РАШЭННЕ КАЛЕГІІ 22.04.2009 г. г. Мінск № 53

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

Аб рабоце па выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата” ў 2008 годзе і 1 квартале 2009 года

Міністэрствам культуры, падпарадкаванымі арганізацыямі ў 2008 годзе і 1 квартале 2009 года праведзена пэўная работа па выкананні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата” (далей — Дырэктыва № 2).
Паўсюдна ўсімі кіраўнікамі ўстаноў культуры і мастацтва рэспубліканскага падпарадкавання арганізаваны асабісты прыём грамадзян і ўлік вусных зваротаў. У Міністэрства культуры штоквартальна прадастаўляецца адпаведная ведамасная справаздачнасць. Інфармацыя аб парадку асабістага прыёму грамадзян кіраўнікамі арганізацый размешчана на інфармацыйных стэндах устаноў культуры і мастацтва, аб асабістым прыёме грамадзян кіраўнікамі Міністэрства — на стэндах і афіцыйным сайце Міністэрства. У апараце Міністэрства і ў 47 падпарадкаваных арганізацый прадугледжаны папярэдні запіс грамадзян на асабісты прыём, што ліквідуе прычыны ўтварэння чэргаў і працяглага чакання прыёму.
Дынаміка зніжэння паказчыкаў па асабістым прыёме грамадзян, запісах у кнігах заўваг і прапаноў дазволіць зрабіць выснову аб паляпшэнні, у цэлым, якасці працы з грамадзянамі з боку кіраўнікоў арганізацый культуры і мастацтва.
Разам з тым, аналіз правядзення асабістага прыёму грамадзян ва ўстановах рэспубліканскага падпарадкавання паказаў, што ў большасці з іх патрабаванні Дырэктывы № 2 у частцы арганізацыі прыёму ў зручны для насельніцтва час выконваюцца не ў поўнай меры. Па-ранейшаму кіраўнікі схіляюцца да прыёму грамадзян у працоўны час. У некаторых службовых асоб звесткі аб графіку прыёму грамадзян адсутнічаюць на дзвярах іх кабінетаў.
Міністэрства культуры ажыццяўляе дзве адміністрацыйныя працэдуры па заяўках грамадзян: выдачу пасведчанняў на права вывазу (перасылкі) культурных каштоўнасцей з тэрыторыі рэспублікі і выдачу дазволаў на выкананне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.
За справаздачны перыяд прэтэнзій, заўваг ад грамадзян па парадку і тэрмінах ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур не паступала.
Праведзеная работа па інфарматызацыі ўпраўлення галіной і аптымізацыі справаздачна-статыстычнай дзейнасці дазволіла Міністэрству культуры ўнесці ў Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь прапановы аб скарачэнні чатырох форм цэнтралізаваных дзяржаўных статыстычных назіранняў, чатырох форм ведамаснай справаздачнасці па пытаннях дзейнасці сферы культуры, а таксама павялічыць перыяды прадстаўлення інфармацыі па дзвюх формах ведамаснай справаздачнасці. Рэалізацыя гэтых прапаноў значна знізіць нагрузку на рэспандэнтаў ужо ў бягучым годзе.
Разам з тым, перадача Міністэрству культуры функцый збору і абагульнення інфармацыі аб дзейнасці ўстаноў галіны з наступнай яе перадачай Белстату для ўключэння ў дзяржаўную статыстычную справаздачнасць прад’яўляе выключна высокія патрабаванні да якасці вядзення інтэграваных банкаў даных.
Па выніках 1 квартала 2009 года з сямі абласных і Мінскага гарадскога банкаў даных у галіновы банк без заўваг прынята інфармацыя толькі па Гродзенскай і Мінскай абласцях. Не ў поўным аб’ёме ўведзена інфармацыя ў банкі даных устаноў культуры і мастацтва Брэсцкай, Гомельскай абласцей і г. Мінска. Няякасна абноўлена база даных Магілёўскай вобласці. Не прадстаўлена абноўленая база даных Віцебскай вобласці.
Калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ВЫРАШЫЛА:
1. Указаць начальнікам упраўленняў культуры Віцебскага, Магілёўскага аблвыканкамаў Пашынскаму М.П. і Сінкаўцу А.А. на нізкі ўзровень арганізацыйных работ і адсутнасць кантролю за вядзеннем абласных банкаў даных.
2. Начальнікам упраўлення культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама:
2.1. разгледзець у маі 2009 г. на пашыраных пасяджэннях калегій упраўленняў культуры і пасяджэннях Саветаў аддзелаў культуры гар-, райвыканкамаў пытанне аб стане і першачарговых мерах па павышэнні якасці вядзення абласных, гарадскіх, раённых банкаў даных, іх практычным выкарыстанні, выпрацаваць дзейсную сістэму кантролю якасці вядзення банкаў даных;
2.2. да 15 мая 2009 г. забяспечыць накіраванне ў падпарадкаваныя ўпраўленням і аддзелам культуры арганізацыі праграмна-інфармацыйных комплексаў “Установа — версія 09” з функцыяй абмежавання ўводу даных з памылкамі (далей — ПІК-У-09);
2.3. арганізаваць, пачынаючы з чэрвеня 2009 г., дакументаванне на папяровых носьбітах абнаўленняў інфармацыі ў ПІК-У-09, забяспечыць іх захаванне ў справаводстве падпарадкаваных упраўленням і аддзелам культуры арганізацый;
2.4. прыняць меры па кадравым умацаванні абласных і раённых метадычных цэнтраў народнай творчасці, раённых метадычных цэнтраў, іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць вядзенне адпаведных банкаў даных, спецыялістамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій за кошт пераразмеркавання функцый паміж работнікамі ўказаных арганізацый;
2.5. да 10 ліпеня 2009 г. забяспечыць якаснае абнаўленне абласных, гарадскіх, раённых банкаў даных з адлюстраваннем у іх інфармацыі аб дзейнасці музеяў і дзіцячых школ мастацтваў.
3. Кіраўнікам падпарадкаваных Міністэрству культуры арганізацый:
3.1. да 1 мая 2009 г. прывесці рэжым асабістага прыёму грамадзян у адпаведнасць з патрабаваннямі падпункта 1.3. Дырэктывы № 2 і прадставіць справаздачу аб выкананні дадзенага даручэння;
3.2. да 5 мая 2009 г. забяспечыць прадстаўленне ва ўстаноўленым парадку ва ўстанову адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў” абноўленай інфармацыі ў ПІК-У-09. Забяспечыць штомесячнае дакументаванне на папяровых носьбітах вышэйуказанага і ўсіх наступных абнаўленняў інфармацыі, іх захаванне ў справаводстве арганізацыі.
4. Установе адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў” (Святлоў Б.У.) сумесна з абласнымі метадычнымі цэнтрамі народнай творчасці да 1 чэрвеня 2009 г. распрацаваць і прадставіць на зацвярджэнне сістэму паказчыкаў дзейнасці клубных устаноў, бібліятэк, музеяў, паркаў культуры і адпачынку.
5. Упраўленням устаноў культуры і народнай творчасці (Чэрнік В.М.), навучальных устаноў і кадраў (Шмакава Н.Ю.), капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння (Рымашэўскі В.В.) сумесна з установай адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў” (Святлоў Б.У.) да 20 ліпеня і 20 кастрычніка 2009 г., 20 студзеня 2010 г. правесці аналіз якасці абнаўлення галіновага інтэграванага банка даных па курыруемых накірунках дзейнасці і аформіць вынікі аналізу адпаведнымі прыёмнымі актамі.
6. Аддзелу кантролю і справаводства (Груздоў А.В.), установе адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў” (Святлоў Б.У.), кантрольна-рэвізійнаму аддзелу (Кізім А.С.), юрыдычнаму аддзелу (Вештарт А.П.) сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі да 1 лістапада 2009 г. распрацаваць Палажэнне аб галіновым інтэграваным банку даных устаноў культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь.
7. Кантроль за выкананнем дадзенага рашэння ўскласці на намесніка міністра Кураша В.І.

Старшыня калегіі, міністр культуры У.Ф. МАТВЕЙЧУК