Кантакт-імправізацыя

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

Сцэнічнай пляцоўкай харэаграфічнага мадэрна ў Мінску, падобна на тое, хутка стане Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Менавіта тут паказаў нядаўна сваю новую праграму, складзеную з аднаактовых балетаў і мініяцюр, тэатр “D.O.Z.SK.I” — першы ў Мінску калектыў, што свядома займаецца сучасным танцам у яго інтэлектуальна-аўтарскім, а не эстрадна-забаўляльным абліччы, сінтэзуючы пры гэтым харэаграфічнае і тэатральна-драматычнае мысленне.

 /i/content/pi/cult/205/2396/Kantakt.jpg

Праўда, гадоў сем таму на падобную ролю мог прэтэндаваць Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, дзе ладзілі свае паказы тагачасныя студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па классе харэаграфіі — Раду Паклітару, Наталя Фурман, Вольга Рэпіна і іншыя. Ёсць гурты сучаснага танца і па-за сталіцай: у Віцебску, Гродне, Гомелі. Дый тэатр “D.O.Z.SK.I” (назва якога, нагадаем, створана з пачатковых літар прозвішчаў і імёнаў яго заснавальнікаў і кіраўнікоў Дзмітрыя Залескага ды Вольгі Скварцовай) існуе ў Мінску з 2005 года. Але ніколі раней калектыў не прэзентаваў такую сур’ёзную, амаль дзвюхгадзінную, праграму, дзе колішнія эксперыментальныя пошукі набылі мастацкую дасканаласць і непаўторнасць. Гэта быў менавіта тэатр — эксклюзіўны, аўтарскі, з прафесійным увасабленнем крэатыўных задум і адметным рэпертуарам, які ўключае кампазіцыі contemporary dance і пластычныя спектаклі. А яшчэ — са сваёй школай-студыяй, дзе і “гадуюцца” яго артысты (другая такая група-студыя — знакаміты “ТАД” Гродзенскай філармоніі на чале з выпускніком БДУКіМ Дзмітрыем Куракулавым).
Мінскі глядач, нарэшце, змог пабачыць трыумфальную аднаактоўку “Сталасць”, якая на Міжнародным конкурсе фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (XXI IFMC) “выбухнула” Першай прэміяй, — прытым, што раней, здаралася, нашыя калектывы нават у фінал не праходзілі. Балет, пастаўлены Д.Залескім на мужчынскую частку трупы, спалучыў рэжысёрска-тэатральную дакладнасць дзеяння і вынаходлівы, нават лексічна віртуозны, танец, арыгінальнасць канцэптуальнай задумы і яе вобразна-метафарычнае, багатае на асацыяцыі ўвасабленне, грузінскую і армянскую народную музыку і матывы нацыянальнай характарнасці ў пластыцы.
Паразважаць пра архетып жанчыны прапанавала В.Скварцова ў канцэнтраванай, стыльнай мініяцюры “У даліне долі”, што на ХХІ IFMC трапіла ў фінал.
Дыяганальны малюнак мізансцэны і адпаведная траекторыя рухаў, прыхавана-напружаныя позы танцоўшчыц, позіркі, скіраваныя быццам да нечага малавядомага, неспазнанага, — усё гэта “буйным планам” агаляла ўнутраны стан гераінь, іх вечнае чаканне: свята, кахання, цуду, дзіцяці…
Мужчына і жанчына, сталасць і чаканне зліліся ў дуэце з аднаактовага балета “Мухі на сонцы”. Маўклівая “размова”, цалкам пабудаваная на кантактнай імправізацыі — адной з распаўсюджаных сучасных тэхнік, уражвала багаццем вобразна-пластычных нюансаў, пульсуючай энергетыкай. Лексічных знаходак нумара хапіла б на цэлы спектакль!
А ў бліжэйшых планах групы-студыі “D.O.Z.SK.I”— сумесны музычна-тэатральны праект з гуртом “Троіца”, удзельнікі якога на чале з Іванам Кірчуком наведалі гэтую праграму.

Святлана УЛАНОЎСКАЯ