У кантэксце новай мадэлі

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

У маляўнічых мясцінах Барысаўскага раёна, за якімі неафіцыйна замацавалася назва “Мядоцкі край”, ёсць бібліятэка-музей народнай творчасці і побыту вёскі Леванова. Установа дзейнічае ў адпаведнасці з рашэннем Барысаўскага райвыканкама ад 2008 года і згодна з абласной праграмай “Традыцыйная культура і дзеці”. Дарэчы, стварэнне бібліятэкі-музея — лагічны працяг краязнаўчага праекта “Барысаўскі край — нашы слава і гонар”, які рэалізоўваюць установы, падпарадкаваныя Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева.

 /i/content/pi/cult/204/2379/Ukanteksce.jpg
Удзельніцы аб’яднання “Субацея”.

Як жа стваралася новая мадэль бібліятэчнага абслугоўвання? Бібліятэкар Марыя Несцяровіч вызначыла месца для экспазіцыі, паспрабавала распрацаваць яе канцэпцыю. Дапамаглі супрацоўнікі Барысаўскага дзяржаўнага аб’яднанага краязнаўчага музея. Было вырашана ўзяць пад увагу тыя аспекты гісторыі Леванова, якія найбольш поўна адлюстроўваюць сямейны лад жыцця сялян канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя... Вывучылі пажаданні, зыходзячы з іх сабралі экспанаты, вызначылі, што ў бібліятэцы будзе прадстаўлена калекцыя “Прадметы побыту і этнаграфіі”, адзін з раздзелаў экспазіцыі стане “Беларускай хатай”. Сельская бібліятэка неўзабаве набыла статус “Бібліятэка-музей народнай творчасці і побыту вёскі Леванова”. Падкрэслю, што праца ішла над стварэннем не музея пры бібліятэцы, а менавіта бібліятэкі-музея.
Уся ўстанова ў той ці іншай ступені — музей: экспанаты — на ўваходзе, ва ўсіх пакоях прысутнічаюць прадметы побыту, прылады для апрацоўкі льну, мастацкія вырабы з лазы, саломкі, дрэва, а таксама посцілкі, вышыўкі, ручнікі, карункі. Бібліятэкар выкарыстоўвае іх у афармленні выставак, пры правядзенні мерапрыемстваў. У асноўнай экспазіцыі — “Беларуская хата” — адлюстравана ідэя асветніцтва, распаўсюджвання культуры праз кнігу.
На другім этапе вызначалася структура бібліятэкі-музея, распрацоўваліся нарматыўныя дакументы... Дзейнасць установы рэгламентавана спецыяльна распрацаваным палажэннем, згодна з якім бібліятэкар забяспечвае вядзенне ўліковай дакументацыі бібліятэчных і музейных фондаў, нясе адказнасць за іх захаванасць.
Менавіта так змяніўся профіль камплектавання і інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці. Сельская па сваім статусе і публічная па прызначэнні бібліятэка пераўтварылася ў культурна-асветніцкі цэнтр, які прыцягвае чытачоў і выхоўвае патрыятызм у дзяцей і моладзі. А вынікам краязнаўчай дзейнасці ўстановы можна лічыць летапіс вёскі Леванова, які ствараўся ў 2004 — 2005 гадах. Фонд бібліятэкі налічвае 6340 экземпляраў дакументаў, 86 экспанатаў знаходзяцца ў музейным фондзе, жыхары вёскі працягваюць папаўняць калекцыю ручнікамі, мужчынскімі і жаночымісарочкамі з вышыўкай, прадметамі побыту мінулых стагоддзяў.
Пры ўстанове больш за 5 гадоў дзейнічае клуб “Субацея”, які аб’ядноўвае вяскоўцаў пераважна сталага ўзросту. Гэта Сафія Моніч, Марыя Несцяровіч, Таццяна Багаслава, Марыя Баравуля, Рэгіна Каламіец, Надзея Галуза і Марыя Савіч, якія з’яўляюцца асноўнымі дарыцелямі экспанатаў.
Шмат мерапрыемстваў праводзіцца і для маленькіх чытачоў. Для іх ладзяцца святы з цыкла “Народны каляндар”, праводзяцца тэматычныя экскурсіі па музеі — “Жыла-была вёска”, “Так жылі нашы бабулі і дзядулі”... Дзеці не толькі знаёмяцца з побытам беларускай сям’і, жыццём беларускай вёскі, але і могуць пераняць практычны вопыт старэйшага пакалення: удзельнікі клуба “Субацея” вучаць школьнікаў ткаць посцілкі, прасці кужаль, плесці карункі, выконваць старадаўнія песні.
На адным з пасяджэнняў клуба “Субацея” яго ўдзельнікі вырашылі, што “Беларускай хаце” патрэбны Гаспадар і Гаспадыня, бо без іх няма гаспадаркі. Сказана — зроблена. Цяпер наведвальнікаў і чытачоў бібліятэкі-музея сустракаюць самаробныя лялькі, названыя ў гонар мясцовых старажылаў — Марфы і Курылы Кавалёвых.
Бібліятэка-музей — гэта дынамічная ўстанова з пастаяннай пошукавай працай. Канешне, дзейнасць яе патрабуе значных інтэлектуальных, матэрыяльных і часавых затрат. Але і вынік, пагадзіцеся, уражвае.

Алена КАПЫТОК,
вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу
Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева