Спеў і вобраз

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

У віншаванні праваслаўным хрысціянам з нагоды Вялікадня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што “сцвярджаючы стваральныя ідэі братэрства, гуманізму, перамогі праўды і справядлівасці над злом, Вялікдзень абуджае ў нас імкненне быць міласэрнымі і несці блізкім дабро, натхняе на новыя здзяйсненні ў імя Айчыны”.

/i/content/pi/cult/205/2385/Arhangel.jpg 
Не выпадкова ў светлы Велікодны тыдзень распачынаюцца мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню 25-годдзя Сабора беларускіх святых.
Па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта адбудзецца Х Міжнародны фестываль праваслаўных песняспеваў, які праводзіць Беларускі экзархат, міністэрствы культуры, адукацыі, інфармацыі, спорту і турызму, абароны і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Мінскія гарадскі і абласны выканаўчыя камітэты ды шэраг іншых арганізацый.
Мерапрыемствы фестывалю пройдуць у канцэртных залах, музеях, храмах, воінскіх частках, школах, бальніцах Мінска, Полацка, Бабруйска, Барысава, Жодзіна, Нясвіжа, Клецка, Івянца, Мар’інай Горкі, Бягомля і Лагойска. У праекце прымаюць удзел царкоўныя і свецкія (дзіцячыя і дарослыя) харавыя калектывы, мастакі, іканапісцы, літаратары і даследчыкі праваслаўнай мастацкай культуры. У працы Х Міжнароднага фэсту праваслаўных песняспеваў прымуць удзел 45 харавых калектываў, навукоўцаў, музыкантаў з 16 краін свету.
Адметнымі рысамі фестывалю з’яўляецца абавязковае выкананне знаменнага распеву як старажытнага статутнага спеву, штодзённага спеву, прысвечанага беларускім святым, праваслаўнага спеву сучаснага аўтара.
У межах фэсту ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры адкрылася выстаўка сучасных беларускай і польскай іканапісных школ — “Дивен Бог во святых своих». Экспануюцца іконы, выкананыя Сяргеем Каркатадзэ з Брэста, Вольгай Дарашэвіч з Мінска, іканапіснай майстэрняй Мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра, Верай Джукіч (жонкай Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Сербія ў нашай краіне), Ляонціем Тафілюкам, які прадстаўляе іканаграфічную майстэрню з Бельска Падляскага. Апрача таго, у экспазіцыі змешчаны і старажытныя абразы з фондаў музея, што дазволіць прасачыць за дынамікай развіцця школы іканапісу.
Усе іконы створаны ў адпаведнасці з праваслаўным іканапісным канонам, але кожны з іх мае сваю адметнасць. Прыкладам, абрады цікавыя адлюстраваннем нацыянальных рыс, напрыклад, традыцыйных узораў. Дарэчы, на выстаўцы можна прасачыць і за працэсам стварэння і стадыямі выканання іконы: ад стварэння фарбаў да залачэння, нанясення проразяў.

Кастусь АНТАНОВІЧ