Лацінаамерыканскі цэнтр: імідж-праекцыя

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

13 красавіка ў Мінску ўрачыста адчыніў свае дзверы Лацінаамерыканскі культурны цэнтр імя Сімона Балівара. У яго адкрыцці прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс Нуньес, намеснік міністра культуры нашай краіны Віктар Кураш, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Амар Сенон Медына Кінтэра, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

 /i/content/pi/cult/204/2370/Lacinaamerykansi1.jpg

Марыя-Элена Рохас, Амерыка Дыяс Нуньес і Віктар Кураш на адкрыцці Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра.

Амерыка Дыяс Нуньес адзначыў важнасць стварэння ў Беларусі, у цэнтры Еўропы, Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра. Цэнтр створаны для таго, падкрэсліў Пасол, каб праецыраваць сацыяльны і культурны імідж Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, а таксама іншых краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна ў Беларусі. “Дзверы гэтага дома гасцінна адкрыты для ўсіх нашых сяброў. Ён павінен стаць месцам для арганізацыі сустрэч, знаёмстваў, супрацоўніцтва, усталявання шчырых сяброўскіх стасункаў”, — падкрэсліў Амерыка Дыяс Нуньес.
У сваім выступленні намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш падкрэсліў, што адкрыццё Цэнтра — сведчанне шчыльнага супрацоўніцтва паміж нашай краінай і Венесуэлай, а таксама лацінаамерыканскімі краінамі ў цэлым. Віктар Кураш адзначыў, што ўступіла ў сілу Пагадненне паміж Баліварыянскай Рэспублікай Венесуэла і Рэспублікай Беларусь, зацверджанае Указам Прэзідэнта нашай краіны ў сакавіку мінулага года. Згодна з ім, адбыліся многія культурныя акцыі: фальклорныя калектывы з Венесуэлы летась прынялі ўдзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, у Міжнародным фэсце “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, а на тэатральным фестывалі “Белая вежа” ў Брэсце прысутнічаў тэатральны калектыў з лацінаамерыканскай краіны.
Намеснік міністра культуры засведчыў, што Беларусь рада прымаць у сябе спецыялістаў з Венесуэлы і дзяліцца вопытам арганізацыі творчых ВНУ, іншымі напрацоўкамі.
Затым гасцям была прадастаўлена магчымасць паслухаць музычныя творы ў выкананні калектыву навучэнцаў гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка, які падрыхтаваўда падзеі спецыяльную праграму. Пасля чаго Амерыка Дыяс Нуньес і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь, па традыцыі, разрэзалі стужку на ўваходзе у Культурны цэнтр, адкрыўшы яго для шырокай публікі.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА