“Рух вакол восі” ў пошуках раўнавагі

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

Яна выстаўляецца 20 гадоў. Пачынала з беларускага авангарда канца 80-х і персанальнай выстаўкі ў маскоўскім Доме мастакоў. Потым — Польшча, Украіна, Аўстрыя, Шатландыя, Галандыя, і ў апошнія два гады па- казала сябе і ў Італіі. Прафесійная керамістка, аўтар некалькіх вітражных, мазаічных і скульптурных твораў, яна ў 1995 годзе стала членам Міжнароднай федэрацыі мастакоў UNESCO — як жывапісец. Імя гэтай мастачкі — Наталля Рачкоўская. Яе жывапіс, які сёння экспануецца ў Палацы мастацтва, нібы прызначаны для таго, каб пра яго спрачаліся. Ды і яна гэтую спрэчку, падаецца, свядома правакуе.

 /i/content/pi/cult/205/2387/Ruh.jpg

Н.Рачкоўская “Успамін пра мора”.

Наталля Рачкоўская — феномен памежжа на ўсіх узроўнях — ад сэнсавых да выключна пластычных. Яе жывапіс літаральна балансуе на грані. Прычым не толькі балансуе, але і расхінае гэтыя рамкі, адваёўвае ў
іншых відаў творчасці, у тым ліку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну, новую жывую мастацкую прастору. Таму ў яе жывапісе можна знайсці і прывабны для некаторых гледачоў кіч, і фігуратыўны рэалізм, і абагульненую абстрактную форму, і інтэлектуальную аналітычнасць, і прастадушную дзяцінасць, і іронію, і казачны лубок, і бясконцыя варыяцыі парадаксальных фантазій, і сляды архетыпічнага, вечнага, высокага і побытавага. Словам, імправізацыі на ўзроўні інтуіцыі. Гэтыя імправізацыі сама мастачка называе “дэфармацыяй паверхні як неабходнай умовы для аднаўлення ўнутранага зместу”.
Гэта так. У Рачкоўскай экспрэсіўны, маляўнічы стыль, які “завіс” паміж абстракцыяй і фігуратывізмам. Яе не цікавіць люстрана-дакладнае выяўленне навакольнага свету: мастачка імкнецца да дэфармаванага скажэння натуры з мэтай “больш выразна паказаць сваю ідэю ў яе развіцці і варыянтнасці”.
Мастачка магла б сказаць пра сябе словамі немца Георга Базеліца: “Рэальнасць — гэта сама карціна, але зусім не тое, што на карціне”.Часам Наталля Рачкоўская наогул адмаўляецца ад змястоўных аспектаў, разгортвае матывы адлюстравання так, што траекторыя нанясення геаметрычных ліній і плям ідзе ў форме “руху вакол восі”, “структур па ветры”, альбо “па нахіленай” плоскасці. Часам стылістычна яе творы прадугледжваюць часавую шматслойнасць выяў у духу кубізму, сюррэалізму, альбо чыстай абстракцыі. Ёсць карціны, дзе прыхавана нейкая таямніца, спасцігнуць якую гледачу немагчыма (“Гульня ў трохкутнікі”). У такіх творах прысутнічаюць не толькі элементы мастакоўскай гульні, але і спроба знайсці штосьці новае ўласна ў колеры, фактуры мазка і ўсёй паверхні палатна. Хаця, па вялікім рахунку, абстракцыі Рачкоўскай сёння ўспрымаюцца мной як “дэжа вю”. Па меншай меры, пасля Кандзінскага, Мандрыяна, Клее, Міро і іх сучаснікаў, — што можна яшчэ прыдумаць у гэтым кірунку? Як “эксперыментальную кухню” для распрацоўкі сцен інтэр’ераў альбо дызайнерскіх праектаў — так, гэта можа быць, але не больш за тое.
Мне бліжэй тая “палітра інтуіцыі” Наталлі, што, не губляючы фігуратыўнасці і эмацыйнага камертона, дазваляе пранікнуць у задуму, што навеяна аўтарскімі жыццёвымі ўражаннямі і разважаннямі “пра час і пра сябе”. Гэта я бачу ў карціне “Успамін пра мора”, у серыі “Птушка і яе чалавек”, альбо ў цыкле “Ноша”.
Канешне, мастак — прадукт часу, адлюстроўвае яго і выступае яго адбівальнікам. Чым глыбей і сумленней ён, мастак, шукае як бы для сябе, тым ён бліжэйшы і больш зразумелы сваім блізкім. Блізкімі я называю тых людзей, якія цікавяцца мастацтвам і, па дылеме Эрыха Фрома “мець альбо быць”, імкнуцца — БЫЦЬ. І мне вельмі падабаюцца словы Наталлі: “Складваецца ўражанне, што толькі зараз ты пачынаеш разумець, што табе трэба рабіць”.

Барыс КРЭПАК