За “Чайкай” — “Тарас на Парнасе”

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

Гродзенскі абласны драматычны тэатр перажывае другое нараджэнне. Чарговы, 62-і, сезон адкрыўся ў кардынальна абноўленым пасля маштабнага рамонту будынку. Але змены закранулі храм Мельпамены не толькі звонку: у тэатры прызначаны новы галоўны рэжысёр — заслужаны дзеяч мастацтваў Латвіі Валянцін МАЦУЛЕВІЧ.

 /i/content/pi/cult/205/2390/Taras.jpg
— Валянцін Мечыслававіч, вы ў Гродне ўжо амаль год. Што ўдалося за гэты час зрабіць?
— Адразу падкрэслю: трупа — моцная, горад — выдатны, — чаго яшчэ жадаць? Як толькі я заняў пасаду галоўнага рэжысёра, то найважнейшай мэтай для сябе і ўсяго нашага творчага калектыву паставіў вяртанне гледача ў тэатр. Магу сказаць, што цяпер спектаклі праходзяць, як правіла, з аншлагам. Наступная задача — зрабіць так, каб тэатр для гродзенцаў стаў неабходнасцю, месцам, куды яны імкнуліся б.
— Тэатр актыўна запрашае да супрацоўніцтва навучэнцаў Гродзенскага каледжа мастацтваў — будучых акцёраў, чаго раней не было. З чым гэта звязана?
— Па-першае, калі на сцэне ў ролі маладых людзей выступаюць пяцідзесяцігадовыя акцёры, гэта, пагадзіцеся, выклікае ўсмешку. Па-другое, наш тэатр знаходзіцца ў рэжыме пастаянных рэпетыцый і спектакляў, і нагрузка на ўсіх адчувальная. Таму да ўдзелу ў пастаноўках і сталі запрашаць таленавітую моладзь, якая вучыцца у Гродзенскім каледжы мастацтваў. Як вядома, акцёр фарміруецца толькі ў працы, што яго мабілізуе. А творчы патэнцыял у нашай моладзі вялікі. Думаю, што такі старт істотна дапаможа ў авалоданні прафесіяй.
— Пераехаць у іншы горад, тым больш, у іншую дзяржаву — дастаткова рашучы крок. Да таго ж, нашмат складаней пайсці на карэнныя змены ў сталым узросце. Ці не адчуваеце сябе тут самотна?
— Такія думкі былі. Але зараз я разумею: гэты тэатр для мяне — не чужы. Для рэжысёра ж радзіма — тэатр. А ўвогуле, адзінота — не самае дрэннае пачуццё, паколькі яно дазваляе зразумець, што ты страціў. Часта людзі блытаюць паняцці “адзінота” і “незапатрабаванасць”. Але апошняга ў мяне дакладна няма.
— У Гродзенскім тэатры ідзе мноства спектакляў на беларускай мове. Ці ёсць у вас нейкія цяжкасці ўспрымання?
— Безумоўна, ёсць, але думаю, што гэтыя цяжкасці я пераадолею. Тым больш, неўзабаве будзем рыхтаваць новую пастаноўку на беларускай мове — “Тарас на Парнасе”.
У гэтым сезоне Гродзенскі тэатр запланаваў адразу дзевяць новых спектакляў, і гэта, мусіць, самая шырокая праграма за апошнія гады. Ужо адбыліся прэм’еры “Брата Алёшы” паводле Ф.Дастаеўскага, “Блэза” К.Манье, сучаснай казкі “Лёлька”, чэхаўскай “Чайкі”і дзіцячай казкі “Іван-царэвіч”, “Нязванага госця” С.Бартохавай. На чарзе — яшчэ некалькі падарункаў гледачам, якія з нецярпеннем іх чакаюць.

Аляксандра ДУБРАВІНА
Гродна
На здымку: галоўны рэжысёр Гродзенскага
абласнога драматычнага тэатра
Валянцін Мацулевіч.
Фота аўтара