Што сказаў Стэндаль Напалеону?

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

Якія асацыяцыі сёння выклікае слова “езуіт”? Адразу прыгадваюцца выразы кшталту “езуіцкая хітрасць”, “каварны, як езуіт”... Мэтай існавання гэтай буйной арганізацыі сталі словы яе стваральніка Ігнасіа Лаёлы: “Мы, святыя рыцары, пакліканы самім Богам, каб духоўна скарыць увесь свет”.

 /i/content/pi/cult/205/2391/Napoleon1.jpg

Сучасны выгляд адноўленага калегіума.
Верасень 2008 г.

Дзейнасць езуітаў на беларускіх землях супярэчліва ацэньваецца гісторыкамі. Але ўсе яны перакананы: варожасць да прадстаўнікоў ордэна праявілася з першых дзён на беларускіх землях. Гэта і нядзіўна: на Беларусі езуіты настолькі рупліва выконвалі дэклараваны статутам ордэна прынцып беднасці, што неўзабаве сталі буйнымі феадаламі і прыгоннікамі, іх абвінавачвалі нават у спойванні насельніцтва, вырабе фальшывых грошай…
І тым не менш, вернемся да гісторыі іх з’яўлення на Беларусі ў 1569 годзе. “Салдаты Бога” павінны былі ваяваць з праваднікамі Рэфармацыі і несці асвету ў масы. Для апошняй мэты пачалі ствараць новы від навучальных устаноў — калегіумы. Напэўна, сёння кожны можа прыгадаць самыя знакамітыя з беларускіх устаноў-калегіумаў, што знаходзіліся ў Полацку і Нясвіжы… А між тым, існавалі яны і ў Віцебску, Наваградку, Пінску, Слуцку, Оршы. Аршанскі калегіум, да прыкладу, мае надзвычай цікавую гісторыю.
Справа ў тым, што Оршу езуіты выбралі сваім апорным пунктам для распаўсюджвання ўплыву на ўсход Беларусі, у чым паспрыяла зручнае геаграфічнае становішча горада на Дняпры (адсюль і да Кіева “святыя рыцары” планавалі дабрацца). Але прымаць іх аршанская зямля доўга не хацела. Яшчэ ў 1590 годзе канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега набыў у цэнтры Оршы ўчастак, пабудаваўшы на ім першы ў горадзе каталіцкі касцёл, і стаў рыхтавацца да адкрыцця езуіцкага калегіума (які з’явіўся там толькі ў 1604 годзе). Першапачаткова вышэйназваныя будынкі былі драўляныя. У 1690 годзе, пасля дазволу караля Яна Сабескага, у горадзе былі ўзведзены каменны касцёл і калегіум, упрыгожаны вежай з гадзіннікам. Установа стала цэнтрам Оршы.
Калегіум уключаў школу, тэатр, аптэку, шавецкую і сталярную майстэрні, кузню, бровар, пякарню. Пры калегіуме таксама вырошчвалі лекавыя расліны для аптэкі, там існаваў фруктовы сад, пладоў якога хапала на забеспячэнне ўласных патрэб, а часам і на продаж. Пры калегіуме існаваў і так званы школьны тэатр, дзе быў напісаны ў 90-я гады XVII стагоддзя “Аршанскі кодэкс” — зборнік драм і інтэрмедый, што, сведчаць дакументы, мелі поспех у гледачоў.
Можна ганіць езуітаў за сквапнасць, крывадушша, але нельга не прызнаць іх выдатнымі педагогамі і арганізатарамі навучання. Выхаванцы калегіума мелі трывалыя веды, чаму садзейнічалі высокая патрабавальнасць, дэталёва прадуманы комплекс мер і сродкаў стымулявання…
Веды выпускнікоў вышэйшага аддзялення ні ў чым не адрозніваліся ад той падрыхтоўкі, што атрымлівалі маладыя людзі на філасофскіх факультэтах універсітэтаў. Патрабаванні да вучняў езуіты мелі дастаткова высокія: многія са шкаляроў сядзелі ў адным класе па
 /i/content/pi/cult/205/2391/Napoleon2.jpg
Так выглядаў калегіум езуітаў у часы існавання ордэна.
некалькі гадоў. Навучанне было бясплатным — сюды прыходзілі і дзеці заможных шляхцічаў, і простых мяшчан. Апошнія ў большасці сваёй знаходзіліся на пастаянным пражыванні ў калегіуме, іх часта прыцягвалі да ўдзелу ў мерапрыемствах ордэна. Кожны вучань павінен быў навучыцца складаць вершы і прамовы, дасканала ведаць творы рымскіх аўтараў, і, безумоўна, вялікая ўвага надавалася рэлігійным дысцыплінам.
Аршанскі калегіум быў дастаткова развітай і моцнай навучальнай установай для свайго часу. Сярод яе выпускнікоў — прафесары філасофіі, тэалогіі. А адным з тых, хто не прыняў духоўны сан і застаўся ў свецкім жыцці, аказаўся П.Завадоўскі. Ён стаў міністрам народнай асветы пры Аляксандры I.
Цікавы факт: адступаючы ў Францыю, Напалеон нібыта спыняўся ў Аршанскім калегіуме. Больш за тое: ён прымаў тут справаздачу інтэнданта Анры Бейля, больш вядомага аматарам літаратуры як Стэндаль. Сення гэты момант адлюстраваны ў асобнай экспазіцыі мясцовага музея.
Дырэктар “Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны” Ірына Воранава адзначыла, што прадметаў, якія непасрэдна даказваюць факт знаходжання імператара Францыі ў калегіуме, менавіта на тэрыторыі калегіума знойдзена не было, але пад час даследаванняў у Оршы былі знойдзены кулі, ядры часоў вайны 1812 года. Тым не менш, факт знаходжання Банапарта ў калегіуме ў дні адступлення не ставіцца мясцовымі жыхарамі пад сумненне.
Пасля вайны з Напалеонам, у 1820-х, калегіум спыніў сваё існаванне, і будынак быў “перапрафіляваны” пад турму. Толькі на пачатку 1990-х гадоў у гэтым месцы пачалі праводзіцца археалагічныя раскопкі і быў распрацаваны праект рэстаўрацыі.
Як адзначыла загадчык аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Ірына Мігаль, сёння калегіуму нададзены першапачатковы выгляд. Пры гэтым канструктыўныя дэталі, што існавалі раней, захаваны. У прыватнасці, узноўлена 32-метровая вежа, на якой размешчаны гадзіннік. Ён зараз выконвае ролю гарадскіх “курантаў”, адбіваючы кожную гадзіну.

Алеся ШАПАВАЛ,
студэнтка гістарычнага факультэта БДУ