Які ён, англійскі “Сейбіт”?

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

Пітэр Хіксан — мастак, які вось ужо больш за трыццаць гадоў жыве... у Магілёве. Па шчаслівай, як ён лічыць, выпадковасці ў 1970-я Пітэр аказаўся ў Беларусі, сустрэў тут будучую жонку і застаўся назаўсёды.

 /i/content/pi/cult/204/2376/Sejbity.jpg

П.Хіксан. “Графіці”.

Ён піша карціны з адзінаццаці гадоў — з таго часу, як упершыню пабываў у Лонданскай галерэі і ўбачыў палотны вялікіх майстроў: Уільяма Тэрнера, Клода Манэ, Поля Гагена.
Карціны Хіксана — не проста якасны сучасны жывапіс, але і адкрыццё ягонай душы, гэта погляд англічаніна на жыццё ў Беларусі — краіне, што стала яму другой радзімай. Праз жывапісныя прыёмы, якія заключаюць у сабе некаторыя стылістычныя элементы, уласцівыя Пабла Пікаса, мастак апавядае пра жыццё чалавека ва ўсіх праявах: у побыце і палётах душы, у каханні і прыгажосці.
Пітэр Хіксан — рознабаковы чалавек з мноствам талентаў. Ён скончыў Кембрыджскі універсітэт, захапляецца літаратурай, сам піша апавяданні: так званыя “short stories” — кароткія гісторыі-разважанні. Такія ж і яго карціны, што сёння прадстаўлены ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва: простыя назіранні, выявы паўсядзённасці, з якой сутыкнуўся мастак, калі пераехаў жыць у Беларусь. Перабудова, распад Савецкага Саюза, цяжкасці побыту, разам з эмоцыямі і перажываннямі аўтара, перанесліся на яго палотны (“1992”, “Сейбіт”, “Прадуктовая карзіна”). “Мы — гэта адлюстраванне нашага жыцця, усяго, чаго мы дасягнулі, — кажа Пітэр, — таму што мы з’яўляемся часткай усяго існага, хаця часам і не ўсведамляем гэтага”.
“Кароткія гісторыі” Пітэра Хіксана вельмі паэтычныя. Доказ таму — прысутнасць у экспазіцыі некалькіх карцін, якія змяшчаюць у сабе сюжэтныя лініі твораў любімага паэта мастака — Пабла Неруды. У іх шмат асацыяцый і сімвалаў, зразумелых кожнаму: мір і дабро, яднанне чалавека і прыроды і, што самае галоўнае, — перамога духоўнага свету над матэрыяльным. Менавіта да гэтага імкнецца Пітэр Хіксан у сваім жыцці і творчасці. “Мне хацелася б дасягнуць стану, пры якім я мог бы маляваць так жа лёгка і натуральна, як дыхаю, размаўляю ці адчуваю, і ніякія грошы тут не дапамогуць”.

Марыя МІХАЙЛАВА,
супрацоўнік Гарадской мастацкай галерэі
твораў
Л.Шчамялёва, куратар выстаўкi