365 крокаў па сядзібе Гутэн-Чапскіх

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

У межах навуковай канферэнцыі, прысвечанай 180-годдзю з дня нараджэння Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, арганізаванай Нацыянальным музеем гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, адбылося падарожжа “Род Чапскіх на Міншчыне”. Яго ўдзельнікі пабывалі ў Прылуках, Воўчкавічах, Дзяржынску. Апошнім пунктам сталася мястэчка Станькава, дзе вандроўнікі наведалі краязнаўчы музей мясцовай сярэдняй школы. А стартавала падарожжа ад Нацыянальнай бібліятэкі, дзе гэтымі днямі праходзіла гісторыка-мемарыяльная выстаўка “Жыццё — Айчыне, гонар — нікому”.

Дарэчы, вандроўку ажыццявілі нашчадкі роду — Аляксандра Ваньковіч і Аранда Эдуарда Гадлеўскі, якія прыехалі паўдзельнічаць у канферэнцыі з ЗША, а таксама мінчанка, кандыдат педагагічных навук Валянціна Выхота.
“К” не аднойчы звярталася як да гісторыі славутага роду, так і шматкроць пісала пра мясціны, звязаныя з Чапскімі. Зараз жа ў цэнтры ўвагі экскурсантаў была рэканструкцыя “Скарбніцы” ў Станькаве... 

Разам з імператарам Птушкаловам
Першыя згадкі пра славуты род адносяцца да 930 года, калі, як сведчаць гістарычныя дакументы, маршал германскіх войскаў Эрнрэйх фон Гутэн разам з імператарам Генрыхам I Птушкаловам Саксонскім змагаўся супраць гунаў. У 1121-м Гутэны атрымалі тытул графаў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пазней за змаганне з прусамі яны былі залічаны ў лік польскіх рыцараў, а ў XV наблізіліся да каралеўскага двара Польшчы. У XVII стагоддзі прадстаўнікі роду пасяліліся на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Беларуская галіна Гутэнаў валодала землямі, якія займалі тэрыторыю ад Мінска да Стоўбцаў.
 /i/content/pi/cult/204/2375/Syadziba1.jpg

Алея станькаўскай сядзібы Чапскіх.

Прамавугольнік памерам 50 на 100 кіламетраў і плошчай больш за 40 тысяч гектараў, што назвалі Станькаўскім Ключом, меў шматлікія вёскі, фальваркі, лясы, млыны, бровары. Падобныя “Ключы” ў Гутэн-Чапскіх знаходзіліся ў Польшчы, Аўстрыі, Францыі, Германіі.
Чапскія, як вядома, аказалі значны ўплыў на культурнае і эканамічнае развіццё Міншчыны. Да прыкладу, Эмерык Чапскі, знакаміты як калекцыянер, збіральнік буйных нумізматычных і мастацкіх калекцый, а яго сын Караль у 1890 — 1901 гг. быў гарадскім начальнікам Мінска, прымаў удзел у наладжванні працы шматлікіх прадпрыемстваў, першай гарадской электрастанцыі.
У Беларусі вывучэннем гісторыі графаў Гутэн-Чапскіх займаюцца многія гісторыкі, краязнаўцы. У іх ліку — члены аб’яднання “Прылуцкая спадчына” Прылуцкага цэнтра народнай творчасці Мінскага раёна, чыімі намаганнямі на выстаўцы ў Нацыянальнай бібліятэцы можна пазнаёміцца з партрэтамі Эмерыка Чапскага і іншых прадстаўнікоў роду, кнігамі, альбомамі, архіўнымі дакументамі з фондаў аб’яднання.
Пад знакам герба “Леліва”
...З Мінска маршрут экскурсіі “Род Чапскіх на Міншчыне” пралягаў у Прылукі, што знаходзяцца за 8 кіламетраў ад сталіцы. Праз невялікі адрэзак часу перад удзельнікамі падарожжа паўстаў тамтэйшы палац, прыгожы парк.
Сядзіба Прылукі вядомая з ХVII cтагоддзя. З цягам часу палац у ёй набыў неагатычныя рысы. Стары італьянскі парк пераўтварыўся ў пейзажны. З 1872 па 1917 гг. Прылукі былі маёмасцю графа Эмерыка Чапскага, але жыла ў ім сям’я Ежы Чапскага. Прылукі — адзін з вялікіх маёнткаў Станькаўскага Ключа....
Ад уязной Брамы да палаца вядзе алея шырынёй 8 метраў. На ёй захавалася 6 старых ліп. Цікава, што даўжыня алеі была 365 крокаў — па колькасці дзён у годзе. Каля партэра знаходзілася 30-метровая чатырох’ярусная неагатычная вежа з гадзіннікам. Цікавы яшчэ і такі факт: у 1926 годзе, у тым ліку і ў Прылуках, кінастудыя “Савецкая Беларусь” зняла першы айчынны мастацкі фільм паводле аповесці Міхася Чарота “Лясная быль”.
 /i/content/pi/cult/204/2375/Syadziba2.jpg

 Макет маёнтка Чапскіх у Станькаве.


Прылуцкаму дому графаў Чапскіх пашанцавала: пасля Другой сусветнай вайны ён быў адноўлены паводле двух малюнкаў Напалеона Орды, які гасцяваў у Прылуках і адлюстраваў палац так, як пабачыў яго ў ХІХ стагоддзі. Захаваўся і адметны тутэйшы парк, закладзены напрыканцы ХVІІ стагоддзя. Галоўная ж уязная ліпавая алея была ў 1963 — 1964 гг. адноўлена навуковымі супрацоўнікамі Беларускага навукова-даследчага інстытута аховы раслін, які размясціўся пасля вайны ў былым графскім палацы.
І калі ліпам больш за 100 гадоў, то самім Прылукам — ужо 500. Першы ўспамін пра гэты край датуецца 1473 годам. Пасля вайны ў будынку размяшчалася лабараторыя па барацьбе з каларадскім жуком, а потым яго заняў згаданы інстытут. Яго супрацоўнікі адкрылі музей, які распавядае пра гісторыю будынка, навуковую ўстанову. Калі знешне палац выглядае так, як яго заспелі апошнія гаспадары — графы Чапскія, дык яго ўнутранае начынне пазбаўлена колішняга шыку. А шкада, бо ранейшыя інтэр’еры палаца, багатыя і прыгожыя, з’яўляліся яркім адлюстраваннем сваёй эпохі. Пакоі палаца мелі дубовы паркет, пазалочаную ляпніну на столях, у парадных пакоях стаяў дубовы, абцягнуты скурай, мэблевы гарнітур у стылі Людовіка ХV, тут знаходзіліся раялі, піяніна, гданьскія куфры, палотны Яна Мацейкі, фамільныя партрэты, мініяцюры ХVIII — XIX стст., срэбра, саксонскі і французскі фарфор ХVIII ст. На першым паверсе месцілася біблітэка, якая змяшчала некалькі тысяч тамоў. Кнігі мелі экслібрыс і родавы герб Чапскіх “Леліва”. Найбольш каштоўныя рэчы на пачатку Першай сусветнай вайны былі страчаны, штосьці трапіла ў Варшаву.
Станькаўскі Ключ — кантынент культуры
Экскурсійны маршрут, распрацаваны гісторыкам, кіраўніком аб’яднання “Прылуцкая спадчына” Ігарам Гатальскім, прывёў удзельнікаў падарожжа ў Станькава. Маёнтак графаў фон Гутэн-Чапскіх, які займае плошчу 15 гектараў, уражвае. Калісьці сядзібу называлі “кантынентам культуры” і “маленькай Еўропай у вялікай Еўропе”. Аднак час яе не пашкадаваў. Захаваліся кузня, флігелі — для слуг і кухонны з падземным ходам, што вёў у графскі палац. Партызаны спалілі палац, дзе пад час Вялікай Айчыннай вайны былі раскватараваны фашысты, і цяпер на яго месцы знаходзіцца школа-інтэрнат. Захаваліся таксама напалову ацалелая воданапорная вежа, кароўнік, свіран. Ёсць тут камень, пастаўлены у гонар Статута Вялікага княства Літоўскага, “Cкарбніца” — былая бібліятэка, склеп ды альтанка на беразе возера, у якім плавалі белыя лебедзі. З высокага месца, дзе знаходзіўся палац, адкрываецца цудоўны від на храм у гонар Святога Мікалая Цудатворца, што зараз аднаўляецца.
/i/content/pi/cult/204/2375/Syadziba3.jpg 
“Скарбніца” аднаўляецца.
Вакол колішняга палаца знаходзіўся вялікі пейзажны парк. У ім некалі расло больш за восем тысяч дрэў і кустоў.
Зараз ідзе рэканструкцыя, — распавёў наш гід па мясцінах, звязаных з імем Чапскіх, навуковы кіраўнік матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці — Станькаўскага палацава-паркавага ансамбля Дзяржынскага раёна Алег Масліеў, — аднаго з найбольш прыгожых павільёнаў сядзібы — “Скарбніцы”, якую пабудавалі для захоўвання кніг найбагацейшай бібліятэкі, нумізматыкі і мастацкага збору. Гэтыя каштоўнасці славіліся на ўсю Беларусь. У “Скарбніцы” знаходзілася больш за 20 тысяч выданняў, старажытных карт, медалёў, гравюр, карцін, старой парцаляны і зброі. У 1894 годзе, калі Эмерык Чапскі падзяліў свае землі паміж дарослымі сынамі, Станькава займае Караль — будучы “мэр” Мінска, які прыязджае сюды разам са сваёй жонкай Марыяй з роду Пуслоўскіх. Пасля 1917 года “Скарбніца”, дзе знаходзіліся пазалочаныя фаліянты, іконы і манаршыя партрэты, як і сядзіба, была разрабавана....
Гісторыя Прылукаў, Станькава не завершана. Сёння яе “пішуць” новыя людзі. Сведчаннем таму — краязнаўчы музей станькаўскай сярэдняй школы, экспанаты якога сабраны высілкамі вучняў, выпускнікоў, краязнаўцаў, энтузіястаў.
Шмат зрабіў выпускнік школы Алег Масліеў па аднаўленні станькаўскіх помнікаў архітэктуры. Ён выканаўмакеты палаца, іншых збудаванняў сядзібы і падарыў іх школьнаму музею. Па гэтых макетах можна ўявіць, якім быў палацава-паркавы ансамбль пры Чапскіх.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота аўтара