Клопат пра кожнага, клопат ад кожнага!

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

23 красавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выступіў з Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. У ім Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, у тым ліку, на выкарыстанне патэнцыялу культуры ў жыцці нашага грамадства.

З Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Год роднай зямлі на Беларусі павінен стаць агульнанацыянальнай стратэгіяй
“Наша любоў да Радзімы, роднай зямлі — гэта гістарычна абгрунтаваная і глыбока ўсвядомленая рыса нацыянальнага характару. Таму заканамерна, што 2009 год абвешчаны Годам роднай зямлі. Яго правядзенне павінна стаць агульнанацыянальнай стратэгіяй, якая абудзіць людзей розных поглядаў да ўзаемаразумення, супрацоўніцтва і агульнай адказнасці”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
У Беларусі неабходна забяспечваць развіццё і прапаганду нацыянальных традыцый
Па словах Кіраўніка дзяржавы, для фарміравання сацыяльна актыўнай асобы неабходна эфектыўней выкарыстоўваць патэнцыял культуры ў шырокім сэнсе гэтага паняцця, што ўключае культуру паўсядзённага жыцця, побыту, чалавечых адносін, павагу да айчыннай гісторыі і гонар за сваю краіну. Сёння на Беларусі адкрыта 95 дамоў рамёстваў і 100 дамоў фальклору, больш за 2,5 тыс. гурткоў, лабараторый і майстэрняў народнага мастацтва, аднак слава майстроў, якія там працуюць, у большасці сваёй не выходзіць за межы горада ці раёна. “Важна не проста захоўваць узоры самабытнага мастацтва, але і забяспечваць развіццё і прапаганду нацыянальных традыцый,” — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што наша маладая дзяржава выдзяляе велізарныя сродкі на падтрыманне разнастайных сфер мастацтва і культуры. У больш чым 9 тыс. устаноў культуры працуе больш за 46 тыс. чалавек. Гэта велізарная сіла, чый творчы і ідэйна-выхаваўчы патэнцыял рэалізаваны далёка не ў поўнай ступені. “На жаль, вымушаны адзначыць, што за апошнія гады не з’явілася ніводнага магутнага спектакля нацыянальнай, патрыятычнай тэматыкі, які прагрымеў бы на ўсю краіну. Заніжана патрабавальнасць да адбору сапраўды таленавітых твораў у іншых відах мастацтва”, — канстатаваў Прэзідэнт Беларусі.
У моўных пытаннях нельга скочвацца да местачковага нацыяналізму
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2008 годзе Беларусь здзейсніла беспрэцэдэнтны на тэрыторыі СНД крок: прыняла Закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Цяпер належыць правесці вялікую работу па ўкараненні новых правілаў у жыццё, выхаванні беражлівых адносін да норм літаратурнай мовы, недапушчэнні яе засмечвання і расцягвання на мясцовыя дыялекты.
“Дарэчы, такі клопат не азначае, што мы адмаўляемся ад другой роднай нам мовы, — рускай. У гэтых пытаннях нельга скочвацца да абмежаванага і агрэсіўнага местачковага нацыяналізму”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка паставіў органам улады задачу на самым высокім узроўні арганізаваць работу з ветэранамі.
Кожны ўдзельнік вайны павінен адчуваць пастаянны клопат з боку дзяржавы, грамадскасці. “Гэта справа сумлення і абавязак кожнага з нас, — лічыць Прэзідэнт. — Мы многім абавязаны ім, і яны маюць права разлічваць на клапатлівыя адносіны да сябе дзяржавы”. Ён звярнуўся да прысутных у зале: “Дайдзіце да кожнага ўдзельніка вайны, не пакіньце яго без увагі, з нявырашанымі праблемамі”.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што святкаванне 65-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дапаможа ўмацаваць духоўную повязь паміж пакаленнямі, заставацца вернымі запаветам дзядоў і бацькоў, што заклалі асновы для паспяховага развіцця беларускай дзяржавы.
* * *
2009 год багаты на лёсавызначальныя для краіны гістарычныя даты.
“У студзені мы адзначылі слаўны юбілей — 90 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У верасні споўніцца 70 гадоў з дня ўз’яднання спрадвечных беларускіх тэрыторый у адну дзяржаву, — адзначыў Прэзідэнт. — І, канешне, самае значнае для нас свята — 65-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. У саюзе з іншымі народамі СССР і антыгітлераўскай кааліцыяй беларусы не проста перамаглі, не проста адстаялі сваё права жыць на роднай зямлі, але і ўнеслі велізарны ўклад у вялікую сусветна-гістарычную Перамогу над нацызмам — ідэалогіяй, што сцвярджала фундаментальную няроўнасць народаў.
Подзвіг нашых бацькоў і дзядоў, велізарныя ахвяры, прынесеныя на алтар Перамогі, памяць пра іх — усё гэта павінна служыць сённяшняму пакаленню прыкладам яднання народных сіл, адстойвання інтарэсаў Бацькаўшчыны і сёння, падкрэсліў беларускі Лідэр.
“Лічу, што ў Год роднай зямлі павінны згуртавацца ўсе беларусы: не толькі пражываючыя на Радзіме, але і тыя, што апынуліся ў выніку розных абставін за мяжой. Беларуская дыяспара павінна адчуваць далучанасць да тых падзей, што адбываюцца ў краіне, але і мы павінны праявіць свой клопат пра суайчыннікаў, якія апынуліся за мяжой,” — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Кіраўніка дзяржавы, цяперашні год — гэта яшчэ адна нагода для кансалідацыі ўсіх палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, што стаяць на дзяржаўных пазіцыях. “Нельга дазволіць вузкапартыйным альбо канфесійным поглядам парушыць грамадзянскі мір і згоду ў дзяржаве і грамадстве, бо сапраўдным патрыётам няма чаго дзяліць: Беларусь у нас адна на ўсіх”, — падкрэсліў ён.
“Асабісты ўдзел кожнага чалавека ў вырашэнні задач, што стаяць перад краінай, салідарная адказнасць улады і ўсіх грамадзян за дзяржаўную палітыку, што праводзіцца, з’яўляюцца важнейшымі ўмовамі захавання міру і ўстойлівага развіцця Беларусі”, — заключыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле інфармацыі БелТА