Ненапружліва і з дранікамі

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

У Музеі гісторыі кіно адкрылася выстаўка жывапісу Віктара Ціханава і інсталяцый дызайнера Сяргея Шылы, вернісаж якой завяршыўся дабрачыннай акцыяй на карысць аднаго з дзіцячых дамоў Мінска. Удзельнікі мінулагодняй “Арт-бульбы” падрыхтавалі праект, які стаў працягам “смачнай” тэмы.

 /i/content/pi/cult/204/2373/Z-dranikami1.jpg

На вернісажы.

Канцэптуальных праектаў, якія прапаноўваюць звязаныя адной ідэяй і “апранутыя”, да ўсяго, у слоўную абалонку творы, у Беларусі няшмат. Выстаўка пад назвай “Кругазварот” прапаноўвае нам пазнаёміцца менавіта з такім інтрыгуючым пасланнем адразу двух аўтараў. Тут і тэматычнае адзінства твораў, і падказкі для нечаканага позірку на знаёмыя рэчы, і насычаныя гумарам назвы, і гульня з гледачамі. Тандэм дызайнера і мастака можна лічыць удалым, мяркуючы па вялікай колькасці наведвальнікаў у дзень вернісажу.
Але, у адрозненне ад “занадта разумных”, інтэлектуальных еўрапейскіх праектаў у стылі канцэптуалізму, “Кругазварот” не прымушае “напружваць” думкі: тут усё арыентавана на адпачынак самай шырокай аўдыторыі. Галоўны герой — венік для лазні: венік на жывапісным палатне, венік “у жывым выглядзе” ў ванначцы і аксесуары для гэтага “гарачага” спосабу баўлення часу.
Працэс ператварэння бульбы з прарослых клубняў у залацістыя дранікі — вельмі натуралістычны на карціне і смачны ў выглядзе пачастунку, які не абыходзілі наведвальнікі выстаўкі.Мастацтва? А ці не мэты мастацтва — прыносіць эстэтычнае задавальненне, ствараць новае, аналізаваць рэчаіснасць? Так. Толькі не заклалі ў гэтыя аб’екты аўтары імкнення крануць сэрца, прымусіць задумацца, звярнуць увагу на важнае. Рэалістычны жывапіс, рэальныя рэчы — але катэгорыя прыгожага ў межах дадзенага праекта двух вядомых майстроў з’яўляецца не настолькі значнай, як катэгорыя прыемнага. Творцы вырашылі адпачыць.
Увогуле, па словах Віктара Ціханава, ідэя стварыць такую выстаўку прыйшла першапачаткова да Сяргея Шылы, які задумаў праект “Продовольствие”, а дапамог яго ўдасканаліць дырэктар заслаўскага музея Мікалай Паграноўскі, дадаўшы літару “у”. Атрымалася сапраўды “ПроУдовольствие”. Каб сумясціць прыемнае з карысным, творцы вырашылі падтрымаць ідэю Веры Джукіч, кіраўніка Міжнароднага жаночага саюза жонак паслоў і дыпламатаў, якая прапанавала пасля адкрыцця выстаўкі правесці дабрачынны аўкцыён.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ