Як даказаць права на пенсію?

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

Агульнавядома: у галіне культуры існуе шэраг катэгорый спецыялістаў, якія маюць права на атрыманне пенсіі за выслугу гадоў, — гэтае права замацавана ў заканадаўчым парадку і, здавалася б, не павінна падлягаць сумненням. Між тым, давялося сутыкнуцца яшчэ мінулай восенню з такім фактам, што, прызнаюся, паставіў мяне ў тупік. У Юрася Сяменчанкі, акцёра Беларускага тэатра “Лялька” з Віцебска, узніклі праблемы з афармленнем гэтай самай пенсіі. Пытанне будзённае, і сама тэма, узнікшы ў прыватнай размове, напачатку не падалася такой прынцыповай, маўляў, прадставіў неабходныя дакументы — і справа скончана. Але ж праз некаторы час, вярнуўшыся да той гісторыі, высветліла, што справа не толькі не завяршылася, але і стала сапраўдным галаўным болем і самога акцёра, і ўсяго кіраўніцтва тэатра “Лялька”.

На пачатку – ...
Сягнём у недалёкую гісторыю: у 1985 годзе ў Віцебску на базе Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа была створана лялечная трупа з функцыямі лялечнага тэатра. Як напісана ў лісце ад тагачасных начальніка ўпраўлення культуры Віцебскай вобласці Г.Клёсавай і дырэктара Белдзярждрамакадэмтэатра імя Я.Коласа Г.Асвяцінскага на адрас Міністэрства культуры ад 26.07.1985 г., “з мэтай паляпшэння эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення”. Ужо з 1 верасня ў штаце тэатра асобным падраздзяленнем зявілася 28 штатных адзінак, сярод якіх значыліся: “рэжысёр — 1, мастак — 1, артысты — 9, канструктар па тэхніцы руху лялек — 1…” Апантаныя сваёй працай, яны адразу ж узяліся за работу, і неўзабаве 3 снежня 1985 года зявіўся загад аб размеркаванні роляў у першымспектаклі тэатра лялек” — ім стала пастаноўка Мяцелавіч і БанцікІ. і Я. Запольскіх, дзе, дарэчы, быў заняты і акцёр Юрась Сяменчанка. Ужо праз два гады віцебскія лялечнікі наладзілі справаздачныя гастролі, у час якіх прадставілі чатыры свае спектаклі, прынялі ўдзел у тэатральным фестывалі ў Гродне. А ў 1989 годзе на падставе рашэння выканаўчага камітэта Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 18 снежня 1989 года ўся лялечная трупа драмтэатра была пераведзена ў адмыслова створаны Беларускі тэатрЛялька”, які неўзабаве атрымаў свой утульны будынак.
Тэатр жыў насычаным творчым жыццём, радаваў гледачоў прэмерамі, браў удзел у тэатральных фестывалях, адкуль вельмі часта вяртаўся з перамогамі і высокімі ўзнагародамі. Сёння, дзякуючы сваёй яркай і плённай працы, “Ляльказяўляецца Заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь.
Час няўмольна бяжыць, і калі для тэатра набліжэнне да 25 гадоў, як правіла, — пачатак творчай сталасці, то самім лялечнікам, што стаялі ля вытокаў стварэння калектыву, гэтая лічбанагадалапра выслугу гадоў і права на пенсію. Аднак Юрасю Сяменчанку ў якасці першага пенсіянератэатра давялося сутыкнуцца з тым, што ягоная праца ў лялечнай трупе Коласаўскага тэатра ў якасці акцёра-лялечніка паставілася пад сумненне
А ці быў тэатр?..
У юрыдычных тонкасцях пытання мы разбіраліся разам з інспектарам па кадрах Беларускага тэатра “Лялька” Нінай Сауліч.— Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”, — распавядае Ніна Мікалаеўна, — акцёры, якія працуюць у тэатрах лялек, пасля 25 гадоў працоўнага стажу маюць права на пенсію па выслузе. І наш вядучы майстар сцэны Юрась Сяменчанка падаў у сувязі з гэтым адпаведную заяву: на дадзены момант ягоны працоўны стаж налічвае амаль 28 гадоў, улічваючы папярэднюю работу ў лялечных тэатрах Мангышлака, Белгарада, Смаленска. Аднак пад пытаннем у адпаведных інстанцыях аказалася ягоная праца артыстам лялечнай трупы пры драмтэатры: маўляў, у пераліку прафесій, якія маюць права на пенсію па выслузе гадоў, значацца толькі “артысты тэатраў лялек” са спасылкай: “артысты-лялечнікі ў тэатрах лялек і канцэртных арганізацыях”. Такога ж паняцця, як “лялечная трупа пры драматычным тэатры”, проста не існуе.
Такім чынам, паўстала неабходнасць пацвярджэння таго, што лялечная трупа драматычнага тэатра займалася сваёй непасрэднай працай і на самой справе выконвала функцыі тэатра лялек. Аднак жа сама трупа існавала, і не намінальна! Мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” заслужаны дзеяч мастацтваў Віктар Клімчук, які стаяў ля вытокаў гэтага калектыву, расказвае наступнае:
— Я працаваў рэжысёрам у Валгаградскім тэатры лялек, калі адзін знаёмы акцёр сказаў мне: “У тваім родным Віцебску збіраюцца адкрываць тэатр лялек”. Я, не адкладваючы справы ў доўгую скрыню, напісаў ліст да Галіны Клёсавай, тагачаснага начальніка ўпраўлення культуры, і яна мне адказала, што, сапраўды, на базе драмтэатра плануецца стварэнне самастойнай лялечнай трупы, і мне варта звярнуцца непасрэдна да кіраўніцтва Коласаўскага тэатра. Я звязаўся з Асвяцінскім, які пацвердзіў мне гэты намер, і ўжо ў верасні 1985-га, пасля працы ў Роўне, прыехаў сюды. Мяне, натуральна, накіравалі на зацвярджэнне ў Міністэрства культуры, і я літаральна адразу ж пачаў набіраць трупу. Ужо з самага пачатку мы выпускалі свае спектаклі і нават мелі на іх асобнае фінансаванне: на лялечную трупу выдзялялася 36 тысяч рублёў на год — лічба па тых часах вялікая.
Вось толькі абсалютна нечакана для самога тэатра аказалася, што сёння, усяго праз чвэрць стагоддзя, практычна немагчыма адшукаць дакументы, якія б неаспрэчна даказалі “лялечны” статус калектыву. Ніна Сауліч працягвае:
— У пошуках “канцоў” яшчэ ў мінулым годзе мы зрабілі запыт у Міністэрства культуры з просьбай пацвердзіць правамернасць назначэння пенсіі па выслузе для Юрася Сяменчанкі і атрымалі на наш зварот пацверджанне: “работа на пасадзе акцёра ў дадзеным выпадку залічваецца ў стаж працы, неабходнай для налічэння пенсіі за выслугу гадоў”.
Шукаючы пацвярджэнне таго, што лялечная трупа пры драматычным тэатры і ўяўляла з сябе, па сутнасці, тэатр лялек, мы звярнуліся ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Там адшукалі і перадалі нам згаданую ўжо копію ліста ў Міністэрства культуры БССР Г.Клёсавай і Г.Асвяцінскага з прапановай аб стварэнні пры тэатры лялечнай трупы, штатны расклад Коласаўскага тэатра, у якім асобным блокам выдзелена лялечная трупа, загады дырэктара тэатра па размеркаванні роляў на 1986 год у спектаклях тэатра лялек “Мяцелавіч і Банцік” ды “Дзед і жораў”. А ў канцы адказу за подпісам дырэктара архіва-музея Г.Запартыкі: “Іншых дакументаў аб стварэнні трупы (ці тэатра) лялек у архіўным фондзе Беларускага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа за 1985 г. не знойдзена”. Мы “перакапалі” і наш абласны архіў, перагледзелі за азначаны перыяд усе рашэнні аблвыканкама, ды толькі больш нідзе нічога няма пра лялечную трупу — аніякага дакумента! Але я думаю, што і тых дакументальных сведчанняў, што маюцца, дастаткова для таго, каб пацвердзіць: лялечная трупа займалася сваёй работай і стварала спектаклі асобна ад драматычнага тэатра.
Акцёр ці артыст?
Дырэктар Беларускага тэатра “Лялька” Ларыса Чупахіна, старанна падбіраючы словы, кажа:
— Сутыкнуўшыся з гэтай сітуацыяй, міжволі задаешся пытаннем: ці не фармальна часам ставяцца да сацыяльнай абароны ўпаўнаважаныя структуры? А між тым, дзяржава задэкларавала той факт, што акцёры тэатраў лялек маюць права выйсці на пенсію па выслузе гадоў.
Але ж на гэтым шляху паўстаюць нюансы-“пасткі”, якія не так і проста пераадолець. Дарэчы, у рэспубліцы акцёраў тэатраў лялек, хто мае права на падобную пенсію, не так і шмат, — усяго некалькі дзесяткаў.
Эмацыянальнасць гэтай рыторыкі цалкам зразумелая ў святле таго, што яшчэ адной “зачэпкай” у справе налічэння прафесійнага стажу была адмова інстанцый улічваць працу Юрася Сяменчанкі ў тэатрах лялек Мангышлака, Белгарада і Смаленска: маўляў, у яго працоўнай кніжцы маецца запіс “акцёр”, а гэткай прафесіі ў Кваліфікацыйным даведніку прафесій не значыцца, ёсць толькі — “артыст”. Беларускі тэатр “Лялька” выйшаў на ўсе гэтыя тэатры, і яны зрабілі неабходныя папраўкі ў дакументах, даслалі афіцыйныя пацвярджэнні аб іх правамернасці.
Але ...
— Спецыялісты галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, — кажа Ніна Сауліч, — прапануюць нам кіравацца афіцыйным дакументам — Пералікам асобных катэгорый артыстаў і іншых тэатральна-відовішчных прадпрыемстваў і калектываў, якія маюць права на пенсію за выслугу гадоў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 1992 года № 665, апелюючы да таго, што пенсіі па выслузе прадугледжаны для “артыстаў-лялечнікаў у тэатрах лялек і канцэртных арганізацыях”...
Зрэшты, гэткая фармуліроўка, як “артыст-лялечнік”, існавала вельмі нядоўга, і зараз у тарыфікацыйным кваліфікацыйным даведніку, згодна з папраўкай ад 16 кастрычніка 2001 № 1505, Чорным па белым напісана: “артыст тэатра лялек”. І незразумела, чаму, намагаючыся даказаць няправільнасць запісу ў працоўнай кніжцы за 1983 год, спецыялісты ўпраўлення так настойліва патрабуюць зрабіць артыста “лялечнікам”, спасылаючыся на Пералік 1992 года? Чаму б не спаслацца на апошні дакумент — Пералік 2008 года, які дзейнічае на сённяшні момант?
Не дзіва, што напрыканцы наведвання Беларускага тэатра “Лялька” ў мяне ўжо не выклікалі ўнутранага пратэсту эмацыянальныя і надзвычай красамоўныя паралелі, што даводзілася чуць з вуснаў работнікаў тэатра: маўляў, у часы Вялікай Айчыннай вайны для таго, каб даказаць, што ты быў у партызанскім атрадзе, дастаткова было пацвярджэнняў двух-трох людзей — чалавеку верылі. Зараз жа не вайна, ды і часу з моманту стварэння лялечнай трупы прайшло зусім няшмат, — жывых сведкаў поўны горад, у тым ліку і ў самім тэатры. Чаму ж сёння ніхто не верыць відавочным фактам? Прытым, што нават на заканадаўчым узроўні ў Палажэнні аб парадку пацвярджэння і налічэння стажу працы для назначэння пенсій прадугледжваецца наступнае: “Пры адсутнасці дакументаў аб працы і немагчымасці іх атрымання ў сувязі з прыпыненнем дзейнасці працадаўцы ці па іншых прычынах (...) і адсутнасці архіўных даных перыяды работы могуць устанаўлівацца на падставе паказанняў не меней чым двух сведкаў...”
* * *
Гісторыя вядучага майстра сцэны Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускага тэатра “Лялька” Юрася Сяменчанкі, мусіць, не апошняя, — следам за ім неўзабаве права на пенсіі па выслузе пажадаюць скарыстаць і іншыя старажылы-заснавальнікі тэатра. А таму газета “Культура” абавязкова прадоўжыць даследаванне гэтай гісторыі, і з дапамогай прадстаўнікоў адказных структур, кампетэнтных спецыялістаў у гэтай галіне паспрабуе разабрацца ў сітуацыі. А пра вынікі паведамім у адным з бліжэйшых нумароў.


Таццяна КОМАНАВА