыя-праекта на сайце ўстановы не знайшоў: пошук выдаў “Па запыце нічога не знойдзена”… З аднаго боку, гэта лішняя нагода зазірнуць у музей, а з іншага, дазіраваны піар — таксама эфектыўная рэклама для такой асветніцкай акцыі, ці не так?
Зрэшты, апошняе на сваім прыкладзе слушна даказвае старонка Мемарыяльнага комплексу “Хатынь”: на чатырох мовах там распрацаваны віртуальная экскурсія ды інтэрактыўная карта.
Форумы і сістэмы
Тэматыка пошуку ветэранаў і атрымання даных пра загінулых воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў айчынным Інтэрнеце распрацавана, мякка кажучы, слаба. Хіба толькі на некаторых форумах — прафесійных, гістарычных, рэгіянальных — сустракаюцца адпаведныя раздзелы.
Адзінай даступнай крыніцай для пошуку адказаў на запыты пра месцы пахаванняў салдат вайны для адміністратараў з’яўляецца зазвычай кніга “Памяць” па той ці іншай мясцовасці. Каб даць хаця б прыблізную карціну на прыкладзе асобнага рэгіёна, вылучыў такія даныя: на адзін з раённых форумаў Віцебшчыны за год паступіла каля двух дзесяткаў зваротаў з розных мясцін Беларусі і замежных краін, прычым адміністратар здолеў даць адказы на ўсе пытанні і змог у шэрагу выпадкаў прадаставіць фотаздымкі брацкіх магіл.
На аснове архіўных дакументаў пабудавана расійская электронная база даных “Мемарыял”. У ёй утрымліваецца больш як 30 мільёнаў запісаў пра воінаў, што загінулі і прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай і пасля яе. Па прозвішчы, імені і імені па бацьку будзе прадстаўлены максімальны аб’ём даступнай інфармацыі, якая, зразумела ж, часцяком абмяжоўваецца месцам пахавання і годам нараджэння.
Аднак ці шмат у якіх выпадках можна знайсці большыя звесткі? Паколькі гэты сацыяльна значны праект — база даных — зводны, у ім утрымліваюцца звесткі і пра нашых суайчыннікаў. І хто ведае, можа, якраз дзякуючы сістэматызаваным “Донесениям боевых частей о безвозвратных потерях”, картатэкам уліку савецкіх ваеннапалонных, дакументам фонду “Паспорта захоронений”, іншым дакументам нехта знойдзе сваю згубленую, падавалася б, нітачку да роднага чалавека. Як удалося знайсці яе і мне: восем радкоў пра майго прадзеда, які ваяваў радавым. Цяпер я ведаю, што ён загінуў і пахаваны ў Латвіі ў канцы лістапада 1944-га…
Кантэнт, канешне, ёсць…
Што да шуканых мной у першую чаргу кантэнт-праектаў, то вынік — наступны: кантэнт — ёсць, праектаў — вобмаль. З апошніх тэматычных сеткавых навінак — спецыяльна распрацаваная старонка Беларускага тэлеграфнага агенцтва, прысвечаная 65-годдзю вызвалення Беларусі. Да 60-годдзя Перамогі быў створаны сайт антываеннага плаката “АртУдар”, які, праўда, вельмі даўно не абнаўляецца. А што ж акрамя?
Фарміраванне тэматычнага інфармацыйнага поля па падзеях і персаналіях Вялікай Айчыннай вайны ў беларускім Інтэрнеце практычна не вядзецца. Здзіўляе пасіўнасць у гэтай справе тых самых музеяў, асабліва — народнай славы. Адзначаем 65-годдзе вызвалення — і ні словам пра гэтую падзею ў сваім вэб-прадстаўніцтве: на сайтах — толькі стандартныя радкі пра ўстанову, пералікі выставак за некалькі мінулых гадоў і скупыя радкі фондаапісанняў.
Сустрэў пад час свайго тэматычнага “сёрфінгу” і наогул парадаксальныя сітуацыі, калі сайт ёсць, але на ім… няма ніякай інфармацыі. Напрыклад, на старонцы Рэчыцкага гісторыка-мемарыяльнага музея “Памяць” ані слова пра ўстанову, калекцыі, выстаўкі: толькі — час працы і адрас. Такая ж сітуацыя — і з Полацкім музеем баявой славы…
Натуральна паўстае пытанне: з чым жа ўваходзім у сусветную сеткавую прастору?
Асцярожна, “…град…”!
Цікавыя мультымедыйныя распрацоўкі па падзеях Вялікай Айчыннай вайны з’яўляюцца, анансуюцца, выстаўляюцца на галіновых конкурсах, атрымліваюць профільныя ўзнагароды, але для большасці зацікаўленых аматараў застаюцца таямніцамі за сям’ю пячаткамі. Як і многія даследаванні, што публікуюцца выключна ў навуковых зборніках. Як і вынікі працы краязнаўцаў з рэгіёнаў…Чаму ж паўстае такая сітуацыя, калі цікавы матэрыял ёсць, але не вядзецца мэтанакіраваная праца па яго папулярызацыі? А ў час, калі краіна рыхтуецца да святкавання 65-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, хацелася б закцэнтаваць увагу на запатрабаванасці не проста ў любым рэсурсе на дадзеную тэму, хаця і гэта шмат у чым будзе праўдай, але найперш — у якасна выкананым тэхнічна і напоўненым праверанай інфармацыяй.
Каб не ўзнікла сітуацыя, калі, правяраючы з дапамогай Інтэрнета звесткі аднаго з артыкулаў, супрацоўнікі “К” сутыкнуліся з “яшчэ адным фронтам” Вялікай Айчыннай — Калінінградскім. Прычым баявыя дзеянні на ім адбываліся акурат на той самай тэрыторыі, што і на… Калінінскім. Гэтае “град”, мусіць, выклікала сапраўдны град недакладнасцей у работах вучняў і студэнтаў, якія скарысталіся “лёгкім хлебам” інтэрнет-навукі. І ўжо дакладна буйным цветам “закрасавала” тая памылка па згаданым на пачатку метадзе “капіраваць” — “уставіць” на сайтах-“клонах”.
Што да тэхнічнага боку, то хочацца падкрэсліць: дызайн, у прыватнасці, у Інтэрнеце, з’яўляецца не раскошай, а сродкам зручнай навігацыі і дакладнага ўспрымання кантэнту.
Некаторыя ж музеі, стварыўшы сайт на самым пачатку працы Інтэрнета ў Беларусі, з той пары яго і не змянялі, а часам — і не абнаўлялі інфармацыю. Адпаведна, выглядае такі праект знешне і змястоўна — архаічна.
***
Вынік гэтага тэматычнага інтэрнет-“сёрфінга” для мяне не быў нечаканым. І зноў прывёў да выказанай яшчэ на пачатку думкі аб мэтазгоднасці ўвядзення ў вэб-прастору цэнтралізаванага партала, дзе б аб’ядноўваліся, каардынаваліся і накіроўваліся ў стваральным рэчышчы намаганні ўстаноў культуры, гісторыкаў, краязнаўцаў, усіх беларусаў у Год роднай зямлі, тым больш знакавы для нас 65-й гадавінай вызвалення Беларусі ад фашызму.
Да сустрэчы на rodnaj ziamli.by!

Сяргей ТРАФІЛАЎ