Тэмперамент мядовай расы

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

“Родная зямля” — так называецца юбілейная выстаўка магіляўчаніна Мікалая Ліханенкі ў мінскім Палацы мастацтва, прысвечаная 60-годдзю творцы.

 /i/content/pi/cult/206/2412/Temperament.jpg
М.Ліханенка. “Холмскія вароты”.

Ураджэнец вёскі Цінькава, што на Крычаўшчыне, ён у 1971 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута, дзе вучыўся ў выдатных педагогаў Фелікса Гумена і Івана Сталярова, заснавальнікаў так званай віцебскай школы акварэлі. Пасля заканчэння вучобы Мікалай Іванавіч вярнуўся на радзіму, у Магілёў, дзе і сёння паспяхова працуе ў акварэльным жывапісе, а таксама выкладае ў мясцовым вучылішчы культуры.
Колькі соцень акварэлей створана за амаль што 40 гадоў творчасці, мабыць, аўтар і сам не ведае. Але практычна ўсе яны прысвечаны роднай прыродзе, малой радзіме і наогул усёй той прыгажосці і паэзіі жыцця, што бачыць мастак усюды, куды б яго не закінуў творчы лёс. Таму Мікалай так любіў вандраваць з эцюднікам не толькі па Беларусі, але і па розных маляўнічых мясцінах былога Савецкага Саюза.
Акварэль М.Ліханенкі — насычаная і свежая, як мядовая раса, энергічная і тэмпераментная. Часам яго акварэлі, асабліва апошнія, дасягаюць “карціннай” сілы, як у лістах “Скрыпень”, “Задуменныя дні восені”, “Лістапад”, “Вялікая Губа”; часам глядзяцца як добра скампанаваныя эцюды, напісаныя непасрэдна з натуры. Лад вялікіх, як правіла, лістоў прадвызначаны характарам матэрыялу: форма, каларыт, фактура ўзнікаюць у энергічным руху пэндзля з боку ў бок ліста — так нараджаецца зразумелая сістэма плоскасцей-прастораў, якія то перасякаюцца, то перацякаюць адна ў адну, то разрываюцца так, што ў прасветах адкрываюцца невядомыя, невымоўныя далячыні. Усё гэта складае духоўную прастору мастацтва Ліханенкі, дзе ўвасабляюцца яго думкі, пачуцці, сардэчныя радасць і боль, а часам — вострая настальгія па дзяцінстве і юнацтве.
Вось што кажа пра гэта сам мастак: “Усё, што акаляла мяне тады, здавалася напоўненым сэнсам, гармоніяй і прыгажосцю. Вельмі хацелася зразумець гэтую прыгажосць і перадаць пачуцці, якія перапаўнялі мяне, іншым людзям. Жаданне быць мастаком прыйшло менавіта ў гэты час...”
Так, ён, Мікалай Ліханенка, стаў добрым мастаком. Можа, адным з найбольш паэтычныху нашай краіне менавіта ў гэтай галіне пейзажнага жывапісу (акварэль я залічваю да жывапісу, а не да графікі), таму што яго лепшыя работы напоўнены высокай лірыкай, цёплым светам, добрым настроем, жыццялюбствам.
Але, па вялікім рахунку, асабіста мне хацелася б пабачыць у творчасці мастака апошніх гадоў больш нейкай “эксперыментальнай” навізны, свежых пошукаў не толькі ў “сюжэтах”, але і ў акварэльнай “тэхналогіі”. Калі я ішоў з выстаўкі, мяне не пакідала пачуццё, што і ранейшыя творы, скажам, 1980-х гадоў (іх у экспазіцыі, праўда, няшмат, але я добра ведаю творчасць мастака і той пары, і 1970-х гадоў), і апошнія, новага стагоддзя, — зроблены на адной пачуццёва-эмацыянальнай і тэматычнай струне. А вельмі хацелася б паслухаць і трошкі іншую музыку “новага часу”, бо творчы патэнцыял у Ліханенкі вельмі высокі... Хаця глядач можа і не пагаджацца з такой пастаноўкай пытання: як кажуць, ад дабра дабра не шукаюць.
Магчыма...

Б.К.