Ужо напісаныя “Эх, дарогі…”

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г

Абазначаючы час падзей у аповесці, Валянцін Катаеў назваў свой твор “Ужо напісаны “Вертэр”. Карыстаючыся прыкладам класіка савецкай літаратуры, свайму расповеду пра “баявыя” песні дам загаловак — Ужо напісаныя “Эх, дарогі…”

 /i/content/pi/cult/207/2429/Pesnyary1.jpg

“Тэма ворага” перад вайной гучала ў кожнай папулярнай, нават лірычнай песні: ”И если враг нашу радость лихую…” (“Вясёлыя рабяты”); “Подлый враг, ты нас лучше не трогай…” (“Трактарысты”); “Ура-ура! Будь готов, когда настанет час бить врагов…” (“Варатар”) — спіс можна доўжыць.
Пісьменнік Канстанцін Сіманаў у тэксце песні “Однополчане” (музыка — братоў Пакрасаў) прагаварыўся:
Под Кенигсбергом на рассвете
Мы будем ранены вдвоём,
Отбудем месяц в лазарете,
И выживем, и в бой пойдём!
Слоў, як кажуць, з песні не выкінеш, а напісана гэта было… яшчэ ў 1938 годзе! Больш за тое: улёткі з гэтым тэкстам клеіліся на сцены казармаў!
Вось, аказваецца, якая стратэгія-прадбачанне была “выкладзена” ў вершы паэтам, які за тыдзень да нападзення фашыстаў на СССР атрымаў воінскае званне “інтэндант 2-га рангу”, што раўнялася чыну падпалкоўніка!
* * *
Кранальныя, нават геніяльныя песні аб вайне былі напісаны ў самыя вогненныя гады альбо адразу пасля Перамогі: “Эх, дороги”, “Соловьи, соловьи...”, “Тёмная ночь”, “Смуглянка”, “Одессит Мишка”. Нарадзіліся і такія радкі, як у песні “Где же вы теперь, друзья-однополчане?” (словы — Аляксея Фаццянава): “Я стою в хороший час заката / У тесовых новеньких ворот: / Может, к нам сюда знакомого солдата / Ветерок попутный занесёт?” Напісаны верш і пакладзены на музыку Васілём Салаўёвым-Сядым у 1946 годзе: ужо ў першы ж паваенны год дэмабілізаваны ацалелы, выжыўшы салдат засумаваў, адчуваючы, што лепшыя, памятныя гады жыцця ўжо мінулі. Пранізлівыя пачуцці ў простых песенных радках...
У Беларусі нарадзілася задумліва-кранальная “Лясная песня” Уладзіміра Алоўнікава на словы Адама Русака — і доўгі час была адзінай на гэтую тэму.А затым — ажно да 1960-х — на гэтую тэму ніхто амаль не пісаў. Больш за тое: 9 мая быў звычайным працоўным, а не “красным днём календаря”, у што цяжка сёння паверыць. Пра што спявалі? Пра асваенне цаліны (“Едем мы, друзья, в дальние края”), пра камсамольскія новабудоўлі (“Река Бирюса”, “Девчонки танцуют на палубе”), звычайныя лірычныя творы (“Вечерком за окном”), перапявалі і дазволеныя шлягеры з “краін народнай дэмакратыі”.
Нават будучы наш “баявы” тэкставік Міхаіл Ясень — а тады Міша Гольдман — спяваў мне: “Дальней тропинкой в синей косынке...”. Ён жыў у адным пакоі з маім зводным братам у інтэрнаце Політэхнічнага інстытута, проста пад вежай са шпілем, на чацвёртым паверсе. Мяне, падлетка, ён літаральна “заваліў” сваімі песнямі: лірыка з ягонай жа музыкай і студэнцкі гумар, кшталту “Лянафіланіяна”.
Песенны “ваенны прарыў” пачаўся якраз з 65-га: адразу з’явіліся “На безымянной высоте” і ясенеўскі шэдэўр “Памяць сэрца” з музыкай Ігара Лучанка. Песню ў Мінску яшчэ не “раскруцілі”, як Віктар Вуячыч рушыў з ёю ў Маскву — на Усесаюзны конкурс савецкай песні, дзе заняў з ёю І месца (спявак з Данецка Іосіф Кабзон заняў тады ІІ). Вярнуўшыся, Віктар Лук’янавіч у чаканні жывога — іншага тады не было — эфіру стаяў на прыступках тэлестудыі і распавядаў нам, як атрымаў эстраднае “блаславенне” ад самога мэтра Леаніда Уцёсава. У нас з Яўгенам Глебавым таксама была нагода ганарыцца вынікамі конкурсу: дыплом атрымала там Нэлі Багуслаўская, якая спявала нашу песню “Дом” з трыпціха на ваенную ж тэму “Помню…” Абедзве песні ў выкананні пераможцаў-беларусаў былі запісаны і выдадзены на грампласцінцы фірмай “Мелодия”, з партрэтамі спевакоў і прозвішчамі аўтараў.
* * *
Сцэнарыстам вершаванай кампазіцыі “Праз усю вайну”, створанай для славутага ансамбля “Песняры” да 40-годдзя вызвалення Беларусі, быў пісьменнік Валянцін Тарас. Ён падабраў творы паэтаў-франтавікоў, сем тэкстаў — у тым ліку знакамітае “Вяртанне” — напісаў сам. Вершы паклаў на музыку Уладзімір Мулявін. Летась у жніўні, за некалькі месяцаў да смерці, Валянцін Яфімавіч мне расказваў перад камерай у час здымак тэлефільма “Песняры”. Перарваны палёт”:
— У праграме быў верш “Перад атакай” Сямёна Гудзэнкі, франтавіка (у яго частка чэрапа была знесена асколкам, і жывы мозг пульсаваў; так ён пражыў яшчэ цэлы год пасля вайны). У творы наступныя радкі:
Бой был коротким. А потом
Глушили водку ледяную,
И выковыривал ножом
Из-под ногтей я кровь чужую.
На “прыёмцы” праграмы чыноўніцтва пачало чапляцца: “Што гэта такое: “...выковыривал ножом”?! Як гэта можна спяваць?! Перарабіце, змягчыце! Гудзэнку абавязкова трэба змягчыць!” Але Мулявін тады заявіў: “Гудзэнка, можна лічыць, загінуў на полі боя: памёр ад страшэннай раны. І што: я буду перарабляць радкі, якія былі напісаны сапраўды крывёю, ягонай уласнай? Я нічога змяняць не буду! Вам не падабаецца — здымайце ўсю праграму! Не будзе праграмы!”Павярнуўся і пайшоў.Свята Перамогі набліжалася, але “зверху” — ні заўваг, ні загадаў, ні дазволу, ні забароны.
— І была прэм’ера ў Вялікай зале філармоніі пры вялікім сходзе народу,— згадваў Тарас. — Побач сядзелі мае сябры: Навум Кіслік, франтавік, Саша Адамовіч, што, як і я, пайшоў падлеткам у партызаны. Мы, дзякуючы Уладзіміру Мулявіну, сталі разумець гэтую музычную мову, мелодыку, гэтыя рытмы. Калі здарылася гэтая страшная катастрофа з Валодзем, і потым, калі ён памёр, мне прыйшла ў галаву думка: загінуў ён на той вайне, аб якой была наша праграма.
І песні нашы там— цяпер ужо і пра яго, салдата, які прайшоў “праз усю вайну”.
* * *
У 1978-м годзе выйшаў на экраны дзвюхсерыйны фільм Міхаіла Пташука “Час выбраў нас” на ваенную тэму з музыкай Ціхана Хрэннікава. І там здалёк, фонам, прагучаў фрагмент песні на тэкст Міхаіла Матусоўскага. Што адбылося некалькі гадоў пазней, прыгадвае заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Ткачэнка — напрыканцы 1970-х музыкант “Песняроў”:
— Якім чынам Мулявін адшукаў тую песню?.. Стварылі яе ва ўздыме творчым — такая поліфанічнасць атрымалася: развіццё на вакале, без накладанняў! Кожны дзень выконвалі жыўцом. Хто ўмеў спяваць у “Песнярах” — усе спявалі. Нашы галасы спалучаліся цудоўным чынам. Мы лічымся першымі выканаўцамі таго твора — і апошнімі.
Гэта пра песню “Кожны чацвёрты” — вакальны “песняроўскі” шэдэўр.
Аранжыроўку зрабіў Ткачэнка, але сама ідэя выконваць яе аcapellа, без інструментаў, належыць Уладзіміру Мулявіну. Спявалі на шэсць галасоў: сам Мулявін, Ткачэнка, Дайнэка, наверсе — Місевіч, басы — Паплаўскі і Тышко, саліраваў Кашапараў.— Настолькі шчыра мы выконвалі “Кожны чацвёрты”, — згадвае Ткачэнка,— што людзі ў зале плакалі. І нават нам на сцэне цяжка было ўтрымацца ад слёз.
Гісторыя з песняй “Кожны чацвёрты” мела нечаканы працяг. Вось ужо сапраўды, як сказана ў вершы: “Нам не дано предугадать, / Как наше слово отзовётся…”
* * *
— Старая зацёртая грампласцінка, якую падабраў я ў шафе Лідскага музвучылішча... Так упершыню пачуў песню “Кожны чацвёрты”. Дзень і ноч запіс круціў, з цяжкасцю разабраў гармонію,— дзеліцца ўспамінамі рэгент хору Мінскай духоўнай семінарыі протаіерэй Андрэй (Скробат). — І ў гэтым творы я пачуў гучанне царкоўнага хору.
Айцец Андрэй адшукаў тэлефон Мулявіна, запрасіў яго ў Жыровічы. І той прыехаў. Калі ўвайшоў, харысты-семінарысты ўсталі і праспявалі яму “Многая лета”, затым, канешне ж, “Кожны чацвёрты”. Уражаны Мулявін, па словах айца Андрэя, сказаў: “Калі б вярнуць 70-ы год, у мяне было б шырокае поле для выбару ўдзельнікаў”. “Вы ўзялі б нас у “Песняры”?” — запытаў святар. — “Узяў бы”. І ён нават указаў — каго.
* * *
Канешне, ваенная тэма цяпер ужо ніколі не знікне з нашых песень. Сведчаннем таму — выдатныя творы з філасофскімі тэкстамі і яскравай музыкай, што нарадзіліся пазней: “Майскі вальс”, “Пасля салюта наступае цішыня”, “Поле памяці”.
І будуць на гэтую векапомную для беларусаў тэму нараджацца новыя шэдэўры. Пра вайну, як кажуць, “яшчэ не спета столькі песень”!

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр

Фота Юрыя ІВАНОВА