За паўгода да Віцебскіх варот

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

Прызнацца, пад час наведвання ваеннай экспазіцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея карэспандэнту “К” давялося нялёгка. Турма СД, асобныя залы, прысвечаныя абароне Віцебска, падполлю, вялізная — партызанскаму руху на Віцебшчыне, яго героям... Пётр Машэраў, Канстанцін Заслонаў, Уладзімір Лабанок, Аляксей Данукалаў, Мінай Шмыроў — імёны, якія ўвайшлі ў пантэон народнай славы. Чыя партызанская гісторыя больш цікавая, пра каго распавесці ў першую чаргу?..

 /i/content/pi/cult/205/2395/Front1.jpg
Помнік “Віцебскія вароты”.
Вёска Заполле.

“Гісторыя партызанскага змагання ў нашым краі — гэта і Віцебскія (Суражскія) вароты — разрыў лініі фронту паміж Вележам і Усвятамі, утвораны партызанамі ў 1942 годзе, — распавядае супрацоўнік музея Святлана Гур’янава, — і аперацыя “Прарыў” увесну 1944-га, жахлівыя баі, пад час якіх з нямецкага акружэння выйшлі партызаны Полацка-Лепельскай зоны, мірныя жыхары…”
Сярод экспанатаў партызанскай залы — зброя і партызанскія лісткі, газеты, друкарскія станкі, асабістыя рэчы камандзіраў, унікальныя фотаздымкі… Але, мабыць, адзін з найбольш цікавых экспанатаў — дзённік начальніка штаба партызанскага атрада Міная Шмырова Пятра Голубева, дзе распавядаецца пра першыя дні стварэння легендарнага фарміравання, камандзір якога стане Героем Савецкага Саюза і адным з самых знакамітых партызан Беларусі. Дзённік, які да гэтага часу не публікаваўся. Мы друкуем асобныя яго фрагменты ў перакладзе на беларускую мову.
Але на пачатку крыху гістарычных фактаў. Віцебскія (Суражскія) вароты — 40-кіламетровы ўчастак уздоўж берага Заходняй Дзвіны, вольная ад ворага зона — былі ўтвораны 1-й Беларускай партызанскай брыгадай Бацькі Міная — Міная Шмырова. Гэты праход да не акупіраваных ворагам зямель стаўся для многіх неабходнай сувяззю, дапамогай, выратаваннем. Праз Віцебскія вароты ратаваліся мірныя жыхары, наладжвалася сувязь з Вялікай зямлёй, пераганяўся скот, вывозілася збожжа, паступалі зброя, медыкаменты, ваенная тэхніка…
200 тысяч чалавек было эвакуіравана праз Веліж-Усвяцкі разрыў у лініі фронту, у тыл ворагу перапраўлена больш за 40 партызанскіх атрадаў і груп. Але ж перш чым 1-я Беларуская партызанская брыгада Бацькі Міная, якая аб’ядноўвала атрады Дзіка, Райцава, Біруліна, Захарава і ўласна Шмырова, стварыла унікальны выхад да Вялікай зямлі, выбіўшы ворага з занятай ім тэрыторыі на цэлых восем месяцаў, камбрыг перажыў вялікую асабістую трагедыю: у верасні 1941 года ягоныя чацвёра дзяцей — Ліза, Зіна, Сяргей і Міша, — сястра і цешча былі ўзяты ў заложнікі і расстраляны фашыстамі.
А літаральна наперэдадні названых падзеяй быў арганізаваны адзін з першых партызанскіх атрадаў у Віцебскай вобласці — літаральна праз некалькі дзёнпасля захопу абласнога цэнтра...
Дзённік начальніка партызанскага штаба атрада Шмырова Пятра Голубева храналагічна апісвае падзеі з самага пачатку ўтварэння іх групы — 6 ліпеня 1941 года. У нешматслоўным летапісе партызанскіх будняў — нічога залішняга, амаль хроніка, але ж нават тых скупых радкоў аказалася дастаткова, каб убачыць і адчуць, у якіх умовах нараджалася супраціўленне. Супраціўленне, якое прайшло, здавалася б, усе кругі пекла, вылілася спачатку ў стварэнне Віцебскіх варотаў — выратавання ў закрытым свеце смерці, пасля — у славуты “Прарыў” — “партызанскі Сталінград”, потым — у доўгачаканае Вызваленне. 

Старонкі дзённіка Пятра Голубева пражыццё і дзейнасць партызанскага атрада Суражскага раёна пад камандаваннем дырэктара кардоннай фабрыкі імя Бароўскага Шмырова М.Ф.” 

6 ліпеня, 1941 год
Учора быў дзень паўторнага правядзення другой мабілізацыі ў Чырвоную Армію па Суражскім раёне. Шмыроў быў выкліканы першым сакратаром райкама Т.Камаровым, які прапанаваў яму заняцца арганізацыяй партызанскага атрада ў паўночнай мяжы раёна, а ён, Камароў, будзе ў Паўднёвай частцы. Шмыроў пагадзіўся. Па рэкамендацыі Шмырова т. Камароў выклікаў да сябе Вараўскага, Голубева і партарга т. Шкрэда, які прапанаваў застацца разам са Шмыровым у партызанскім атрадзе. Ва ўсіх траіх Шмыроў узяў партбілеты для пераадпраўкі іх у ЦК ВКП(б).
7 ліпеня
Пры фабрыцы актыўна дзейнічае знішчальны батальён, які складаецца з рабочых фабрыкі. Прадпрыемства ахоўваецца кругласутачна. Учора Шмыроў, Голубеў, Шкрэда абмяркоўвалі пытанне аб завозе харчавання для партызанскага атрада і вывазе ўсіх каштоўнасцей фабрыкі ў адпаведнасці са зваротам па радыё т. Сталіна…

 /i/content/pi/cult/205/2395/Front2.jpg
Партызаны Віцебшчыны пусцілі пад адхон чарговы эшалон ворага.


14 ліпеня
Учора ў ноч на 13-га ўвесь атрад быў гатовы да ад’езду ў лес.
Раздадзены рабочым са склада рэшткі мукі. Раніцай атрымліваем ад нашых часцей, што пераязджалі, вінтоўкі, патроны і гарматы. Нямецкія самалёты ляталі бесперапынна. 13-га раніцай атрад на фабрычнай машыне выехаў у лес пад Цімохаўскі маяк. Міма ідуць чырвонаармейскія часткі. Папаўняем боепрыпасы. Увечары прыйшлі ў атрад ляснічы Кірылаў і нам. Партарга ф-кі Задняпроўскі. У ноч на 14-га пераехалі ў лес праз рэчку пад хутар Самахваліхі.
16 ліпеня
Атрад разбіты на два ўзводы: адным камандуе Абраменка, а другім — Кірылаў пад агульным кіраўніцтвам штаба атрада. Атрад перабраўсяна новае месца. Там жа, глыбей у лес. Наладзілі выпечку хлеба.
24 ліпеня
У лагер сталі часта прыходзіць жонкі асобных партызан. У мэтах канспірацыі вырашылі змяніць месца. Адну групу з Палубінскім накіравалі пад Жыльцы.
25 ліпеня
Сабраўшыся, вырашылі перайсці на новае месца. Спыніўшыся непадалёк ад узлеску, паблізу хутара Самахваліхі, убачылі на супрацьлеглым беразе рэчкі Тураўка нямецкую конніцу, якая размясцілася на адпачынак. Частка немцаў купалася. Камандзір Шмыроў аддае распараджэнне: пакласці рэчы і абстраляць конніцу. Адкрылі агонь з станковага кулямёта і вінтовак. Сярод немцаў шмат забітых і параненых. Атрад удала адышоў — забралі свае рэчы… Гэта было першае баявое хрышчэнне партызанскага атрада…Учора ў лагер прыбылі начальнік райаддзела Суражс. НКУС Пузака разам з групай міліцыянераў: Звяркоў, Зайцаў, Осіпаў, Новікаў, Дашкевіч, Тарарыкін...
Пузака заявіў: маўляў, я ўсёй душой з вамі, але застацца не магу, паколькі выкліканы наркамам Берыем — з дакладам. Мы гэтаму не паверылі, а палічылі баязліўцам, які імкнецца сысці за фронт.
26 ліпеня
Сышлі яшчэ некалькі чалавек з атрада, у тым ліку камандзіры ўзводаў Кірылаў і Ложкін, якія былі пасланы звязацца з Ноўкінскім атрадам, ды так і не вярнуліся…

 /i/content/pi/cult/205/2395/Front3.jpg

Фрагмент экспазіцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, прысвечаны партызанскаму руху.

Немцамі кінута чутка, што камандзір атрада Шмыроў і начальнік штаба атрада Голубеў — забіты, таму атрад распадаецца, і яны заклікаюць насельніцтва выдаваць партызан, якія з’яўляюцца. Партызан Задняпроўскі С. збег з атрада.
28 ліпеня
Мы групай з 21 чалавека селі ў засаду на ўзлеску, паблізу дарогі паміж Цімохамі і фабрыкай. Пасля цэлага шэрагу раз’ездаў нямецкіх разведчыкаў-ровераў на дарозе з боку фабрыкі паказаўся вялізны конны абоз: частка пяхоты і аўтакалона.
Уступаць у няроўны бой не рашыліся. Прапусціўшы ўвесь абоз, мы з засады абстралялі чатыры грузавыя аўтамашыны. На першай машыне з прычэпам везлі паліва і іншы матэрыял, у тым ліку прадукты. Пасля абстрэлу бочкі з палівам 9 шт. паўзрываліся. Машына з салдатамі згарэла. Іншыя сапсаваныя машыны немцы звезлі на буксіры. Усяго забіта немцаў 10 — 15 чалавек. Атрад, нягледзячы на адкрыты немцамі агонь, удала вярнуўся ў свой лагер. Гэта быў другі нашналёт.
1 жніўня
У ліпені месяцы — пачынаючы з 25-га чысла па 31-га — намі зроблена: 1) знішчана аўтамашын — 4 шт.; 2) знішчана паліва — 9 бочак.; 3) знішчана саставаў — 4 шт.; 4) забіта немцаў — 45 чалавек.
Атрымалі звесткі, што тры чырвонаармейцы пад выглядам партызан боўтаюцца па калгасах, займаюцца марадзёрствам, вымагаюць у калгаснікаў сала, яйкі і інш., пагражаючы зброяй. Усіх траіх да вечара мы затрымалі. Пры вобыску ў іх знайшлі пячатку фінансавага органа, чыстыя запасныя бланкі па зборы плацяжоў, гарэлку і інш. Па рашэнні Ваеннага савета атрада ўсіх траіх расстралялі, паведаміўшы пра гэта навакольным калгасам. Увечары выключылі з атрада Дашкевіча, Крачэўскага і інш. — усяго 5 чалавек.
6 жніўня
Учора ў Суражы немцы расстралялі яўрэяў, якіх групамі тапілі ў рэчцы. Мужчын прымушалі пераплываць рэчку; тых, хто падплываў да берага, забівалі і тапілі. Дзяцей выкідвалі з вокнаў. Правакатары і марадзёры выдавалі яўрэяў. Крывавая расправа наводзіла жах. Ад таго, што бачыў і чуў, кроў застывала ў жылах. Усяго за адзін дзень знішчаны ў Суражы 670 яўрэяў. Трох яўрэйскіх дзяцей Сегаль, якія выратаваліся, і двух Лесіных мы ўзялі да сябе ў атрад.
30 верасня
Немцы групамі разыходзяцца па калгасах. У Храпаках і Пунішчах, дзе знаходзяцца дзеці Шмырова, немцы селі ў засаду. (Больш пра дзяцей Шмырова ў дзённіку не згадваецца. — Д.А.) Вядзём разведку, вывучаючы тактыку немцаў. У калгасах сталі паказвацца больш рэдка.
1 кастрычніка
У жніўні і верасні нашым атрадам зроблена: знішчана грузавых машын — 6, легкавых машын — 2, мастоў — 4; разагнана сельскіх упраў — 3; забіта немцаў: салдат — 45, афіцэраў — 11; знішчана правакатараў — 9; знішчана Пудоцкая тэл. станцыя — 1.Немцы раззлаваны дзеяннямі партызан, якія зрываюць загатоўкі прадуктаў, лесу і г. д. Яны ўвялі ў дзеянне тэрор. У калгасе Булы згвалцілі дзяўчыну, а затым павесілі за тое, што падазравалі яе ў сувязі з партызанскім атрадам. У калгасе Цімохі за сувязь з партызанамі, сагнаўшы калгаснікаў, пасля збіцця павесілі траіх: Чэпельнікава, Кулакоўскага, Сідора і аднаго злоўленага ў пуні чырвонаармейца. У ... (напісана неразборліва. — Д.А.) павесілі 2-х настаўніц, аднаго старшыню калгаса Загрэшчанку і яшчэ траіх. Усяго 6 чалавек. Сваімі тэрорамі імкнуцца запужаць насельніцтва і нацкаваць на партызан.1
1 кастрычніка
Не без удзелу правакатараў наша месца знаходжання было паведамлена немцам. Учора а 12-й гадзіне дня немцы наперадзе пусцілі падводы з правакатарамі, самі ззаду па трох дарогах напалі на наш лагер. Такога нападзення з трох бакоў мы не чакалі. Усё ж, па магчымасці сустрэўшы іх агнём, адышлі ў глыбіню лесу.… Пры гэтым былі забіты 22 немцы, паранены 15 — 17; у нас страт не было.Сабакі-сышчыкі, гойсаючы па лесе, знайшлі закапаныя намі паперы: спісы партызан і нямецкія дакументы, якія былі ўзяты нашымі партызанамі ў разбітай нямецкай машыне. Нашы ж раненыя яшчэ напярэдадні былі перавезены ў іншую зямлянку і засталіся ў бяспецы.
Атрад уначы перайшоў у зямлянку групы Макрэда…

Падрыхтавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ