“Вокам” партызанскай перасоўкі

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

Кінематограф заставаўся “важнейшым з мастацтваў” нават у гады Вялікай Айчыннай вайны. Звычайна кінаапаратура і фільмы дасылаліся ў партызанскія фарміраванні з Вялікай зямлі. Але былі выпадкі, калі змагары выкарыстоўвалі кінаперасоўкі, што засталіся яшчэ з даваеннага часу. Напрыклад, у верасні 1941 года партызаны Палескай вобласці разграмілі варожы гарнізон у раённым цэнтры Лельчыцы і на працягу двух тыдняў утрымлівалі яго. У гэтыя дні ў мясцовым клубе была арганізавана дэманстрацыя савецкіх фільмаў.

А восенню 1941 г., у час наступлення гітлераўскіх войскаў на Маскву, у іхнім глыбокім тыле ў вёсках Быхаўскага і Прапойскага (цяпер — Слаўгарадскага) раёнаў Магілёўскай вобласці, партызанская кінаўстаноўка дэманстравала фільм пра разгром нямецкіх рыцараў на Чудскім возеры. Як клятва, як заклік да змагання гучалі з экрана словы Аляксандра Неўскага: «Але калі хто з мячом да нас прыйдзе — ад мяча і загіне!» 

Хто стаў першым ваенным кінамеханікам?
Здараліся выпадкі, калі асобныя патрыёты хавалі кінаперасоўкі, што засталіся з даваеннага часу, каб перадаць іх партызанам. Напрыклад, жыхарка вёскі Млынок Капаткевіцкага раёна Палескай вобласці З.Жарнасекава, муж якой працаваў да вайны ў Капаткевічах кінамеханікам, схавала ад фашыстаў яго апаратуру. Пра гэта даведаліся ворагі. Некалькі разоў яны рабілі ў яе доме вобыск, пагражалі сям’і расстрэлам, але нічога не знайшлі. У 1943 г. Зінаіда Іванаўна перадала перасоўку ў партызанскі атрад імя Міхайлоўскага.
Вядома, што ў пачатку вайны ніхто нават і марыць не мог пра кіно. Але, калі летам 1942 года мелі больш-менш рэгулярную сувязь з Вялікай зямлёй, атрады Віцебскай вобласці звярнуліся ў Беларускі штаб партызанскага руху з просьбай прыслаць кінаперасоўку. Нягледзячы на тое, што было даволі небяспечна збіраць пад адным дахам шмат партызан і камандзіраў, просьбу задаволілі.

 /i/content/pi/cult/206/2419/Front1.jpg

С.Жарнасекаў. За ўдзел у партызанскім руху, кінаабслугоўванне партызан і насельніцтва ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У чэрвені 1942 года да іх прыбыў з кінаперасоўкай
і дакументальнай стужкай “Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой” кінамеханік С.Жарнасекаў.
Нягледзячы на павелічэнне выдаткаў на абарону і строгі рэжым эканоміі, СНК СССР у 1942 годзе выдзеліў на стварэнне кіначасопіса і набыццё кінаперасовак для абслугоўвання партызан і насельніцтва акупіраванай тэрыторыі Беларусі 343 тысячы рублёў. На гэтыя сродкі Упраўленне кінафікацыі БССР наладзіла штомесячны выпуск кіначасопіса “Савецкая Беларусь”, набыло некалькі перасовак, стужак, падрыхтавала групу механікаў для работы ў варожым тыле.
У партызанскія зоны Беларусі з Вялікай зямлі накіроўваліся аператары-дакументалісты. У 1943 г. у Полацка-Лепельскую зону прыбылі кінааператары М.Пісараў, А.Рэйзман, М.Сухава, С.Школьнікаў. Яны здымалі баявыя эпізоды, побыт партызанаў і насельніцтва, удзельнічалі ў баявых аперацыях. Кінакадры, адзнятыя М.Сухавай, увайшлі ў фільмы «Народныя мсціўцы», «Вызваленне Савецкай Беларусі», «Вялікая Айчынная», «Дарога без прывалу».У студзені 1943 г. СНК БССР накіраваў у тыл ворага трох кінамеханікаў — В.Феакцістава, Г.Максімава і Д.Нікалаенку — з перасоўкамі і фільмамі для работы ў партызанскіх фарміраваннях. Такім чынам, на Віцебшчыне аказаліся адна гукавая перасоўка са стужкамі “Сакратар райкама”, “Канцэрт фронту”, чатырма кіначасопісамі “Савецкая Беларусь”, карцінай пра разгром нямецкіх войскаў пад Сталінградам, а таксама тры перасоўкі для нямых фільмаў. Разам з імі прыбылі карціны “Ленін у кастрычніку”, “Пётр Першы”, “Чапаеў”, “Памылка інжынера Кочына”, “Юнацтва Максіма”, “Вяртанне Максіма” і 10 кіначасопісаў.
Пяць перасовак былі накіраваны ў Мінскую, Магілёўскую, Вілейскую, Палескую вобласці і Слуцкі раён. Мінскі штаб партызанскага злучэння атрымаў дзве кінаўстаноўкі і некалькі фільмаў, якія дэманстраваліся для партызан і насельніцтва Любанскага, Слуцкага, Старадарожскага, Мінскага, Барысаўскага, Старобінскага, Капыльскага, Грэскага, Чырвонаслабодскага, Рудзенскага і Чэрвеньскага раёнаў. Было запланавана даслаць у тыл ворага яшчэ дзесяць і стварыць рэзерв з пяцідзесяці кінаперасовак.
Факт з’яўлення савецкiх фiльмаў на часова акупiраванай фашыстамi тэрыторыi Беларусi адзначала газета “Савецкая Беларусь”: “…
З радасным хваляваннем сустракаюць партызаны і насельніцтва акупіраваных раёнаў Беларусі прыбыццё кінаперасовак, якія дэманструюць савецкія кінафільмы”.
Для дэманстрацыі ў тыле ворага падбіраліся фільмы патрыятычнага зместу. З поспехам дэманстраваліся кіначасопісы «Савецкая Беларусь». У 10-хвілінных выпусках часопіса змяшчаліся рэпартажы з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, расказвалася пра гераічныя подзвігі воінаў-беларусаў, самаадданую працу нашых землякоў у савецкім тыле, дзейнасць народных мсціўцаў. У кіначасопісах і кароткаметражных кіназборніках выкрываліся зверствы фашыстаў на савецкай зямлі, іх чалавеканенавісніцкая ідэалогія.
Фільм, агучаны ў атрадзе Аб тым, якое ўздзеянне аказваў паказ савецкiх фiльмаў, распавядаў адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Любанскім раёне А.Баравiк. “У нас на востраве Зыслаў пабудаваны аэрадром, куды прыляталі і прызямляліся савецкія самалёты, што прывозілі партызанам узбраенне, боепрыпасы, газеты, лістоўкі... Разам з гэтым грузам з Вялікай зямлі былі дастаўлены кінаапараты і кінакарціны. Да кінаапаратаў дадаваліся дынамамашыны, якія трэба было круціць уручную, у выніку чаго выраблялася электраэнергія, што давала магчымасць дэманстраваць фільмы.
Кінаапарат і тры кінафільмы — “Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой”, “Ленін у Кастрычніку”, “Хлопец з нашага горада” — мы атрымалі ў Мінскім штабе партызанскага руху.
Кіно дэманстравалі для партызан — у лясных лагерах, а таксама для насельніцтва — у вёсках. Каб ажыццявіць паказ кінакарцін у вёсках, мы выстаўлялі па ўсіх дарогах вакол гэтых населеных пунктаў баявую ахову. Перад кіно праводзіліся палітінфармацыі, зачытваліся зводкі Совинформбюро. Як правіла, на кінасеансы прыходзілі ўсе, хто мог, — ад старога да малога. Пад час дэманстрацыі кінакарціны людзі плакалі ад радасці”.
Аб дэманстрацыi кiнафiльмаў у тыле ворага пакiнуў успамiны кiнамеханiк 12-й кавалерыйскай брыгады I.I. Насевiч: “У нас была “нямая” кінаўстаноўка і тры кінафільмы “Чапаеў” з дадаткам кіназборніку “Чапаеў у Айчыннай вайне”, “Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой” і “Хлопец з нашага горада”. Кінафільм “Хлопец з нашага горада” быў прызначаны для нямога кінапаказу і меў цітры, якія я чытаў услых у час дэманстрацыі фільма. Астатнія кінастужкі надпісаў не мелі, і тэкст даводзілася прыдумляць самому, балазе да вайны працаваў настаўнікам гісторыі. У атрадзе быў баяніст, якога я запрашаў для музычнага суправаджэння фільмаў. Па ходзе дзеянняў, што адбываліся на экране, ён ціхенька найграваў музычныя мелодыі, быццам агучваючы кінафільм.

 /i/content/pi/cult/206/2419/Front2.jpg


Першым фільмам, паказаным мною, быў “Чапаеў”. Ён дэманстраваўся ў брыгадным шпіталі па просьбе параненых партызан. Замест экрана мы выкарыстоўвалі звычайную прасціну. Бачачы на экране праслаўленага героя грамадзянскай вайны В.І. Чапаева, партызаны плакалі ад радасці. А калі пачаў дэманстравацца кіназборнік “Чапаеў у Айчыннай вайне”, параненыя з воклічам: “Бі іх, Васіль Іванавіч!” — пачалі ўскокваць з ложкаў. Кінакадры, у якіх паказвалася, як Чапаеў зніштажае фашыстаў, давялося паўтараць некалькі разоў.
Вестка пра кіно хутка распаўсюдзілася сярод партызан і грамадзянскага насельніцтва. Камандзіры атрадаў патрабавалі паказаць кіно ў іх атрадах. Фільмы пачалі сістэматычна дэманстравацца ва ўсіх атрадах брыгады, у суседніх партызанскіх брыгадах і вёсках Краснаслабодскага раёна”.
Кіно — пад аховай
У летні перыяд фільмы дэманстраваліся ў лесе або ў калгасных свірнах, дзе магла сабрацца вялікая колькасць людзей. Зімой для гэтай мэты выбіралі звычайна самую вялікую хату ў вёсцы. Партызаны надзейна ахоўвалі населеныя пункты, дзе адбываліся прагляды. Часта пасля сеансаў арганізоўвалі мітынгі. Напрыклад, пасля дэманстрацыі кінафільма “Чапаеў” у вёсцы Буда Лунінецкага раёна адбыўся мітынг, на якім партызаны, што ішлі на баявое заданне, далі клятву выканаць яго па-чапаеўску.
Былы камандзір атрада 3-й Беларускай партызанскай брыгады, якая дзейнічала на Віцебшчыне, I.А. Котаў успамінае: “У жніўні 1942 года ў атрад прыбыла з брыгады кінаперасоўка. Партызаны дапамаглі перанесці апаратуру ў атрад. Першы сеанс кінакарціны “Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой” быў паказаны ў атрадзе. Усе гледачы апладзіравалі нашым доблесным воінам.
Камандаванне вырашыла паказаць фільм насельніцтву вёсак Залессе і Узніцы. На ўскрайку вёскі Залессе, у хляве, паставілі апаратуру. Вакол выставілі ахову (за два кіламетры быў варожы гарнізон). У кіно сабраліся ўсе жыхары вёскі — і старыя, і малыя. Яны былі па-святочнаму апрануты, адчуваліся падцягнутасць і дысцыплінаванасць.
Перад пачаткам сеанса кінамеханік С.В. Жарнасекаў расказаў пра становішча на франтах… У час дэманстрацыі карціны ўсе неяк забыліся, што жывуць сярод немцаў, што ў кожную хвіліну ім пагражае смерць. Пасля кінафільма гледачы ўсміхаліся і ажыўлена размаўлялі”.
Колькі было ваенных кінасеансаў?
Устанавiць колькасць кiнасеансаў, праведзеных на акупiраванай тэрыторыi Беларусi, немагчыма, бо такi ўлiк не вёўся. Але нават асобныя факты сведчаць аб тым, што, нягледзячы на цяжкiя ўмовы акупацыi, у тыле ворага была праведзена значная колькасць кiнапаказаў, на якіх прысутнічалі дзесяткi тысяч партызан i насельнiцтва рэспублiкi. У другой палове 1942 года стужка “Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой” дэманстравалася для партызанаў і насельніцтва Віцебскай вобласці каля трохсот разоў. Яго прагледзела звыш 50 тысяч чалавек. У Мінскай вобласці за гады Вялікай Айчыннай вайны было наладжана 2000 кінасеансаў, на якіх прысутнічала 178 тысяч чалавек. Толькі ў вёсцы Вялікі Радзівон Баранавіцкай вобласці на паказ кінастужкі “Хлопец з нашага горада”, што адбыўся ў першамайскія дні 1944 года, сабралася каля дзвюх тысяч жыхароў з навакольных вёсак.
Беларускія кінамеханікі дэманстравалі фільмы не толькі для партызанаў і насельніцтва сваёй рэспублікі, але і для народных мсціўцаў Украіны.
Зімой 1943 года на Беларускае Палессе прыбыла дывізія партызанскага злучэння С.А. Каўпака. Калі там даведаліся, што ў мясцовых партызанаў ёсць кінаўстаноўка і савецкія фільмы, камандзір дывізіі П.П. Вяршыгара звярнуўся да камандавання 12-й кавалерыйскай брыгады з просьбай паказаць фільмы ўкраінскім партызанам. Да каўпакоўцаў быў накіраваны кінамеханік I.I. Насевіч, які цягам месяца абслугоўваў кінасеансамі ўсе палкі дывізіі.
Савецкія кінафільмы разам з іншымі сродкамі культурна-дасугавай дзейнасці адыгралі вялікую ролю ў ідэалагічным выхаванні партызан і мірнага насельніцтва. Гэта былі вымушаны прызнаць і самі фашысты. Генерал фон Бах, адзначаючы высокі баявы і маральны дух партызан Віцебшчыны, пісаў: “Настрой… бандытаў (Так ён называў партызанаў. — А.П.) Расонскай зоны можна ахарактарызаваць як паўсюдна добры. Ён умела падтрымліваецца з дапамогай кінафільмаў, радыёпрапаганды, лістовак і вуснай прапаганды.
Поспехі Чырвонай Арміі прапагандуюцца ўсімі даступнымі сродкамі. Так, нядаўна нам удалося захапіць кінафільм пра абаронцаў Сталінграда, які, без сумнення, зрабіў сваё ўздзеянне…”
Цяжкасці ваеннага часу не дазволілі наладзіць кінаабслугоўванне партызанаў і насельніцтва ва ўсіх абласцях рэспублікі. Яно было арганізавана толькі ў Баранавіцкай, Віцебскай, Мінскай і Палескай абласцях — там, дзе партызанскі рух быў больш распаўсюджаны і мелася надзейная авіясувязь з Вялікай зямлёй. Самая значная колькасць кінаперасовак працавала на Віцебшчыне. Гэтаму садзейнічалі адносна спрыяльныя ўмовы для пранікнення ў тыл ворага: блізкасць фронту і існаванне ў 1942 г. Віцебскіх варот. Кiно ва ўмовах акупацыi выкарыстоўвалася менш шырока ў сувязi з цяжкасцямi дастаўкi, асаблiвасцямi тэхнiкi дэманстрацыi, адсутнасцю апаратуры, кiнаплёнак, запасных частак. Стужкі дэманстравалiся, у асноўным, у партызанскiх атрадах i злучэннях, а таксама для насельнiцтва, якое пражывала ў партызанскiх зонах.

Аляксандр ПАЦЫЕНКА,
кандыдат педагагічных навук,
дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта
культуры і мастацтваў