Лявоніха з гармонікам

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

Дзяржаўнаму ансамблю танца Беларусі сёлета — паўстагоддзя. Урачыстасці запланаваны на восень, але творчыя здабыткі не падпарадкаваны календару. Таму напярэдадні нядаўняга выступлення калектыву ў Канцэртнай зале “Мінск” дырэктар — мастацкі кіраўнік ансамбля, народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч запрасіў журналістаў на прэс-паказ сваіх прэм’ер.

 /i/content/pi/cult/205/2392/Lyavoniha.jpg
Такая форма “размоўна-танцавальных” прэс-канферэнцый ладзіцца калектывам не ўпершыню. Харэограф не толькі не баіцца паказваць новыя, “неабкатаныя” пастаноўкі (і свае, і “чужыя”), але і гатовы даваць да іх зусім не дзяжурныя каментарыі, дзяліцца думкамі пра будучыню нашага народнага танца. А тое, што гэтыя прэс-паказы ладзяцца ў рэпетыцыйнай зале, без аніякага сцэнічнага антуражу, дазваляе засяродзіць увагу менавіта на харэаграфіі і чысціні яе ўвасаблення.
Цяперашні прэс-паказ распачаўся невялікім экскурсам у тыя кампазіцыі В.Дудкевіча, што прэзентаваліся на трох апошніх “Славянскіх базарах у Віцебску”.“Крывічы” (2008, музыка Ігара Мангушава) — гэта танцавальнае адлюстраванне фальклорнай сімволікі круга і полымя. У жаночых, мужчынскіх і змешаных кругавых карагодах бачацца не толькі абрадава-магічныя скокі ля вогнішча, але і само вогнішча — такое ж жывое, пластычна гаваркое, прыцягальнае.“Вяселле” (2007, музыка Алега Елісеенкава) — каларытная побытавая замалёўка не колішняй сялянскай, а сучаснай гарадской “абрадавай дзеі”, неад’емнай часткай чаго становяцца дзявочыя жарты-заляцанні, хлапечыя выхваленні і, як заведзена, фотаздымкі на памяць. Сялянскае паходжанне гасцей вясельнай вечарынкі там-сям выдае традыцыйная народная лексіка танца і, галоўнае, сама манера скокаў. Цяперашняя “гарадская прапіска” персанажаў прачытваецца ў закругленых “рамансавых” рухах балетнай класікі. А юначы настрой з уласцівым гэтаму ўзросту адценнем лёгкай іроніі — у дыскатэчных “тупаценнях” з мудрагелістымі выбрыкамі.
Нарэшце, “Лянок” (2006, музыка Дзмітрыя Пянкрата, нядаўняга выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які стварае ў ансамблі большасць аранжыровак) — гэта, мабыць, той пункт адліку, з якога пачынаецца ў творчасці В.Дудкевіча прынцыпова новы віток. Яшчэ зусім нядаўна ў знакамітай эпічна шматчасткавай “Песні пра зубра”,
 /i/content/pi/cult/205/2392/Lyavoniha2.jpg
адзначанай Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гэты пастаноўшчык распрацоўваў кампазіцыі, заснаваныя на рамантызацыі звычайных побытавых рухаў велічнага шэсця, лёгкага кроку, бегу. Пэўна, менавіта такая лексіка дазваляла больш пераканаўча данесці вобразы гістарычных асоб, філасофскі роздум пра шляхетную спадчыну нашага народа. І раптам з’явіўся “Лянок”, што імгненна пераканаў: прыгожа хадзіць па сцэне (дарэчы, паспрабуйце вы так ідэальна “плысці павамі”, каб стваралася ўражанне запаволенага палёту!) артыстам ансамбля зусім не дастаткова. Бо ў “Лянку” не толькі пераасэнсаваны жаночы карагод, але і, галоўнае, нечакана актывізаваны мужчынскі танец. Найскладанейшыя прыёмы, што выконваюць хлопцы, можна параўнаць хіба з цыркавымі трукамі, і самае дзіўнае, што гэткімі выкрунтасамі насычаны не толькі сольныя выхады, але і масавы танец.
Усё гэта стала магчымым, калі трупа папоўнілася маладымі, добра падрыхтаванымі артыстамі, выхаванцамі нашай нацыянальнай танцавальнай школы. У мастацтве ўсё ўзаемазвязана: фарміраванне праграм залежыць ад узроўню танцоўшчыкаў, а добрых артыстаў затрымлівае ў калектыве цікавы рэпертуар, годны іх таленту. Таму не дзіўна, што, да прыкладу, Сяргей Буйніцкі, папрацаваўшы ў Ізраільскім балеце і знакамітым пецярбургскім тэатры Б.Эйфмана, апынуўся ўсё ж у ансамблі В.Дудкевіча — працягваць справу свайго знакамітага сваяка Ігната Буйніцкага, які стаяў ля вытокаў нашага нацыянальнага прафесійнага тэатра і першым пачаў папулярызаваць і беларускі народны танец, вывеўшы яго на сцэну.
На такіх салістаў экстракласа разлічана і новая “Лявоніха” (2009, музыка Яўгена Глебава), пастаўленая выпускніком ГИТИСа Аляксандрам Аляшкевічам, які таксама цяпер працуе ў ансамблі. Славутыя “скокі скокаў”, што за мінулыя дзесяцігоддзі сталі сімвалам нашага танцавальнага фальклору, ператварыліся ў лірыка-характарную сцэнку, не страціўшы сувязей з танцавальнай традыцыяй: закаханая Лявоніха вось-вось аддасць сваё сэрца іншаму — гарманісту. А можа,душа дзяўчыны аддадзена самому гармоніку, які яна бярэ ў рукі? Немудрагелісты трохкутнік становіцца гімнам мастацтву.
Прэм’ерная пастаноўка А.Аляшкевіча “Лялькі” (2009, музыка Я.Глебава) была прызапашана непасрэдна да канцэртнай праграмы “Нашчадкі роднай зямлі”. Гарэзліва меладраматычнае “па-дэ-труа”, вырашанае ў традыцыях батлейкі, выклікае не толькі ўсмешку, але і настальгію.
Ансамбль жа тым часам не настальгіруе, а рыхтуе новую прэм’еру — да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Журналісты ўжо бачылі яе рэпетыцыю, але дамовіліся не раскрываць усіх сакрэтаў. Скажу толькі, што гэта кампазіцыя будзе сумеснай — з Нацыянальным акадэмічным народным хорам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхася Дрынеўскага.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА