Васемнаццаты дэвіз

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

18 мая ў свеце 31-ы раз адзначаць Міжнародны дзень музеяў. Як і штогод, свята атрымала сёлета свой дэвіз.

Па традыцыі, з 1992 года Кансультатыўны камітэт Міжнароднага савета музеяў зацвярджае дэвіз святкавання. Сёлета ім стала тэма “Музеі і турызм”.
Нагадаем, дэвізамі папярэдніх дзён музеяў, у прыватнасці, былі “Музеі як рухаючая сіла сацыяльных змен і прагрэсу” — летась, “Музеі і сусветная спадчына” — пазалетась, “Музеі і нематэрыяльная спадчына” — у 2004 годзе, “Барацьба з незаконным зваротам культурных каштоўнасцей” — у 1997 — 1998-м, “Музеі і карэнныя народы” — у 1993 годзе. Першым слоганам, у 1992-м, стаў “Музеі і навакольнае асяроддзе”.
Дэвізы дазваляюць вылучыць найбольш важкія пытанні галіны для ўсебаковага іх разгляду і прыцягнення ўвагі праз экспазіцыю, што зазвычай працуе ў гэты дзень бясплатна.
У бліжэйшых нумарах “К” праінфармуе чытачоў аб тых імпрэзах, што рыхтуюцца прэзентаваць айчынныя музеі на сваё свята, а таксама на папярэднюю яму “Ноч музеяў”.