Яшчэ адна “…Ліцера”, два дыпломы і…

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г

…чатыры майскія дні, якія прайшлі пад знакам журналістыкі (нездарма ж 5 мая — Дзень друку, а 7-га — Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі!), — такі вынік у скарбонцы нашай Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” пасля ХІІІ Міжнароднай выстаўкі “СМІ ў Беларусі”.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам ХІІІ Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі “СМІ ў Беларусі” і IV Беларускага інфармацыйнага форуму, які таксама праводзіўся ў гэтыя дні.

“Новыя выклікі часу вылучаюць на пярэдні план патрабаванні дакладна і аператыўна інфармаваць людзей аб змяненнях у эканамічнай сітуацыі, аб мерах, якія прымаюцца па пераадоленні цяжкасцей. Задача ў тым, каб весці канструктыўную інфармацыйную палітыку, накіраваную на кансалідацыю грамадства, згуртаванне сіл у мэтах аптымальнага вырашэння праблем”, — гаворыцца ў прывітанні.
 /i/content/pi/cult/207/2427/Litera.jpg
На думку Кіраўніка дзяржавы, у год 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў найважнейшы абавязак СМІ — данесці да шырокай аўдыторыі лёсаноснае значэнне гэтай даты, гістарычную праўду аб гераізме народа.
“Разлічваю, што правядзенне выстаўкі і форуму будзе садзейнічаць пашырэнню медыйнай прасторы, стане чарговым этапам ва ўмацаванні ўзаемадзеяння Беларусі з замежнымі партнёрамі ў інфармацыйнай сферы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Якраз на гэтым і быў зроблены адзін з акцэнтаў на IV Беларускім інфармацыйным форуме “СМІ ў перыяд глабальнага эканамічнага крызісу. Фарміраванне сацыяльных установак насельніцтва”. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Беларускі саюз журналістаў. У рабоце форуму прынялі ўдзел першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта краіны Наталя Пяткевіч, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін, прадстаўнікі Выканкама СНД, офіса ОБСЕ, кіраўнікі беларускіх і замежных СМІ. Удзельнікі форуму, акрамя пленарнага пасяджэння, шматлікіх тэматычных сесій, сустрэліся з кіраўніцтвам Мінгарвыканкама, наведалі Інстытут журналістыкі БДУ, кантактавалі з калегамі на выстаўцы “СМІ ў Беларусі”.
Увогуле, выстаўка, па традыцыі, стала месцам прыцягнення мінчан, сустрэч журналістаў з чытачамі, запамінальных прэзентацый і ўсталявання новых кантактаў. Стэнд РВУ “Культура і мастацтва”, аздоблены ў кантэксце магістральных тэм выстаўкі — Года роднай зямлі і 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, цягам 4 дзён часцяком аказваўся ў цэнтры ўвагі чытачоў і многіх удзельнікаў экспазіцыі.
“Журналісцкія дні” прынеслі РВУ “Культура і мастацтва” таксама і ўзнагароды: мастацкі рэдактар часопіса “Мастацтва” Андрэй Ганчароў атрымаў “Залатую Ліцеру” ў намінацыі “Лепшы афарміцель-дызайнер”, а “Культуру” ўганаравалі ажно двойчы. Наша газета і сёлета — лаўрэат конкурсу ў намінацыях “Лепшая галіновая газета” і “Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх СМІ” (за кнігу “Найноўшая спадчына Новай зямлі (Беларусь культурная: камандзіроўка ў 1000 дзён)”).
8 мая выстаўка завяршыла сваю работу. Да сустрэчы на XIV-й, сябры!

Фота Юрыя ІВАНОВА