“Якім бы цудоўным ні быў Космас...”

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

22 красавіка легендарны лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр авіяцыі Аляксей Ляонаў прыбыў у горад-герой Мінск з нагоды адкрыцця сваёй першай на Беларусі вялікай персанальнай выстаўкі — “Зямны і касмічны жывапіс”, якая на наступны дзень прыняла шматлікіх гледачоў у Нацыянальным мастацкім музеі. Разам з Аляксеем Архіпавічам прыехала ў нашу сталіцу на вернісаж яго сябра і калега, таксама легендарная лётчык-касманаўт, Герой Савецкага Саюза Валянціна Церашкова — першая ў свеце жанчына, якая скарыла космас. З адкрыццём персанальнай выстаўкі Аляксея Ляонава павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

 /i/content/pi/cult/205/2384/Kosmos.jpg

Мабыць, няма патрэбы прадстаўляць падрабязна ўсе асноўныя вехі “касмічнай” біяграфіі А.Ляонава: яе ведае ўвесь свет. У сакавіку 1965 года з П.Бяляевым здзейсніў палёт на касмічным караблі “Усход-2”, пад час якога ўпершыню ў свеце выйшаў у адкрыты космас. У ліпені 1975 года з В.Кубасавым зрабіў другі палёт у космас у якасці камандзіра касмічнага карабля “Саюз-19” па праграме ЭПАС, альбо “Саюз-Апалон”.
Аўтар кнігі “Сонечны вецер” і шэрагу альбомаў (сумесна з Андрэем Сакаловым). Некалькі гадоў таму выйшаў шыкоўны альбом “Зямны і касмічны жывапіс Аляксея Ляонава”. У дзень вернісажу касманаўт падарыў яго нашаму мастацкаму музею. Віншавалі яго з гэтай падзеяй 23 красавіка міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў нашай краіне Аляксандр Сурыкаў.Аб тым, хто такі Ляонаў — мастак і чалавек, што прадстаўляюць яго творы як духоўныя “зрэзы часу”,— гаворка асобная. І яе мы працягнем у наступным нумары “К” — у эксклюзіўным інтэрв’ю, якое даў лётчык-касманаўт нашаму карэспандэнту. Пакуль жа скажу, што Аляксей Архіпавіч — прафесійны жывапісец і графік, сапраўдны акадэмік Расійскай Акадэміі мастацтваў, сапраўдны акадэмік Нью-Йоркскай акадэміі прыгожых мастацтваў. Яго персанальныя выстаўкі, пачынаючы з 1966 года, прайшлі ў Маскве, Новасібірску, Бялградзе, Парыжы, Вене, Мантэрэі, Лас-Вегасе, Чыкага, і канешне ж, у Зорным гарадку. Але, як высветлілася, сённяшняя выстаўка Аляксея Ляонава ў Мінску, якая прымеркавана і да Года культуры Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, — самая буйная з усіх папярэдніх. Як сказаў сам Аляксей Архіпавіч: “Я рады, што нарэшце змог паказаць свае творы ў Мінску, у горадзе, які мне вельмі дарагі і дзе ў мяне так шмат сяброў. Свет — унікальны, насычаны яркімі фарбамі, энергіяй, рухам. Кожнае імгненне прыроды, жыцця — непаўторнае, і для мяне было вельмі важна адлюстраваць у сваіх работах Гармонію нашай Зямлі і Сусвету...”
А сустрэліся мы з Аляксеем Архіпавічам і Валянцінай Уладзіміраўнай 22 красавіка ў музеі, пасля таго, як яны адразу ж пасля прыезду ў Мінск наведалі Усходнія могілкі і ўсклалі кветкі да помнікаў іх сяброў: Пятра Машэрава і яго жонкі Паліны Андрэеўны, Уладзіміра Мулявіна, бацькі і сына Яроменкаў, Ніны Сняжковай...
Сустрэча дарагіх гасцей пачалася ў час “прыёмкі” Ляонавым сваёй экспазіцыі ў трох залах музея (каля 80 твораў жывапісу і графікі) і працягвалася далей, пад час экскурсіі па ўсіх залах музея, якую праводзілі дырэктар Уладзімір Пракапцоў і народны мастак Беларусі Іван Міско, даўні сябра Ляонава.
Да збору унікальных твораў рускага, беларускага, заходнееўрапейскага і ўсходняга мастацтва Аляксей Архіпавіч праявіў шчыры інтарэс. Ва ўсіх каментарыях, якія ён далучаў да тых ці іншых работ, адчуваліся глыбокія прафесійныя веды не толькі біяграфіі класікаў, але і тэхналогіі іх жывапісу або скульптуры, “таямніц” змешвання фарбаў, структуры мазка, “руху” мастыхіна, грунтоўкі палатна і г. д.
Але мяне ўсё ж больш цікавілі яго думкі пра сваё, асабістае мастацтва, якому ён прысвяціў практычна ўсё жыццё, яшчэ задоўга да захаплення Небам. “Калі б я не стаў касманаўтам, — прызнаецца Ляонаў,— прысвяціў бы сябе толькі жывапісу...”
Але пра ўсё гэта — наступным разам.

Б.К.