На гарышчы ў Гарадной

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

Старыя закінутыя хаты на палескіх хутарах і ў вёсках хаваюць пад сваімі дахамі нямала таямніц. Больш за тое — могуць удакладніць пэўныя гістарычныя факты. Адзін з такіх населеных пунктаў месціўся ў наваколлі мястэчка Гарадная Пінскага раёна.

 /i/content/pi/cult/205/2397/U Garadnoj.jpg

Менавіта там на гарышчы выпадкова быў выяўлены акуратны папяровы скрутак, змест якога сапраўды ўразіў: гэта аказалася падборка ўлётак Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі 1920-х — 30-х гадоў. Яшчэ адзін адбітак, надрукаваны на гектографе, з’яўляўся самвыдатам Камуністычнай партыі Заходняй Украіны. Мяркуючы па ўсім, мне трапілі ў рукі матэрыялы са схованкі актывіста-падпольшчыка, які займаўся распаўсюджваннем друкаваных выданняў.
Для вырабу некаторых лістовак выкарыстоўвалася тонкая папяросная папера. Былі і такія, што не разразалі са сфальцаванага блока. Мяркуючы па ўсім, гэтыя лістоўкі не дайшлі да чытачоў: агітацыйныя матэрыялы схавалі, а чалавек, які ведаў іх месцазнаходжанне, па нейкіх прычынах не змог вярнуцца. Таму сакрэт канспіратараў раскрыўся выпадкова толькі праз восем дзесяцігоддзяў.
Лістоўкі датаваны чэрвенем і кастрычнікам 1927 года. Што ж хвалявала працоўныя масы Заходняй Беларусі ў той неспакойны час? Прамысловасць і сельская гаспадарка Польшчы, як і ўся капіталістычная эканоміка, апынуліся перад непазбежнасцю выпрабавання цяжкімі ўдарамі сусветнага крызісу.
Ананімныя аўтары ўлётак апісваюць змрочнае становішча як тых, хто меў працу, так і звольненых.“Голод, нужда, холод, безработица, жестокая эксплуатация и нищенская голодная заработная плата, 10-, 12- , даже 16-часовой рабочий день, произвол мастеров, хозяйчиков и полиции — вот участь трудящихся Западной Белоруссии”. І сапраўдным кантрастам паўставалі звесткі з СССР: 8-гадзінны працоўны дзень, сацыяльная дапамога, даступнае медыцынскае абслугоўванне, прафсаюзныя санаторыі і дамы адпачынку для працоўных...
Напярэдадні 10-годдзя перамогі пралетарыята ў СССР КПЗБ заклікала грамадзян да звяржэння ўрада Пілсудскага, да ігнаравання выплаты падаткаў, да аб’яднання ў “баявы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі блок”. Ужо тады, у 1927 годзе, на Палессі і ва ўсёй Заходняй Беларусі гучаў заклік да ўз’яднання з Беларускай ССР. У такой сітуацыі патрыёты дапамагалі людзям верыць у светлую будучыню. Іх вялікая заслуга ў тым, што, нягледзячы на намаганні афіцыйнай прапаганды, у карэннага насельніцтва захавалася імкненне жыць у адзінствез маладой беларускай рэспублікай. І з цягам часу імёны гэтых людзей памятаюць. Сення ў Пінску ёсць нямала месцаў, дзе ўшанавана памяць дзеячаў КПЗБ.
Сёлета адзначаецца 70-годдзе ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі. Сёння, пагадзіцеся, нават цяжка ўявіць, што нашы землі былі падзелены з поўначы на поўдзень па самым цэнтры краіны, і, напрыклад, Мінск для Пінска быў замежжам.

Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ
Пінск
На здымку: аўтар і знаходкі з Гарадной.