Знайсці адказ за 60 секунд

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

У палітры забаўляльных шоу і перадач на айчынных тэлеканалах нарэшце з’явіўся і аналаг любімага многімі элітарнага інтэлектуальнага клуба “Што? Дзе? Калі?”. Уладальнікам першай Крыштальнай савы ў прэм’ернай серыі беларускага тэлеклуба стаў Раман АЛЬШЭЎСКІ. У мінулым супрацоўнік нашай газеты, сёння ён на старонках “К” у іншай іпастасі.

 /i/content/pi/cult/206/2409/Roman.jpg

Адказваць — больш упэўнена!
— Раман, як табе — удзельніку праграмы — спадабалася тое, што ты ўбачыў у выніку на тэлеэкране?
— Сапраўды, паглядзець на тое, як усё гэта выглядала збоку, было цікава: паназіраць, як усё спрацуе, што атрымаецца пасля мантажу. Павінен сказаць, для выхаду беларускай тэлевізійнай версіі “Што? Дзе? Калі?” наша АНТ зрабіла такую сур’ёзную падрыхтоўчую работу, якая, да прыкладу, на Украінскім і Азербайджанскім тэлебачанні доўжылася прыкладна паўтара года. Надзвычай складаная праца аператара: “лавіць” дзею з трох пунктаў і сачыць за ўсімі нюансамі гульні. І, безумоўна, было цікава паглядзець збоку не толькі на саму “карцінку”, але і на сябе: адсачыць паводзіны, міміку. Кожны раз грымёры прыдумлялі мне нейкую новую прычоску, і ўжо на стадыі накладання грыму ўзнікала цікаўнасць: як гэта будзе выглядаць на тэлеэкране? Убачыў, што я крыху нервуюся і ў мяне вельмі экспрэсіўная міміка, тым не менш, выказваюся ясна і шмат усміхаюся.
— А нейкія крытычныя высновы для сябе зрабіў?
— Трэба меней хвалявацца, вучыцца трымаць сябе перад тэлекамерай, паводзіць сябе і адказваць на пытанні больш упэўнена. Хаця гэта было вельмі складана: калі мы выходзілі да камер, не толькі мяне, маладога ў камандзе, але і больш вопытных ігракоў літаральна трэсла.
Калі выкладваешся па максімуме
— Напэўна, хваляванне — гэта натуральны стан іграка, і ўзнікае яно не толькі перад тэлекамерамі?
— Некаторы элемент хвалявання, канешне ж, ёсць, але ж калі ты іграеш у “Што? Дзе? Калі?” цягам дзесяці гадоў, цябе ўжо складана чымсьці здзівіць. Ёсць, канешне, свая спецыфіка ў элітарнага клуба “Што? Дзе? Калі?”. У спартыўных турнірах ты, да прыкладу, адказваеш на 600 пытанняў, бываюць яшчэ і турніры-марафоны — там ты іграеш 36 гадзін запар. І там зусім іншыя адчуванні: ведаеш, што калі дзесятку пытанняў прапусціў — далей можна нагнаць. А тут адзін неадказ — і ўжо нехта іншы замест цябе выйдзе ў лідэры. Таму на кожным пытанні выкладваешся па максімуме.
— Усе мы ў рознай ступені бываем “знатакамі”, калі, лежачы на канапе, “хварэем” за футбол, хакей, а нярэдка нават і тэлевізійных знатакоў абыгрываем, даючы адказы хутчэй за іх…
— Так, канапны знаток — гэта асаблівы тып, які заўсёды і ва ўсё іграе лепш! Нават калі ў зале стаіш, раз-пораз думаеш: пытанні ж, у прынцыпе, не складаныя... А варта пачаць самім іграць…
— У чым жа справа?
— Калі ты не за сталом, то, як правіла, меней напружаны.
— Дарэчы, акрамя моцных нерваў, што павінна быць у знатака на першым месцы: веды, сабранасць, хуткасць мыслення?..
— Безумоўна, аснова ўсяго — веды і эрудзіраванасць. Знаток — ад слова “знать”. Калі ты чагосьці не ведаеш — чытай! Андрэй Духоўнікаў, адзін з маіх першых трэнераў, так і казаў: “Хлопцы, замест таго, каб у “Што? Дзе? Калі?” іграць, кніжкі б разумныя чыталі”. Таму, канешне, ведаць патрэбна шмат.Другі, не менш важны, навык — уменне лагічна разважаць. Ёсць тэрмін “знаток”, а ёсць — “інтэлектуал”, які мне нават падабаецца больш. Напачатку ты яшчэ не ведаеш адказу на пытанне, а часам проста і не можаш яго ведаць, але праз хвіліну ў выніку лагічных разважанняў яго знаходзіш. І канешне ж, значную ролю адыгрывае асацыятыўнае мысленне — калі ты, да прыкладу, па асацыяцыі здольны зразумець, як, дапусцім, чукчы называюць ручны гадзіннік.
Сава — кілаграмы два
— Колькі важыць твая Крыштальная сава?
— Кілаграмы два. Спецыяльна не ўзважваў, але ўсе, хто бралі яе ў рукі, адчулі “вагу”.
— Дзе яна будзе займаць месца?
— Вось усе пра гэта пытаюцца! Зраблю для яе спецыяльны алтар, пастаўлю партрэт Мухіна… (Смяецца.) Ды не, будзе сабе стаяць на паліцы, на ганаровым месцы.
— Значыцца, ахвяр ёй прыносіць не будзеш?
— Чалавечых — не!
— Давай вернемся да ведаў: які “аб’ём” кніг ты прачытваеш зараз?
— Цяпер, на жаль, чытаю меней, чым калі быў школьнікам, студэнтам: шмат часу займае праца, прафесійная літаратура. Гэта, канешне, вельмі крыўдна, што інтэнсіўнасць чытання кніг памяншаецца. З іншага боку, многае чэрпаю для сябе ў Інтэрнеце, з задавальненнем “гартаю” “Вікіпедыю”.
— А як жа наконт таго, што Інтэрнет — гэта, так бы мовіць, не аўтарытэтная крыніца: там пішуць людзі без “ступеняў”, і факты гэтыя ніхто не пераправярае і не рэдагуе?
— На самой справе, тая ж “Вікіпедыя” вельмі няслаба правяраецца якраз людзьмі з навуковымі ступенямі, якім гэта проста цікава. Яны — прыхільнікі той ці іншай тэмы, а такія людзі,як правіла, ведаюць нейкія рэчы лепей, чым мэтры, спецыялісты. Гэта цікава, і свайму інтарэсу яны аддаюць усіх сябе. Бо ў “Што? Дзе? Калі?” пытанні будуюцца зусім не на канкрэтных ведах канкрэтных фактаў.
Фармат інтарэсу
— Не так і рэдка даводзіцца чуць папрокі на адрас нашага тэлебачання: маўляў, яно вельмі шмат закупляе заметных перадач, ток-шоу, гульняў, замест таго, каб прыдумаць штосьці сваё, арыгінальнае. Як думаеш, гэта слушна ў дачыненні да беларускага “Што? Дзе? Калі?”?
— А калі рэжысёр бярэцца паставіць спектакль — яму лепей напісаць сваю ўласную п’есу ці звярнуцца да добрай, праверанай часам драматургіі? Альбо, у што б пагуляць: у футбол, ці прыдумаць уласную гульню з нейкай квадратнай штукай, якую мы будзем кідаць рукамі пэўным спосабам?..
Я думаю, што гэты тэлевізійны праект аказаўся, безумоўна, цікавым. Тым больш, “Што? Дзе? Калі?” — гульня міжнародная, у яе насамрэч іграюць паўсюдна. На Беларусі велізарны рух — Беларуская ліга інтэлектуальных каманд — адно з самых вялікіх нашых грамадскіх аб’яднанняў. Адпаведна, і інтарэс да гэтай гульні вельмі вялікі.
— Можаш хаця б прыблізна акрэсліць, колькі беларусаў іграюць у “Што? Дзе? Калі?”?
— У дарослай лізе — прыкладна паўтары тысячы чалавек, і проста велізарны дзіцячы рух. У нас на вельмі добрую аснову пастаўлена работа з дзецьмі: літаральна ў кожным рэгіёне на ўзроўні палацаў дзяцей і моладзі іграюць у “Што? Дзе? Калі?”, праводзяцца рэгіянальныя турніры, абласныя, рэспубліканскія, міжнародныя, Гомель нават прымаў чэмпіянат Еўропы сярод школьнікаў. А потым дзеці вырастаюць і працягваюць іграць, узмацняючы ўжо дарослую лігу. Дарэчы, у Мінску, наколькі я ведаю, — самы вялікі па колькасці каманд клуб “Што? Дзе? Калі?” у свеце!
— Ёсць такая прыказка: “Рыбак рыбака бачыць здалёк”. Ці можаш ты абмаляваць характэрныя рысы іграка ў “Што? Дзе? Калі?”?
— Ён разумны, вясёлы, шмат ведае і любіць дзяліцца сваімі ведамі з іншымі. На самой справе, як людзі — усе розныя, такія ж розныя і ігракі ў “Што? Дзе? Калі?”. Ёсць сярод іх сапраўдныя “хадзячыя энцыклапедыі” — як, напрыклад, Анатоль Васэрман. А ёсць проста вясёлыя і завадныя людзі. Не трэба забывацца: “Што? Дзе? Калі?” — маладзёжны рух, у ім у большасці сваёй гуляюць студэнты, у якіх, відаць, найбольш вольнага часу. Пазней ужо камусьці праца не дазваляе, камусьці — сям’я, дзеці…
І пра “брэндавыя” фігуры
— Але ж “брэндавыя” фігуры “Што? Дзе? Калі?” зусім не маладыя.
— Наш Алесь Мухін— ён малады ці не?.. У параўнанні з Масквой — так, малады. Але ж, да прыкладу, на Украінскім тэлебачанні ў “Што? Дзе? Калі?” яшчэ больш маладое пакаленне, чым наша.
— Асабіста табе цікавей іграць у праверанай камандзе ці кожны раз — у новай?
— Надзейней, безумоўна, іграць са “сваімі”, калі ты дасканала ведаеш кожнага чалавека. У маёй мінулай камандзе, якая распалася зусім нядаўна, мы ігралі разам дзесяць гадоў і дакладна ведалі, у якіх пытаннях на каго можна спадзявацца. Таму ў складзе праверанай каманды, безумоўна, больш камфортна. З іншага боку, я заўсёды любіў “легіянерыць”, — у новай камандзе ты нібыта наноў вучышся іграць, адкрываеш ў сабе штосьці новае, спрабуеш іншыя ролі. І гэта таксама цікава.
— Вось ты кажаш: на Беларусі магутны рух і моцныя ігракі. Але мы, у асноўным, ведаем расійскіх…
— Па расійскіх адразу запытаюся: ведаеш, хто такі Антон Губанаў?
— …
— А між тым, каманда Антона Губанава — неаднаразовы чэмпіён свету па “Што? Дзе? Калі?” і ўзначальвае рэйтынг МАК ужо дастаткова доўгі час. Проста, ён не “іграе ў тэлевізар”. З іншага боку, мы якраз і спадзяёмся, што гэтая тэлевізійная серыя “Што? Дзе? Калі?” прыцягне ўвагу да саміх гульняў.
— У супрацьвагу “тэлевізійным” расійскім Анатолю Васэрману і Барысу Бурдзе, назаві хаця б аднаго з беларускіх ігракоў, каго ты лічыш моцным, цікавым…
— Улад Дронаў, які іграе са мной у адной камандзе, — некалі ў “Своей игре” ён “выбіў” з яе самога Барыса Бурду. Мы нават жартавалі, што менавіта таму той і не назваў яго цяпер лепшым іграком першай серыі. Хаця, канешне ж, Барыс Аскаравіч вышэй гэтага. Ён, дарэчы, вельмі мілы і прыемны чалавек. У адным з інтэрв’ю ў яго спыталіся: “Ці не здаецца вам, што разумных не любяць?” А ён адказаў: “Ведаеце, не любяць нудных і сумных, а разумныя і вясёлыя заўсёды былі “каралямі”. Я, — кажа ён,— быў невысокі і не з прыгажуноў, але разумны і вясёлы, дзякуючы чаму быў “шэрым кардыналам” свайго двара”.
— А ты ў двары кім быў?
— А я якраз дома сядзеў і кніжкі чытаў...
— Як ты бачыш сябе далей у гульні?
— Ды, па сутнасці, нічога не змянілася. Атрыманне мной Савы — у значнай ступені выпадковасць: як выйгрыш у казіно, які атрымліваецца дзякуючы азарту, рызыцы і пэўнай ступені ўдачы. Пашанцавала: выпалі “нашы” пытанні, дзякуючы якім мы і сыгралі 6:2, іншым жа камандам выпалі “не іх” пытанні… Хто ведае, што б было, калі б усё склалася іначай?..

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА

P.S. “Дарэчы, — згадаў напрыканцы нашай гутаркі Раман, — карыстаючыся выпадкам, віншую з надыходзячым Днём друку ўсіх сваіх калег-журналістаў, і асабліва — “Культуры”. Плёну вам і вострага пяра!”
Т.К.