Чарнобыль: новы этап вырашэння праблем

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

У дзень 21-ых угодкаў катастрофы на ЧАЭС Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Быхаўскі раён Магілёўшчыны, пацярпелы ад радыяцыі. Кіраўнік дзяржавы пазнаёміўся з ходам вясенне-палявых работ, сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна, рэалізацыяй Дзяржпраграмы развіцця малых гарадоў, прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме, што праходзіў у Быхаве.

Вырашэнне чарнобыльскіх праблем, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, знаходзіцца цяпер на новым этапе: ажыццяўляецца пераход ад рэабілітацыі пацярпелай тэрыторыі да яе развіцця. Натуральна, пры строгім захоўванні неабходных мер па радыяцыйнай ахове. На гэта і скіравана Дзяржаўная праграма па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2006 — 2010 гады. Яе прыярытэты — узнаўленне здароўя і паляпшэнне якасці жыцця пацярпелага насельніцтва. Асноўныя сродкі будуць накіраваны на развіццё Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ліквідацыя катастрофы і яе наступстваў запатрабавала вялізных матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў. За мінулыя гады дзяржава выдаткавала больш за 17 млрд. долараў  толькі бюджэтных сродкаў. Яшчэ столькі ж укладзена з пазабюджэтных фондаў.Стварэнне бяспечных умоў жыцця людзей на тэрыторыях, пацярпелых у выніку Чарнобыльскай катастрофы, — галоўная задача беларускага кіраўніцтва, падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Паводле матэрыялаў БелТА