Чый медаль на паспарту?

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

Сігізмунд Юркоўскі (1838? -1901 гг.) быў адным з першых віцебскіх фатографаў і ўвайшоў у гісторыю фатаграфіі як вынаходнік шторна-шчыліннай засаўкі, якая стала правобразам механізма, што выкарыстоўваецца ў сучасных “мыльніцах”.

 /i/content/pi/cult/204/2374/Medal1.jpg

Сігізмунд Юркоўскі.

У 1866 годзе Юркоўскі прыехаў у Віцебск, а ўжо ў наступным адкрыў тут сваё фотаатэлье на вуліцы Замкавай. Сёння ж Віцебскі абласны краязнаўчы музей прадставіў набор паштовак з выявамі горада, зафіксаванымі камерай майстра.
Шматлікія віцябчане звярталіся ў фотамайстэрню Юркоўскага, каб замовіць свой фотапартрэт. Сярод яго кліентаў быў і мастак Ілля Рэпін.
Фатаграфіі Сігізмунда Антонавіча дазваляюць убачыць і аблічча самога Рэпіна, і экстэр’ер ягонага дома ў Здраўнёве, які фатограф зняў у 1895 годзе, і майстэрню мастака. Дарэчы, на адной з фатаграфій Юркоўскага захаваўся фрагмент карціны “Хрыстос”, якая, на жаль, не дайшла да нашых дзён.
Сігізмунд Юркоўскі зрабіў таксама шмат пейзажных здымкаў Віцебска, Полацка і іншых гарадоў губерні. І дзякуючы гэтым фотаздымкам сёння мы можам “прагуляцца” па Віцебшчыне канца XIX стагоддзя.
Як распавяла Вольга Давідоўская, навуковы супрацоўнік музея, якая непасрэдна займалася выданнем набору паштовак, у фондах установы захоўваецца 27 сапраўдных фатаграфій Юркоўскага, дзе адлюстраваны розныя куткі нашага горада.— Сёння найбольшы інтарэс уяўляюць здымкі Юркоўскага з краявідамі Віцебска канца XIX стагоддзя, — паведаміла Вольга Давідоўская.
— Гэта той перыяд, калі горад змяняў сваё аблічча, што было звязана, у першую чаргу, з развіццём капіталістычных адносін. Павялічылася колькасць камяніц, з’явіліся новыя тыпы грамадскіх будынкаў: банкі, прамысловыя прадпрыемствы, адміністрацыйныя, медыцынскія і вучэбныя ўстановы, вакзал. Многія з гэтых аб’ектаў патрапілі ў аб’ектыў фатографа.
Найбольшую ж гістарычную каштоўнасць, вядома, маюць здымкі з выглядам будынкаў, якіх ужо даўно не існуе. Сярод іх — Марыінская жаночая гімназія, Аляксандраўская мужчынская гімназія, Мікалаеўскі сабор, які стаяў на цяперашняй плошчы Свабоды, касцёл Святога Антонія.Кожны фатограф таго часу спрабаваў прыцягнуць кліентаў, у тым ліку, і афармленнем фатаграфій.
У Юркоўскага афармленне — простае і, адначасова, арыгінальнае. Кожны здымак аздоблены графічнай рамкай, нібы падвешанай з дапамогай вітага шнура на
 /i/content/pi/cult/204/2374/Medal2.jpg
  Касцёл Святога Антонія ў Віцебску.
цвічок.
Сігізмунд Антонавіч быў не толькі фатографам, але і грамадскім дзеячам. Ён быў членам гарадской Думы, а ў 1871 годзе — адным з арганізатараў і ўдзельнікаў у Віцебску Першай мастацка-археалагічнай выстаўкі. Акрамя таго, Юркоўскі быў актыўным дзеячам фатаграфічнага аддзела Імператарскага Рускага тэхнічнага таварыства, чый медаль упрыгожвае паспарту яго здымкаў.
Памёр вядомы фатограф у ноч на 7 лютага 1901 г. у Коўне, а пахаваны на Віцебскіх могілках пры касцёле Святой Варвары.

Алена АЛІМАВА
Віцебск