Упэўненасць у заўтрашнім дні

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

Штогод Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў дні чарговай гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС наведвае рэгіёны, якія пацярпелі ў выніку гэтай аварыі. Як паведамляе Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сёлета Кіраўнік дзяржавы знаёміўся з сітуацыяй на Гомельшчыне.

З 21 раёна гэтай вобласці ў выніку аварыі на ЧАЭС пацярпела 18. Толькі ў 2008 годзе на пераадоленне наступстваў аварыі па дзяржпраграме было накіравана амаль 700 млрд. рублёў.
Як адзначыў Прэзідэнт пад час наведвання Лоеўскага раёна, многае робіцца для навядзення парадку на зямлі, забеспячэння камфортных умоў жыцця для дзесяткаў тысяч людзей, што пражываюць тут. Але самая галоўная задача, якую яшчэ трэба вырашыць, — гэта, безумоўна, забеспячэнне высокай эфектыўнасці эканомікі рэгіёна. У Гомельскай вобласці ёсць таксама раёны, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, што маюць добры турыстычны патэнцыял, які неабходна выкарыстоўваць.
***
У другі дзень рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка наведаў гарадскі пасёлак Камарын Брагінскага раёна, дзе азнаёміўся з ходам веснавых палявых работ як у вобласці, так і ў цэлым па рэспубліцы.
Як падкрэсліў Прэзідэнт, адраджэнне забруджаных тэрыторый становіцца першачарговай задачай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ўсе праграмы, накіраваныя на аднаўленне гэтага рэгіёна, будуць фінансавацца ў першую чаргу. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што пытаннем нумар адзін застаецца бяспека грамадзян.
Як лічыць Прэзідэнт, добрым паказчыкам таго, што адраджаць гэты край неабходна, з’яўляецца прыток насельніцтва: у мінулым годзе ў гэты рэгіён прыехала на паўтысячы чалавек больш, чым выехала, прычым асноўную масу складае моладзь ад 15 да 29 гадоў.
***
Чарговым пунктам у праграме знаходжання Прэзідэнта на Гомельшчыне стала наведванне Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Пазней на цэнтральнай плошчы Камарына адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны 23-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дзяржава, нягледзячы на сусветны фінансавы крызіс, выдзеліць дастаткова сродкаў на стварэнне дастойных умоў жыцця для людзей на забруджаных тэрыторыях, падкрэсліў Прэзідэнт у сваім выступленні.
Як адзначыў Прэзідэнт, матэрыяльны ўрон у выніку гэтай трагедыі супастаўны са стратамі Вялікай Айчыннай вайны. 619 беларускіх вёсак знішчылі фашысты, а ў выніку чарнобыльскай катастрофы краіна страціла 485 паселішчаў. У Брагінскім раёне з прычыны аварыі перасталі існаваць 42% населеных пунктаў, на 40% скарацілася колькасць жыхароў. За ўсе мінулыя гады Беларусь выдаткавала на мэты ліквідацыі наступстваў трагедыі 20 млрд. долараў.
Прэзідэнт выказаў сардэчную ўдзячнасць людзям, якія стойка вытрымалі ўсе выпрабаванні наступстваў тэхнагеннай катастрофы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на вырашэнне чарнобыльскіх праблем накіравана чацвёртая па ліку Дзяржаўная праграма па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС да 2010 года. Істотна дапамагае аднаўленню Палесся выкананне маштабных праграм адраджэння вёскі і развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з гэтага года пачнецца імклівае адраджэнне забруджаных радыенуклідамі тэрыторый.
Цяпер важна не проста мінімізаваць наступствы Чарнобыля, а стварыць нармальныя вытворчыя і побытавыя ўмовы, каб людзі былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні, лічыць Прэзідэнт. Ён адзначыў наяўнасць яшчэ нявырашаных праблем, якіх, тым не менш, з кожным годам становіцца ўсё менш.Аляксандр Лукашэнка запаліў Вечны агонь каля помніка ў гонар воінаў-вызваліцеляў, пагутарыў з мясцовымі жыхарамі. Ад імя Кіраўніка дзяржавы ў падарунак жыхарам Камарына быў перададзены новы пасажырскі аўтобус МАЗ.