Л.Шчамялёў. “Дзень Перамогі”. |
У гэты ж дзень быў прэзентаваны альбом жывапісу “Час і прастора Леаніда Шчамялёва”, які ў канцы мінулага года быў выдадзены РВУ “Культура і мастацтва” пры фінансаванні з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва па заказе Міністэрства культуры краіны.
Леанід Шчамялёў доўга рыхтаваўся да гэтай выстаўкі. І, што хаваць, — канешне, хваляваўся: гэта ж — малая радзіма, дзе ён вучыўся ў школе і адкуль васемнаццацігадовым юнаком пайшоў на фронт у снежні 41-га.І вось напярэдадні 64-га Дня Перамогі — выстаўка ў Віцебску: сорак пяць карцін, пейзажаў, партрэтаў, нацюрмортаў. Амаль усе творы — апошніх гадоў, многія з якіх не бачылі яшчэ і мінчане.
І мне хацелася б, каб чалавек, убачыўшы светлыя, мажорныя палотны Леаніда Шчамялёва, пастаяў перад імі, угледзеўся б у іх і падумаў пра тое, што без мастацтва жыццё бывае цьмяным і сумным, і толькі мастак, ягоны сучаснік, сапраўды вялікі Мастак дапаможа яму спазнаць шматстайнасць, прыгажосць і каштоўнасць таго Жыцця, за якое пакаленне Шчамялёва змагалася і перамагала ў Вялікую Айчынную...
Барыс КРЭПАК