І ружа, і “Руджа”...

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

Персідскія ўзоры на слуцкіх паясах даўно знаёмы беларусам. Не менш прыгожа выглядаюць і персідскія дываны, што вырабляюцца ў Іране цягам доўгіх стагоддзяў. Пазнаёміцца з імі змаглі і госці Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, дзе адкрылася выстаўка “З гісторыі мастацтва Ірана”, арганізаваная сумесна з Пасольствам Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь.

 /i/content/pi/cult/206/2407/Persy1.jpg

На выстаўцы прадстаўлены мастацкія дываны ручной работы, некаторыя з якіх вышыты скурай. Сярод іх — і унікальны дыван, чый узрост складае каля 250 гадоў.
Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця выстаўкі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, з 1995 года, калі быў падпісаны мемарандум аб культурным супрацоўніцтве, узаемасувязі паміж нашай краінай і Іранам пашыраюцца, набываюць дынамічны, паслядоўны характар і, галоўнае, узбагачаюць народы нацыянальнымі традыцыямі.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Сейед Абдала Хасейні, у сваю чаргу, падкрэсліў, што палітычныя адносіны паміж нашымі краінамі могуць быць устойлівымі, знаходзячыся ў правільным культурным рэчышчы.
Акрамя дываноў, на выстаўцы экспануюцца і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананыя ў тэхніцы інкрустацыі, эмалі, чаканкі, мазаікі, а таксама іранская мініяцюра і творы жывапісу Махмуда Фаршчыяна, у чыіх работах выразна прасочваюцца нацыянальныя традыцыі персідскай мініяцюры, усходні містыцызм.
Варта адзначыць, што ўрачыстая цырымонія адкрыцця выстаўкі суправаджалася музыкай у выкананні калектыву “Руджа”, у складзе якога — іранскія студэнты айчынных ВНУ.

Кастусь АНТАНОВІЧ
На здымкy: Віктар Кураш і Сейед Абдала Хасейні.
Фота аўтара