Працэс пайшоў!

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

25 красавіка ў Музеі гісторыі беларускага кіно адкрылася выстаўка работ тэатральных мастакоў “Вынікі сезона 2008 — 2009”. Калі летась айчынныя сцэнографы радаваліся ўжо таму, што справаздачныя выстаўкі змаглі-такі адрадзіцца, і прадстаўлялі на суд наведвальнікаў лепшыя, на іх погляд, творы, то сёлета яны былі пастаўлены ў больш жорсткія рамкі: работы для экспазіцыі мусілі быць створаны ў бягучым сезоне.

 /i/content/pi/cult/206/2415/Praces.jpg

Звычайна глядач сутыкаецца з работай мастака-сцэнографа толькі на прэм’еры — ужо ў выглядзе, прынятым тэатрам. Але ж не меншы, а для спецыялістаў — прынцыпова больш важны, інтарэс прадстаўляюць макеты і эскізы да спектакляў, якія дазваляюць убачыць, зразумець эвалюцыю мастакоўскай думкі, улавіць ідэю прасторавага вырашэння і ўвасаблення таго ці іншага драматургічнага твора. Яшчэ і з гэтай прычыны было цікава ўбачыць макеты да гучных спектакляў апошняга часу.
Сцэнографы прадэманстравалі багатую палітру сваіх работ на сцэнах большасці сталічных тэатраў. І прыемна адзначыць, што ў полі іх інтарэсаў — не толькі драматычныя спектаклі, але і лялечныя, работа над тэатралізаванымі шоу. Да таго ж, на выстаўцы прадстаўлены плён супрацоўніцтва нашых мастакоў тэатра з калектывамі блізкага і далёкага замежжа: Расіі і Славакіі, украінска-беларускімі творчымі праектамі.
А вось айчынныя рэгіёны, на жаль, аказаліся прадстаўленыя няпоўна: усяго толькі некалькімі макетамі да пастановак у Магілёўскім абласным драматычным тэатры (“Апошняя жанчына сеньёра Хуана” Л.Жухавіцкага, сцэнаграфія — Андрэя Меранкова, і “Вераб’іная ноч” А.Дударава паводле У.Караткевіча, сцэнаграфія — Алесі Снапок-Сарокінай), Гродзенскім абласным драматычным тэатры (“Ноч Гельвера” І.Вілкіста, сцэнаграфія — Таццяны Сакалоўскай), Слонімскім беларускім драматычным тэатрам (“Спакуса” А.Якімовіча, сцэнаграфія — Аляксандра Толкача) а таксама эскізамі і
 /i/content/pi/cult/206/2415/Praces2.jpg
фотаздымкамі да оперы “Яўгеній Анегін” П.Чайкоўскага Маладзечанскага маладзёжнага музычнага народнага тэатра (сцэнаграфія — Дзмітрыя Мохава).
Прыемна адзначыць, што гэтым разам мастакоўская моладзь ужо не выглядала сціпла на фоне сваіх старэйшых калег, а была годна прадстаўленаработамі згаданых вышэй Алесі Снапок-Сарокінай, Ігара Анісенкі, Дар’і Волкавай, Вольгі Мацкевіч, Андрэя Меранкова і іншых. І, як сказаў пад час адкрыцця мастак Дзмітрый Мохаў, сёння ўжо не маладыя сцэнографы, а старэйшае пакаленне мусіць шукаць спосабы “ўпісацца” ў новую сцэнаграфічную плынь. Нягледзячы на сціпласць сёлетняй выстаўкі, яна ўсё ж дала магчымасць “на іншых паглядзець ды сябе паказаць”, а акрамя гэтага — дазволіла шырокаму колу тэатральнай грамадскасці скласці больш поўную карціну тых працэсаў, што адбываюцца сёння ў беларускай сцэнаграфіі, выяўляючы яе перспектыўныя шляхі і накірункі развіцця.

Таццяна КОМАНАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА
На здымках: 1. Дар’я Волкава. Макет да спектакля
“Нататкі звар’яцелага музыканта” паводле М.Гогаля;
2. Уладзімір Чарнышоў. Эскіз да спектакля “Навальніца”
паводле А.Астроўскага.