Таленавітая, высокапрафесійная!

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння мастацтвазнаўцы, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Ірыны Мікалаеўны Паншынай.

 /i/content/pi/cult/205/2388/Talenavitaja.jpg
Больш за паўстагоддзя выпускніца
Ленінградскага універсітэта прысвяціла беларускай культуры, мастацтву і музейнай дзейнасці. З 1961 года больш за 40 гадоў — да выхаду на заслужаны адпачынак яна была намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Мастацкага музея краіны, і на гэтай пасадзе паказала сябе не толькі як таленавіты арганізатар, ініцыятар музейных праектаў і вучоны-даследчык, але і як высокапрафесійны мастацтвазнаўца.
Яе пяру належаць такія кнігі і альбомы, як “Мастацтва і побыт”, “Мастацтва Савецкай Беларусі”, “Рускія лакі. Лакавая мініяцюра ў зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР”, “Час у вобразах і фарбах”, “Музей беларускага народнага мастацтва”. Ірына Мікалаеўна рэдагавала шматлікія навуковыя музейныя каталогі і зборнікі, рэгулярна выступала ў прэсе. Дастаткова ўспомніць яе фундаментальныя матэрыялы пра жыццё і лёс Валенція Ваньковіча, надрукаваныя ў “Культуры”.
Супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея РБ, супрацоўнікі газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” сардэчна віншуюць Ірыну Мікалаеўну з юбілеем! Жадаем добрага здароўя і дабрабыту!