“Юбілейны калейдаскоп”

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

Назва выстаўкі твораў вядомага скульптара Эдуарда Астаф’ева невыпадковая: адкрыццё экспазіцыі прымеркавана да яго 65-годдзя. Эдуарда Барысавіча ў Светлагорску добра ведаюць. Ён пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх пленэраў, якія тут адбываюцца. Да таго ж, ён — аўтар “Гістарычнага каменя”, дзе побач з Усяславам Чарадзеем, Вітаўтам Вялікім, Еўфрасінняй Полацкай, Францішкам Скарынам упершыню з’явілася выява Шацілы — заснавальніка Вострава Шатылінскага, Шацілавічаў, Шацілак, а значыць, і Светлагорска. Крыху пазней на Цэнтральнай плошчы горада з’явіўся і помнік Шаціле. Аўтар яго — таксама Э.Астаф’еў.

І вось цудоўная магчымасць больш падрабязна пазнаёміцца з творчасцю выдатнага скульптара. 23 творы з бронзы, мармуру, граніту, алюмінію і дрэва прадставіў ён на сваёй выстаўцы. Увага скульптара да духоўнага асэнсавання таго, што ён увасабляе, відавочная ў кожнай выяве. Ды і мэты, якія ставіць перад сабой Э.Астаф’еў, знаходзяцца дзесьці за межамі толькі знешняга падабенства. Перадаць пачуццёвы, псіхалагічны і эстэтычны аспекты ўбачанага, зрабіць тое ўбачанае пераканаўча зрокавым — вось да чаго ён паспяхова імкнецца.

“Развітанне” — твор, прысвечаны Максіму Багдановічу. Скульптар здолеў убачыць тое, што навеяна не толькі лёсам паэта, але і яго вершамі. Перад намі — Багдановіч на фоне крымскага каменя, які, аднак, ужо застаўся за яго спінай. Вось яно, сімвалічнае імкненне да Радзімы.

А якой псіхалагічнай дакладнасцю вызначаецца скульптура “Перазімавалі”! Нават не верыцца, што яна з алюмінію, бо глядзіцца па-гранітнаму важка.Сталага веку жанчына з лапатай для ўборкі снегу стаіць, стомлена ўсміхаючыся шэраму голубу, які даверліва спыніўся ля яе ног. Скончылася зіма, і абодвум будзе лягчэй, — адчуваем мы, разглядаючы гэтую скульптурную “групу”.

Увогуле Э.Астаф’еў уважлівы да звычайных быццёвых момантаў жыцця. Пра гэта міжволі думаеш, гледзячы на яго “Лазеньку”, “Добры настрой”, “Таямнічы сон”, “Світанак”... Умее скульптар спалучыць убачанае з добрым пачуццём гумару або з патаемным падтэкстам. “Свая ноша — не цяжар” — так называецца бронзава-гранітная жанравая скульптура, у якой лёгка пазнаецца аўтар экспазіцыі, які нясе адну са сваіх выяў. А вось твор, перад якім таксама нельга не ўсміхнуцца: чалавек стаіць пад небяспечна нахіленай сцяной, спакойна склаўшы рукі. “Самаўпэўнены” — чытаем назву. Побач — яшчэ болей жартаўлівае ўвасабленне: залішне паўнацелы мужчына глядзіцца ў люстра і бачыць сябе...стройным, па-спартыўнаму падцягнутым і нават памаладзелым. Зрэшты, у люстраным адбітку і мы яго бачым такім, бо скульптар адпаведным чынам выгнуў медную пласціну, ператварыўшы яе ў нешта кшталту крывога люстэрка.

Майстэрства Э.Астаф’ева дазваляе яму перадаць “Успаміны аб Італіі”, філасофскае адчуванне “Сустрэчы, якая не адбылася”, пафас успамінаў аб Вялікай Айчыннай вайне (“Наша справа верная — мы перамаглі”).

На вернісажы не абышлося і без сюрпрыза. Эдуард Барысавіч падарыў галерэі эскізны партрэт нашага слыннага земляка, акадэміка мовазнаўства, першага дырэктара Інстытута беларускай культуры, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Сцяпана Некрашэвіча. Прагучала пажаданне, каб аднойчы гэты эскіз стаў помнікам у Светлагорску… 

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, дырэктар Светлагорскай карціннай галерэі
“Традыцыя” імя Германа Пранішнікава