Ад кірыліцы — да ноў-хаў

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

Чарговым крокам у двухбаковым культурным супрацоўніцтве Беларусі і Балгарыі стала перадача кніг ад Пасольства Рэспублікі Балгарыя ў нашай краіне ў дар Нацыянальнай бібліятэцы. Гэта працяг плённай узаемасувязі паміж вядучымі бібліятэкамі дзвюх дзяржаў.

Пад час урачыстай цырымоніі па рашэнні Савета дырэктараў асацыяцыі “Балгарская кніга” і асабістай ініцыятыве Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Балгарыя ў нашай краіне Петкі Ганчава Нацыянальнай бібліятэцы былі перададзены кнігі, што ў лютым гэтага года былі прадстаўлены на XVI Міжнароднай Мінскай выстаўцы-кірмашы “Кнігі Беларусі”.|
Па словах Петкі Ганчава, яму выпаў гонар падарыць кнігі сапраўднаму цэнтру духоўнасці Беларусі, што здзівіў, найперш, сваёй вытанчанасцю, функцыянальнасцю і унікальнымі фаліянтамі. Пасол падкрэсліў, што яму прыемна дадаць да гэтых багаццяў і частку балгарскай духоўнасці. Дзякуючы такому кроку, у чытачоў Нацыянальнай бібліятэкі з’явілася магчымасць пазнаёміцца з сучаснай Балгарыяй, яе традыцыямі і найноўшымі навуковымі распрацоўкамі. Прадстаўлены кнігі самых выбітных пісьменнікаў, у прыватнасці, Антона Дончава, шмат спецыяльнай літаратуры, прысвечанай асобным відам мастацтва. Усяго ж балгарскі падарунак уключае больш за сто кніг.
У сваю чаргу, дырэктар НББ Раман Матульскі адзначыў, што нашы народы маюць старажытныя культурныя ўзаемасувязі, пачынаючы з дзейнасці святых асветнікаў Кірылы і Мяфодзія. Прыемна таксама бачыць, што сёння супрацоўніцтва не абмяжоўваецца толькі кнігаабменам. Па словах дырэктара бібліятэкі, адбываюцца сумесныя навуковыя даследаванні. У прыватнасці, у Балгарыі апошнім часам выйшлі публікацыі па гісторыі бібліятэчнай і кніжнай справы ў Беларусі.

К.А.