Леў Талстой пад час прагулкі каля сядзібы ў Яснай Паляне. |
Папулярнасць Льва Талстога яшчэ пры яго жыцці на Беларусі была вялікай: неаднаразова праходзілі чытанні твораў, лекцыі пра пісьменніка, ставіліся п’есы. На пачатку ХХ стагоддзя ў Бабруйску, Віцебску, Гомелі і Мінску адбыліся інсцэніроўкі твораў “Власть тьмы”, “Живой труп”, “Воскресенье”, “Анна Каренина”, “Крейцерова соната”.
Нават людзі непісьменныя, як казаў Цішка Гартны, ведалі імя Льва Талстога. Сяляне, настаўнікі, гімназісты звярталіся з лістамі да расійскага пісьменніка з самымі рознымі мэтамі: знайсці адказ на пытанні па грамадскіх, жыццёвых, духоўных праблемах, набыць кнігі, папрасіць матэрыяльную дапамогу на вучобу ці іншую патрэбу, атрымаць параду аб тым, як жыць.
Льва Талстога прыцягвалі шчырыя лісты-споведзі простых людзей. Да іх адносіцца і ліст на 42 старонках вучнёўскага сшытка маладой дзяўчыны Агаф’і Цішковай з Магілёўскай губерні, дасланы пісьменніку ў 1910 годзе. Класік слова быў настолькі ўражаны жыццяпісам беларускі, яе адкрытасцю і шчырасцю, што вырашыў даслаць рукапіс ліста для апублікавання разам са сваёй “Прадмовай” у адну з найбольш распаўсюджаных на той час у Расіі газету “Русское слово”.
Былі ў Льва Талстога кантакты і з прадстаўнікамі беларускай культуры ды навукі. Больш за 10 гадоў доўжылася перапіска з Мар’янам Здзяхоўскім — ураджэнцам Ракава, вядомым літаратурным дзеячам, прафесарам Кракаўскага і Віленскага універсітэтаў. Быў знаёмы з расійскім пісьменнікам і вядомы беларускі этнограф ды гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі: іх звязвалі агульныя літаратурна-выдавецкія справы.
Фрагмент экспазіцыі выстаўкі. |
Пэўны час жыў у Яснай Паляне і выконваў сакратарскія даручэнні С.Беленькі, колішні жыхар Віцебска. Ён займаўся перапісваннем старых і новых твораў Льва Талстога, штодзённа сустракаўся і гутарыў з ім. Вядома, што пісьменнік неаднаразова распытваў яго пра Беларусь, яе гісторыю, культуру і прамысловасць. Ён задаваў пытанні асобна і пра Магілёў, дзе ў свой час спыняўся Аляксандр Пушкін праездам на Каўказ і дзе хацеў пабываць сам у сувязі з працай над раманам “Вайна і мір”.
У гэтым творы адлюстраваны падзеі, што адбываліся і на беларускай зямлі: трэці том эпапеі пачынаецца з апавядання пра Дрыскі лагер рускай арміі, пра генерала Раеўскага і Магілёўскую зямлю; на Віцебшчыне ж змагаўся Паўлаградскі гусарскі полк, у якім служыў Мікалай Растоў.
Акрамя лістоў, у “Стальным пакоі” захоўваюцца шматлікія тэлеграмы з Беларусі: з Мінскага літаратурна-артыстычнага таварыства, Мінскай гарадской публічнай бібліятэкі імя А.Пушкіна, Бабруйскай публічнай бібліятэкі і інш. У зваротах беларускай грамадскасці з хваляваннем гучалі словы прызнання і падтрымкі: “Вам выпал исключительный удел: подняться на высочайшие вершины сомнений и веры и проникать в глубочайшие бездны человеческого падения в поисках истины…”, выказвалася пажаданне, каб пісьменнік і надалей вучыў людзей “тому, как должно и можно жить”.
Так сёння выглядае дом у Яснай Паляне, дзе жыў Леў Талстой. |
Асобныя беларускія матэрыялы “Стальнога пакоя” экспануюцца сёння ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры на выстаўцы “Жыццё Л.М. Талстога ў фотаздымках сучаснікаў”. Акрамя рэдкіх фатаграфій Льва Талстога, яго сям’і, акружэння, у экспазіцыі прадстаўлены прыжыццёвыя выданні, беларускія пераклады і аўтографы.
У рамках культурна-адукацыйнага праекта адбылася творчая сустрэча прадстаўнікоў літаратурнага музея, бібліятэк і дырэктараў рэспубліканскіх музеяў Мінска з загадчыкам навукова-даследчай лабараторыі “Школа Талстога”, дырэктарам музея Л.М. Талстога В.Рэмізавым. Узнімаліся пытанні, звязаныя з выяўленнем і перасылкай з Масквы асобных копій дакументаў беларускага паходжання, якія захоўваюцца ў “Стальным пакоі”. У сваю чаргу, прадстаўнікі расійскага музея праявілі цікавасць да матэрыялаў нашых архіваў, што звязаны з асобай Льва Талстога. Беларуска-расійскі праект будзе доўжыцца да канца мая. На выстаўцы таксама плануецца дэманстрацыя эксперыментальнага фільма “Таямніцы “Стальнога пакоя”, які дазволіць раскрыць загадкі Талставіяны, а таксама атрымаць уяўленне пра незвычайнае фондасховішча, дзе змешчана і частка беларускай спадчыны. Даследаванне яе, магчыма, запатрабуе яшчэ не аднаго дзесяцігоддзя.
Ірына ЛАПЦЁНАК,
кандыдат філалагічных навук, намеснік дырэктара
Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры