Свабода эксперыменту... ...і эцюднік за плячыма

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

У Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстаўка твораў Мікалая Аўчыннікава, які з’яўляецца непаўторным мастаком-акварэлістам, што звязаў сваё творчае жыццё з горадам — культурным спадарожнікам Мінска — Маладзечнам.

 /i/content/pi/cult/206/2411/Svaboda.jpg
М.Аўчыннікаў. “Каляровыя сны пасля пленэру, прысвечанага Язэпу Драздовічу. № 1”.

Ён не менш вядомы ў сталіцы, чым у горадзе, дзе жыве, працуе, з якога чарговы раз выязджае ў творчыя падарожжы па Беларусі і за яе межы. Мастак актыўна заявіў пра сябе з сярэдзіны 1970-х як прадстаўнік так званай віцебскай школы акварэлі, вучань Ф.Гумена і І.Сталярова, дэманструючы неверагодную тэхнічную віртуознасць, свабоду эксперыментаў і маляўнічых імправізацый. Тэмы твораў — шматлікія гістарычныя мясціны Беларусі: “Ракуцёўшчына”, прысвечаная М.Багдановічу, “Залессе. Паланез” — Агінскаму. Паказвае Аўчыннікаў і помнікі археалогіі, культуры ды архітэктуры ХІІ — ХVIII стст.: “Спаса-Еўфрасіннеўская царква. Полацк”, “Навагрудак”, “Мядзельскае гарадзішча”, “Млын у Гарадку”. Гэтыя і іншыя рэгіёны мастак абышоў уздоўж і ўпоперак з эцюднікам за плячыма, спазнаўшы радасць ад новых уяўленняў, спасціжэнняў і адкрыццяў.
Рамантычныя матывы з архітэктурнымі дамінантамі, помнікамі мінуўшчыны, вясковай драўлянай архітэктурай ён таксама знаходзіць і за межамі роднай краіны, пра што расказваюць цыклы “Драўлянае дойлідства Поўначы” і “Салавецкія астравы”.
У апошняе дзесяцігоддзе Мікалай Аўчыннікаў спрабуе свае творчыя пошукі перанесці за межы рэальных асацыяцый. Гэта свет цалкам містычны, экспрэсіўна-абстрактны. Жывапісец працуе на вялікіх памерах і яго фігуратыўныя кампазіцыі серыі “Прадчуванне” ўспрымаюцца бясконцым акіянам жывапісных хваляў, стыхійных пачуццяў. Дзякуючы акварэльнай абагуленасці мастаку ўдаецца парушаць межы рэальнага і вобразнага ды ствараць паэтызаваныя нацюрморты, краявіды і віртуозныя фармальныя кампазіцыі.
Дадзеная экспазіцыя ўключае найбольш характэрныя для Аўчыннікава акварэльныя творы, дзе ён застаецца пазнавальным і гарманічным.

Людміла НАЛІВАЙКА,
кандыдат мастацтвазнаўства