Музыка, грошы і кніга заўваг

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

22 чэрвеня адбылася чарговая калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Было мерапрыемства дзелавым, слушным, крытычным. Не дзіва: які час на двары — такія і падыходы да працы. Неаднаразова гучала думка, што сёння без поўнай мабілізацыі сіл важкага духоўна-эканамічнага выніку ў сферы культуры не дасягнуць. Таму агучваліся здабыткі і пралікі, аналізаваліся характэрныя для кожнага рэгіёна праблемы, талакой вышукваліся шляхі іх вырашэння… Галоўным на парадку дня было пытанне аб рабоце ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама па ўдасканальванні дзейнасці дзіцячых школ мастацтваў.

Як зазначыў міністр культуры, менавіта яны выхоўваюць творчую эліту рэспублікі, рыхтуюць годную змену сённяшнім культасветнікам. Але мэты духоўныя сёння неабходна спалучаць з эфектыўным вырашэннем эканамічных задач. Таму першае пытанне, вынесенае на абмеркаванне, было арганічна знітавана з наступнымі: аналізам работы ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама па развіцці платных паслуг, выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, устаноўленых Міністэрству культуры на першы квартал, патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата”. 

На чым ты граеш, музыкант?
Калегія, хоць і праводзілася ў межах сталіцы, але была выязной. Начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі прапанаваў удзельнікам наведаць дзве навучальныя ўстановы культуры...
Дзіцячая музычная школа № 10 імя Я.Глебава месціцца ў Старым горадзе, па вуліцы Энгельса, непадалёк ад Кафедральнага сабора. Школа займае будынак колішняга Свята-Духаўскага базыльянскага манастыра XVII стагоддзя. Дарэчы, у маі ААТ “Будтрэст” па заказе КУП “Мінская спадчына” распачынае аднаўленне царквы Святога Духу з прыстасаваннем яе пад канцэртную залу дзіцячай філармоніі, што будзе звязвацца з ДМШ № 10 галерэяй.
Усё правільна: музыкант без канцэртаў — як спартсмен без спаборніцтваў, губляе кваліфікацыю. І тут без сучаснай залы — не абысціся...
У школе больш за 600 дзяцей, вучацца тут пераможцы і лаўрэаты дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне” Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Дар’я Надзіна, а таксама 9 стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. За апошнія тры гады вучні ўдзельнічалі ў 24 міжнародных, 27 рэспубліканскіх, 43 гарадскіх конкурсах, сталі іх лаўрэатамі і дыпламантамі.
Уладзімір Карачэўскі, нагадаўшы, што ў сталіцы дзейнічаюць 20 музычных, 3 мастацкія, 2 харэаграфічныя, тэатральная школа і школа мастацтваў, падкрэсліў: ніводзін з выхаванцаў не стаіць на ўліку ў камісіях па справах непаўналетніх.
 /i/content/pi/cult/205/2383/Kalegija2.jpg
Дырэктар ДМШ №10 імя Я.Глебава Тамара Куніцкая.
Міністр культуры Уладзімір Матвейчук, аглядаючы школу, запытаўся ў яе дырэктара Тамары Куніцкай: “Якой дапамогі чакаеце ад упраўлення культуры і міністэрства?” “Не хапае цымбалаў, інтарэс да якіх пастаянна расце, — адказала тая. — Вельмі дарагія духавыя інструменты. Габой, напрыклад, каштуе дзве з паловай тысячы долараў. Добры баян таксама не танны: дзесьці тры тысячы ўмоўных адзінак... Хацелася б і раялі замяніць”. У ходзе гутаркі высветлілася, што і друкаваная нотная літаратура — надзвычай дэфіцытная...
Прыблізна гэткія ж праблемы былі агучаны і ў ДМШ № 9, якая сустрэла ўдзельнікаў калегіі малінавым узнёслым гучаннем: граў ансамбль званароў з класа званоў, што дзейнічае ў школе па прынцыпе самаакупнасці. У мясцовай бібліятэцы кіраўнік школы Алег Папоў паведаміў, што фонд вучэбнай літаратуры тут — 20 тысяч экземпляраў. Ноты множацца на ксераксах. А вось з электроннымі дапаможнікамі — не ўсё проста. А хацелася б, каб дзеці не толькі чыталі, але і оперы глядзелі з дапамогай мультымедыйных сістэм.
Пасяджэнне калегіі распачалося ў актавай зале музычнай школы № 9. Міністр нагадаў прысутным, што ў рэспубліцы — 510 школ мастацтваў, і калі ў сталічных устаноў існуюць праблемы, дык не пазбаўлены ад іх, відавочна, і школы рэгіянальныя. Уладзімір Карачэўскі пасля пераліку яўных творчых здабыткаў навучальных устаноў паведаміў, што пэўная іх колькасць дзейнічае ў не надта прыстасаваных памяшканнях, спыніўся і на недасканалай заканадаўчай базе ДШМ. У 2006 — 2008 гадах Мінгарвыканкам выдаткаваў з бюджэту 1,2 мільярда рублёў для дзіцячых школ мастацтваў. Набыта звыш за 200 музычных інструментаў, неабходнае абсталяванне. На рамонт інструментаў за гэты ж перыяд выкарыстана каля 148 мільёнаў рублёў. Але зношанасць такіх інструментаў, як баян, акардэон, струнныя народныя і смычковыя, духавыя, складае 100 працэнтаў...
Міністр культуры вярнуў прысутных да пытання камплектацыі бібліятэчных фондаў музычнай літаратуры. Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок паведаміла, што расійскія падручнікі каштуюць вельмі дорага, трэба, як і ў агульнаадукацыйных школах, збіраць грошы і закупляць музычную літаратуру цэнтралізавана, пажадана — беларускую. А прафесар, загадчык кафедры баяна і акардэона Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Мікалай Сеўрукоў распавёў, што метадычныя і рэпертуарныя зборнікі друкуюцца энтузіястамі ў Брэсце, а ў Баранавічах існуе прыватнае выдавецтва кампазітара Уладзіміра Грушэўскага, якое выпускае аналагічную музычную літаратуру. Міністр рэзюмаваў: трэба прааналізаваць усе гэтыя ініцыятывы, звесці іх у адно, і ў самы бліжэйшы час падрыхтаваць адзіны беларускі падручнік для ДШМ, каб дзеці не вучыліся па дапаможніках, па якіх вучыліся іх бацькі. Гэтак жа неадкладна неабходна вырашыць і праблему з інструментамі: цягам месяца звярнуцца ва Урад з просьбай аб тэрміновай падтрымцы. Інакш праз год-другі нашым цымбалістам не будзе на чым граць.
“Планы не абмяркоўваюцца — яны выконваюцца!”
Менавіта так выказаўся намеснік старшыні Мінгарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў наконт недавыканання плана па аказанні платных паслуг па Мінску.Міністр культуры Уладзімір Матвейчук, аналізуючы работу сферы за тры месяцы года, ацаніў рэалізацыю паслуг насельніцтву як нездавальняючую.
Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі зазначыў, што ў кожным раёне штогод уводзіцца ў сярэднім 7 — 12 новых відаў паслуг. Аднак у Бешанковіцкім і Ліёзненскім раёнах цягам апошніх гадоў асартымент культурных паслуг так і не пашыраўся. Па папярэдніх даных, заданне за першы квартал не выканалі 3 рэгіёны з 25: гэта Браслаўскі, Дубровенскі, Талачынскі раёны. Не справіліся з заданнем тэатр “Лялька”, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, УП “Кінавідэапракат”. Не выканана заданне па тэатральных і цыркавых прадстаўленнях, паслугах кінатэатраў, відэасалонаў, паслугах музеяў і выставак.
 /i/content/pi/cult/205/2383/Kalegija1.jpg

 Выстаўка твораў юных мастакоў
у вестыбюлі ДМШ № 9.


Выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, устаноўленых Міністэрству культуры на першы квартал 2009 года, як засведчыла начальнік эканамічнага ўпраўлення Вольга Кананюк, магло б быць і лепшым. Справа ў тым, што не забяспечылі выкананне планавага паказчыка Брэсцкая, Гомельская (па 104%) вобласці і Мінск (111%). Не надта павялічыўся аб’ём платных паслуг па наведванні кінатэатраў, тэатральных прадстаўленняў, па навучанні ў студыях, гуртках, а таксама па паслугах бібліятэк...
Якасць інфармацыйных баз і банкаў
Начальнік аддзела кантролю і справаводства Міністэрства культуры Аляксандр Груздоў распавёў пра работу па выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 года № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата” ў 2008 годзе і ў першым квартале года бягучага.Дынаміка паказчыкаў прыёму, запісаў у кнігі заўваг і прапаноў паказвае на змяншэнне колькасці зваротаў, што пераконвае ў паляпшэнні якасці работы з грамадзянамі.
У апараце Міністэрства і ў 47 падпарадкаваных арганізацыях прадугледжаны папярэдні запіс грамадзян на асабісты прыём, што ўхіляе прычыны ўтварэння чэргаў і працяглага чакання прыёму. Але прыём у зручны для насельніцтва час наладжваецца не паўсюль.
Работа па інфарматызацыі кіравання галіной і аптымізацыі справаздачна-статыстычнай дзейнасці дазволіла Міністэрству культуры ўнесці ў Нацыянальны статыстычны камітэт прапанову аб скарачэнні чатырох форм цэнтралізаваных дзяржаўных статыстычных назіранняў, чатырох форм ведамаснай справаздачнасці. Але перадача Міністэрству функцый збору і абагульнення інфармацыі аб дзейнасці ўстаноў галіны з наступнай яе перадачай Белстату прад’яўляе выключна высокія патрабаванні да якасці вядзення інтэграваных інфармацыйных банкаў.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота Юрыя ІВАНОВА