Музей пабагацеў на “Багача”

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

Энергіі Ірыны Казаковай – прафесара кафедры беларускай літаратуры і культуры філалагічнага факультэта БДУ, доктара філалагічных навук фалькларыста – можна пазайздросціць. Яна паспявае выкладаць (прытым, не толькі на сваім факультэце), збіраць экспанаты для музея беларускай народнай культуры, які адкрыўся на філфаку па яе ініцыятыве і дзякуючы яе намаганням напярэдадні 85-годдзя Белдзяржуніверсітэта, пісаць падручнікі і кнігі, сцэнарыі, удзельнічаць у навуковых канферэнцыях, падарожнічаць, распрацоўваць турыстычныя маршруты…

— Ірына, як склаўся такі збор прадметаў народнай культуры?

— Як усе зборы — паступова. Аснову склала ўласная калекцыя, якая дасталася мне ў спадчыну ад дзвюх маіх бабуль з боку мамы і таты. Яны жылі на Хоцімшчыне, што ў Магілёўскай вобласці. Гэта надта цікавы край, там шмат што захавалася: адметны фальклор, міфалогія, аўтэнтычная форма абрадаў. Прыкладна пяць гадоў я збірала матэрыялы. Дапамагалі студэнты, іх бацькі, калегі, усе супрацоўнікі нашага факультэта. Дапамог таксама Хоцімскі райвыканкам, сярэдняя школа вёскі Трасціно, Мінскі аблвыканкам, Барысаўская вучэльня будаўнікоў, Свірскі ліцэй. З розных куткоў Беларусі дасылалі нам экспанаты. Значны ўнёсак у стварэнне музея зрабіла сям’я Ганны Швабы — нашай студэнткі, якая працуе лабарантам-экскурсаводам у музеі.

— І колькі экспанатаў сёння ў музеі?

— Каля 500! Амаль усе — аўтэнтычныя і гэтым каштоўныя. Экспазіцыя мае некалькі раздзелаў. Асноўную частку складаюць матэрыялы калекцыі пад назвай “Культура і побыт нашых продкаў”, у якой ёсць, скажам, старажытныя жорны з дубу, якія даслала наша выпускніца Тамара Кланюк. Ёсць у нас куфар з Гродзеншчыны, маем магчымасць паказаць, як аздабляліся калісь вясковыя ложкі — гэта было цэлае мастацтва. Другая частка экспазіцыі называецца “Вырабы сучасных беларускіх майстроў”. Яна, так бы мовіць, напрамую звязана са згуртаваннем дзелавых і творчых жанчын Беларусі. Майстрыха Юлія Мікалаеўна Цярэнцьева, якая працуе ў тэхніцы фрывалітэ і пляце карункі, падарыла нам твор “Зямля на ўсіх адна”, які ўяўляе сабой выяву маці-зямлі, а вакол яе — сімвалы асноўных рэлігійных канфесій свету. Елісавецінскі манастыр дапамагаў нам у падборы абразоў для тэматычнай выстаўкі, уключанай потым у музейную экспазіцыю праваслаўных абразоў Маці Божай на Беларусі. Выява Маці Божай Казанскай паказвае, як развіваюцца зараз традыцыі габеленавага мастацтва ў нашай краіне.

Святой апякункай музея мы абралі Еўфрасінню Полацкую — жанчыну, якая прысвяціла ўсё жыццё асвеце свайго народа. На самым пачэсным месцы ў нас — дыван з выявай Еўфрасінні, выраблены віцебскімі майстрамі. Адметныя экспанаты нам падарыў пекар-мастак з Віцебска Андрэй Багадухаў: ён робіць цудоўныя караваі для розных урачыстасцей. Глякі — падарунак майстроў галерэі “Славутыя майстры”, якія ў Траецкім прадмесці аднавілі вельмі цікавую традыцыю. На памежжы Беларусі і Прыбалтыкі існавала завядзёнка: маладыя пасля заключэння шлюбу ехалі да ганчара заказваць свой першы посуд — посуд шчасця. Глякі — акурат такі посуд.

У нас ёсць і такія экспанаты, якіх няма ў ніводным музеі свету — гэта беларускае “нэцке”. Мастак Казімір Карпенка падарыў нам 10 фігурак, выкананых у стылі японскай малой скульптуры. Адзін з яго твораў — фігурка вандроўніка, чалавека на дарозе жыцця; на яго плячы сядзіць птушка — сімвал радасці, шчасця, святла, а з-за другога пляча высоўваецца нячысцік. Філасофскі сэнс працы ў тым, што асобавольная сама абіраць шлях, па якім ісці.

— А якія тут рэчы з вашай асабістай калекцыі?

— Сама я нарадзілася ў Мінску, але ў дзяцінстве любіла наведвацца да бабуль на Хоцімшчыне. Яны прывілі мне любоў да народнай песні, казкі. Гэта, напэўна і вызначыла мой далейшы шлях... Як я казала ўжо, ад бабуль мне дасталіся вельмі прыгожыя і дарагія рэчы. У гэтым фартуху, што ў цэнтры экспазіцыі, мая прабабуля брала шлюб. Яна сама сеяла лён, сама прала, сама ткала, а потым перадала гэты важны элемент жаночага строю сваёй дачцы, маёй бабулі, а бабуля мне. Ёсць у калекцыі рэчы, якія належалі сёстрам бабулі, куме. Вось намітка, панёва з вёскі, дзе жылі мае сваякі. Зірніце на абрус, на якім вышыта сусветнае дрэва. Цікавая гісторыя гэтай рэчы. Калі два сыны майстрыхі пайшлі на вайну, яна вышыла на ручніку сусветнае дрэва — сімвал жыцця і неўміручасці — і побач двух хлапцоў. Маці чатыры з паловай гады малілася, трымаючы гэты ручнік у руках, і вымаліла сыноў з пекла вайны. Свой твор яна падарыла нашаму музею. Прапушчаныя праз сэрца, праз душу, праз лёс сям’і — такія рэчы самыя каштоўныя для нас.

Гледзячы на такія дзівосныя рэчы, нельга не захапіцца народным мастацтвам. Будучы студэнткай філфака, я ў час фальклорнай практыкі шмат ездзіла па беларускіх вёсках з магнітафонам, са сшыткам і алоўкам. Мяне ўразіла таленавітасць нашых людзей, бяздоннае багацце — наш фальклор. Я проста закахалася ў беларускую традыцыйную культуру. Улюбёнасць перайшла ў яе даследаванне, у чым мне дапамог мой настаўнік Анатоль Сямёнавіч Фядосік— прафесар, доктар навук, які зрабіў велізарны ўнёсак у беларускую фалькларыстыку. Ён быў кіраўніком маёй кандыдацкай і доктарскай дысертацый. Я зберагу да яго любоў, павагу і ўдзячнасць да канца жыцця.

— А што гэта за мужчынская кашуля?

— Кашулю зрабілі па нашым заказе сучасныя майстрыхі з галерэі “Славутыя майстры”. А я, у сваю чаргу, дапамагала ім у стварэнні сцэнарыя беларускага вяселля. А вось драўляная дудка, калаўроты — аўтэнтычныя. Іх прывезлі студэнты з экспедыцыйных паездак па Міншчыне, Магілёўшчыне, Гродзеншчыне. Такім жа чынам сабрана калекцыя лапцей, прасаў. А дамавічка, паводле расповедаў сваёй бабулі, зрабіў па нашым заказе сучасны майстар.

— І як вы, вучоны-фалькларыст, ставіцеся да такіх істот?..

— Народ наш вельмі мудры. Можна ставіцца да ўсяго гэтага як да казкі, фантазіі, але ж— у таго ж дамавічка верылі нашы продкі. Такія вераванні жылі ў народзе і захаваліся да нашых дзён. Давайце народныя вераванні выкарыстоўваць на карысць!

На Магілёўшчыне ёсць вельмі чыстая рака — Бесядзь. Яна цячэ і па Хоцімшчыне. Там ёсць месца, куды прыходзілі нявесты, каб выплакаць слёзы і жыць з будучым мужам шчасліва. Дзяўчаты ішлі сюды перад урачыстай бяседай, перад прыездам сватоў. У рэчку траплялі чыстыя дзявочыя слёзы. Ці не адсюль і назва — Бесядзь? З кожнай вёскай, возерам, курганам звязаны легенды і паданні. Нам трэба толькі сабраць і захаваць усё гэтае багацце і мудра ім распараджацца. У прыватнасці, выкарыстоўваць у турыстычных мэтах, як гэта робіцца ў іншых краінах. Нашы спецыялісты — этнографы, фалькларысты — могуць падказаць новыя і цікавыя турыстычныя маршруты, якія будуць прывабліваць падарожнікаў з усяго свету.

— Якім канкрэтна тэмам былі прысвечаны вашы кандыдацкая і доктарская працы?

— Кандыдатам я стала ў 24 гады, доктарам — у 32. Кандыдацкая праца называлася “Этнічная свядомасць, этнапсіхалогія беларусаў”, доктарская прысвячалася міфалагічнай і фальклорнай спецыфіцы беларускай традыцыйнай культуры. А ўвогуле ў маім даробку больш за 60 навуковых прац, выйшла 5 манаграфій, 2 кнігі навукова-папулярнага характару, шмат брашур, артыкулаў. Нашы кафедра і музей сталі ініцыятарамі арганізацыі навуковапрактычнай канферэнцыі “Фальклор і сучасная культура”. Мы наогул плануем стварыць адзіны буйны цэнтр беларусазнаўства на нашым факультэце. Я і мае калегі імкнёмся выхоўваць студэнтаў у рэчышчы любові да сваіх каранёў, да сваёй культуры, да свайго народа. Калі будучая інтэлігенцыя, інтэлектуальная эліта будзе любіць свой народ, нацыянальную культуру, значыць, яна будзе любіць уласную краіну і працаваць на яе карысць.

— Якая тэма вас цікавіць зараз, якія новыя адкрыцці вы зрабілі ў галіне, якой займаецеся?

— Працягваю вывучаць беларускі фальклор, беларускую этнакультуралогію, працую ў рэчышчы вывучэння беларускай культуры ў сусветным кантэксце. Вывучаць сваю культуру абавязкова трэба ў кантэксце глабальным, бо ўсё ў свеце — ва ўзаемасувязі. Сваю задачу бачу ў далейшай папулярызацыі нашай нацыянальнай культуры за мяжой, у гэтым мне дапамагае маё членства ў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і ўласныя вандраванні. Само сабою, важна ведаць і паважаць і культуру іншых краін. Я выкладаю “Гісторыю і тэорыю сусветнай культуры”. На філфаку нядаўна быў адкрыты кабінет турэцкай культуры і мовы, неўзабаве выйдзе напісаная мной навукова-папулярная кніга “Культура Турцыі”.

Што да нашага музея, то я і мае калегі намагаемся на адносна невялікай тэрыторыі рабіць вялікую справу. Экспазіцыі папаўняюцца за кошт падарункаў не толькі беларусаў, але і замежных гасцей: кітайскія студэнты падарылі нацыянальныя сувеніры, госці з Украіны прывезлі Велікодныя яйкі. Папоўнілі нашу залу лялькі ў нацыянальных строях з выстаўкі “Жанчыны свету”, якая адбылася нядаўна (экспанаты былі ўзяты з маёй уласнай калекцыі).Ёсць у музеі і вучэбна-метадычная частка. У нас сабрана 130 выданняў па фальклоры, этнаграфіі, усіх аспектах беларускай культуры. Мы дапамагаем студэнтам у напісанні курсавых, дыпломных работ, дакладаў, даём навуковыя кансультацыі, забяспечваем літаратурай. Яшчэ адзін аспект нашай дзейнасці — згаданы ўжо турыстычны. Намі распрацавана больш за 50 маршрутаўпа нашай краіне. Я напісала кніжку “Каменны пояс Беларусі” — пра славутасці нашай зямлі, старажытныя гарады і мястэчкі. Яна выдадзена на беларускай і англійскай мовах.

— Хто наведвальнікі вашага музея і ці шмат іх?

— Дзверы ў нас адчынены штодзень з 10 да 14 гадзін. Наведваюцца беларускія і замежныя студэнты, стажоры і выкладчыкі Белдзяржуніверсітэта, прыходзяць госці, якія даведваюцца пра нас праз наш сайт www.museum.na.by. Усе экскурсіі —бясплатныя. Не так даўно мяне запрашалі на праграму радыёстанцыі “Беларусь”, якая вяшчае больш чым на 80 краін свету. Паступіла шмат пытанняў ад слухачоў. Прыемна было адзначаць, што людзям з розных краін цікавая наша культура.

— А хто праводзіць экскурсіі?— Звычайна я сама, таксама дапамагае Ганна Шваба. Напаследак хочацца сказаць і аб тым, што пры музеі створаны фальклорна-этнаграфічны студэнцкі гурт “Багач” — па назве аднаго з восеньскіх святаў. А яшчэ і таму, што мы, сучасныя беларусы, багатыя на традыцыі нашых продкаў. “Багач” выступіў на філфаку з калядаваннем, зараз рыхтуе абрад “Гукання вясны”, у перспектыве — пастаноўка беларускага вясельнага абраду. Цікавасць да нацыянальнай культуры, да мовы, народнай творчасці ў нашай моладзі — усё большае.

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА

Фота Юрыя ІВАНОВА