Пра “маму Ліду”

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

17 красавіка споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі СССР Лідзіі Ржэцкай. У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы заўсёды працавала шмат выдатных, таленавітых акцёраў. Адна з іх -- Лідзія Іванаўна Ржэцкая, якая больш за 50 гадоў іграла на Купалаўскай сцэне. Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў захоўвае ў сваіх фондах шмат цікавых і разнастайных аўдыёвізуальных дакументаў, якія знаёмяць з творчасцю актрысы, даюць магчымасць зразумець вытокі яе таленту.

Ад Першага — да “Апошніх”
Найбольшую колькасць з іх складаюць фонадакументы. Іх маецца 93 адзінкі: гуказапісы вершаў, казак, баек, урыўкаў з раманаў у выкананні Лідзіі Ржэцкай, мноства радыёспектакляў, кампазіцый, пастановак з яе ўдзелам, а таксама радыёперадач з цыкла “Майстры беларускай сцэны”, прысвечаных творчасці артысткі.
У фотатэцы архіва — каля 70-ці фотадакументаў аб Лідзіі Ржэцкай: партрэтныя здымкі актрысы розных гадоў, яе фота з калегамі-артыстамі ў час гастролей тэатра, сустрэч з гледачамі, у дзень святкавання 50-годдзя роднага Купалаўскага тэатра ў 1970 годзе.
 /i/content/pi/cult/205/2399/Mama Lida1.jpg
Лідзія Ржэцкая ў ролі Аўдоцці Вярбіцкай і Лілія Драздова ў ролі Насці (сцэна са спектакляПяюць жаваранкі”).
Цікавасць выклікае здымак, што датуецца 1922 — 1924 гг., дзе Лідзія Іванаўна сфатаграфавана з трупай Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1). І, канешне ж, захоўваюцца фота сцэн са шматлікіх спектакляў Купалаўскага з удзелам артысткі.
Што да кінадакументаў пра Ржэцкую, то іх у фондах захоўваецца 19. Сярод іх кінафільм “25-гадовы юбілей тэатра імя Я.Купалы” (1946 г.) з урыўкамі са спектакляў “Ваўкі і авечкі” і “Апошнія” з удзелам Лідзіі Іванаўны. А ў кінафільме 1947 г. “Росквіт” — урывак са спектакля “Паўлінка”.
Цікавасць выклікае сюжэт з кіначасопіса “Савецкая Беларусь” № 4 за 1942 год пад назвай “З Новым годам!”. Фрагмент распавядае пра наведванне майстрамі мастацтва Беларусі Лідзіяй Ржэцкай, Ларысай Александроўскай, Яўгенам Цікоцкім, Ісідарам Балоціным параненых байцоў у шпіталі. У шэрагу дакументальных фільмаў, прысвечаных беларускаму кінематографу (“Экран, час, жыццё”, “Жыццё маё — кінематограф”, “Беларускае кіно”), ёсць урыўкі з мастацкіх кінафільмаў з удзелам Лідзіі Іванаўны. І, акрамя гэтага, яшчэ і ў шматлікія кіначасопісы — “Мастацтва Беларусі”, “Навіны дня”— уваходзяць эпізоды, прысвечаныя творчасці славутай актрысы.
Мастак ад пошуму лістоты
Нарадзілася Лідзія Ржэцкая ў Мінску ў вялікай сям’і чыгуначніка. Тут любілі музыку, спевы, прыроду. І маленькая Ліда ў дзяцінстве навучылася слухаць і нешта сваё, асаблівае, разумець у шчабятанні птушак, пошуме лістоты. А яшчэ Ліда вельмі любіла спяваць. У яе быў гучны і моцны голас. Ліда была энергічнай, жывой і вельмі рухавай дзяўчынкай, але сярод прыроды яна станавілася раптам ціхай, задуменнай.
Там, на прыродзе, у ёй фарміраваўся мастак — усхваляваны, палкі, глыбокі.
Вось з такой, усхваляванай, неспакойнай і натхнёнай, Лідзіяй Ржэцкай і сустрэўся ў 1917 годзе беларускі глядач. Як успамінаў драматург Яўген Рамановіч (ён на працягу многіх гадоў супрацоўнічаў з купалаўцамі), “тады не было свайго тэатра ў Беларусі, і калі адгрымела грамадзянская вайна і беларуская моладзь кінулася будаваць новую культуру, Ліда Ржэцкая адной з першых выйшла на сцэну беларускага прафесійнага тэатра. Яе кіпучая маладосць не ведала тады, што такое немагчымасць і стомленасць”.
А да гэтага моманту маладая артыстка ўжо паспела сыграць больш за дзесятак роляў у спектаклях украінскага тэатра, з якім будучая зорка беларускай сцэны вандравала па гарадах і вёсках.
Як пісала пазней сама Лідзія Іванаўна, “напрыканцы 1917-га стаў збірацца беларускі калектыў драматургаў, прычым часткова з маладых украінскіх і рускіх акцёраў. Мы атрымалі пляцоўку для работы на Конным рынку, якая атрымала назву “Беларуская хатка”. Там Ржэцкая працавала да 1919 года, пакуль не паехала вучыцца ў Маскву, дзе паступіла ў вячэрнюю студыю Пралеткульта пад кіраўніцтвам Смышляева.
 /i/content/pi/cult/205/2399/Mama Lida2.jpg
Артысты Беларускага тэатра імя Янкі Купалы пад час гастролей у ліпені 1954 г.

У 1921-м Лідзія Іванаўна вярнулася ў Мінск і паступіла ў трупу БДТ-1. Тут пачынаючая актрыса знаёміцца з такімі вядомымі майстрамі беларускага тэатра, як Фларыян Ждановіч, Уладзімір Крыловіч, Глеб Глебаў, Уладзімір Уладамірскі, разам з якімі яна прайшла выдатную тэатральную школу вялікага драматурга, рэжысёра і педагога Еўсцігнея Міровіча.
З пачуццём праўды
Расказваць пра творчасць артыста заўсёды цяжка, бо яго ігру трэба бачыць. Але запісы сцэн са спектакляў з удзелам Л.І. Ржэцкай, якія захоўваюцца ў фанатэцы нашага архіва, даюць уяўленне аб таленце гэтай неардынарнай асобы.
Акцёрскі лёс Лідзіі Іванаўны вельмі своеасаблівы. Яна амаль не выконвала галоўныя ролі. Але тыя, што ёй выпадалі, нават самыя маленькія, нібы выпраменьвалі святлом на сцэне. Любую сваю работу яна даводзіла да ўзроўню ўзорнай. Ржэцкая была актрысай з шырокім творчым дыяпазонам: з аднолькавым поспехам яна выконвала персанажаў як драматычнага, так і камедыйнага планаў. Для яе творчасці характэрныпраўдзівасць сцэнічнага жыцця, народнасць, мяккі лірызм і гумар.Я
к зазначыла некалі калега Лідзіі Ржэцкай па тэатры, народная артыстка Беларусі Зінаіда Браварская, “у гісторыі беларускага тэатра няма іншай актрысы, якая сыграла б так шмат роляў у п’есах рускага драматурга Аляксандра Астроўскага”. І сапраўды: Лідзія Іванаўна выконвала ролі Мурзавецкай, Кручынінай, Галчыхі, Шабловай, Домны Панцялееўны, Кукушкінай, Турусінай у п’есах “Ваўкі і авечкі”, “Без віны вінаватыя”, “Позняе каханне”, “Таленты і прыхільнікі”, “Даходнае месца”, “На ўсялякага мудраца даволі прастаты”. У класічнай драматургіі Лідзія Іванаўна спалучала традыцыйны падыход да класікі з сучасным яе разуменнем, уласнай адметнай трактоўкай вобразаў. Па словах Зінаіды Браварскай, “працаваць над роляй з такім мастаком, як Лідзія Ржэцкая, было вельмі цікава. Мне давялося сыграць шмат роляў у спектаклях, дзе партнёршай маёй была Лідзія Іванаўна. Яна валодала вялікай чуласцю, інтуіцыяй, пачуццём праўды”.
 /i/content/pi/cult/205/2399/Mama Lida3.jpg

Разам з Фларыянам Ждановічам у спектаклі “Панскі гайдук”.

Успамінаюць калегі і аб ролі Сакаловай, якую Лідзія Іванаўна іграла ў спектаклі “Апошнія” М.Горкага. Акцёры лічаць, што сыграць гэтую ролю добра — амаль немагчыма: яна залішне просталінейная. А вось расказваюць, што Ржэцкая была ў ёй непаўторная. Яна наддала сваёй гераіні такую сілу волі, любоў і ўпэўненасць у справядлівасці сваіх патрабаванняў, што калі яна пакідала сцэну, у зале пачыналіся авацыі.
Скульптурна-выразная
У гуказапісе адной з радыёперадач 1964 года аб Лідзіі Ржэцкай расказвае, тады яшчэ пачынаючая, маладая актрыса Купалаўскага тэатра Марыя Захарэвіч: “Я магу лічыць яе сваёй сцэнічнай маці. У нас у тэатры яе так і завуць: “Мама Ліда”… Калі іграеш з ёй на сцэне, сама лепшай становішся. З ёй нельга наігрываць, нельга не жыць у вобразе, ёй абсалютна верыш. Гэта каштоўная якасць… І яшчэ, яна не любіць, калі гавораць аб ёй, хваляць. Лідзія Іванаўна вызначаецца вялікім тактам і энергіяй маладосці. Гэтаму хочацца ў яе навучыцца”.
Запамінальнай і яскравай была Лідзія Ржэцкая і ў вобразах скульптурна-выразных, моцных духам беларускіх жанчын. Гэта Маці (“Бацькаўшчына” Кузьмы Чорнага), Наталля (“Канец дружбы” Кандрата Крапівы), Каспарыха (“Салавей” Змітрака Бядулі), Альжбета (“Паўлінка” Янкі Купалы). Лідзія Ржэцкая ведала душу свайго народа, адчувала яго шчодрасць, шчырасць і сардэчнасць, таму гэтыя вобразы ў выкананні актрысы так хвалявалі гледача.
Нязменны поспех спадарожнічаў актрысе на працягу ўсяго яе творчага шляху. Гэта дадзена не кожнаму. Калі акцёр прымушае сачыць за яго ігрой, бачыць моц ягонага духу, тады ён цалкам валодае глядзельнай залай, ён — творца, ён — гаспадар. Такой, па ўспамінах калег, і была Лідзія Ржэцкая. Па словах драматурга Яўгена Рамановіча, “створаныя ёю вобразы пакінулі глыбокі след у нашай беларускай культуры сваёй самабытнасцю, нацыянальным каларытам і глыбокай інтэрпрэтацыяй”. А актрыса Алена Рынковіч так ахарактарызавала Лідзію Ржэцкую: “Вялікай душы Жанчына! Вялікага мастацкага таленту Актрыса!”

Алена ПАЛЯШЧУК,
галоўны архівіст аддзела інфармацыі,
публікацыі
і навуковага выкарыстання
дакументаў БДАКФФД