Сустрэўся неяк Анегін з… Агінскім

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

Вось ужо трэцюю вясну запар сталічны оперны бамонд выпраўляецца ў Маладзечанскі палац культуры — на прэм’еру. Спачатку была “Іяланта”, праз год — “Травіята”. Сёлета Маладзечанскі маладзёжны музычны народны тэатр паставіў “Яўгенія Анегіна”, што, безумоўна, сведчыць пра высокую творчую планку Здзівіўся нават Пушкін

 /i/content/pi/cult/204/2369/Anegin1.jpg

Гэтыя “лірычныя сцэны”, як жанрава азначыў сваю оперу сам П.Чайкоўскі, упершыню былі ўвасоблены 130 гадоў таму сіламі навучэнцаў Маскоўскай кансерваторыі. А маладзечанскія артысты — яшчэ маладзейшыя, бо гэта пераважна выхаванцы тамтэйшых сярэдніх спецыяльных устаноў: музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага, гімназіі-каледжа мастацтваў. Філіял жа Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з’явіўся ў Маладзечне толькі летась: зорка ўсіх трох названых пастановак Анатоль Сіўко навучаецца на першым курсе.
Дадамо, што “Яўгеній Анегін” — спектакль нашмат больш складаны, чым два ранейшыя, пастаўленыя ў Маладзечне. У параўнанні з імі ён патрабуе вельмі тонкага псіхалагічнага прачытання: нават А.Пушкін, як вядома, быў у свой час “здзіўлены” паводзінамі сваіх герояў, якія быццам выйшлі з-пад яго кантролю, пачаўшы дзейнічаць самастойна.
У такой оперы не тое што кожная фраза — кожная нота, у тым ліку аркестравая, мае свой падтэкст, таму і варыянтаў выканання, нават пры захаванні ўсіх пастановачных стэрэатыпаў,— безліч. Як знайсці штосьці свежае і пры гэтым — найбольш абгрунтаванае?
Спектакль маладзечанцаў глядзець цікава, у ім няма дыстыляванай “правільнасці”, у якой знікае жывое жыццё. Няма і знарочыстага парушэння традыцый, выкліканага не столькі навізной прачытання, колькі жаданнем “зламаць” устойлівае ўспрыняцце, змяніўшы белае на чорнае, і наадварот. Затое ёсць няўлоўныя пералівы музычна-псіхалагічных фарбавых адценняў, пастаянная пульсацыя думак і пачуццяў, на якой і трымаецца цікавасць да завучаных у школе сюжэтных калізій і музычных “хітоў”.
Чаму б не “Таццяна Ларына”?
У цэнтры маладзечанскага спектакля аказваецца Таццяна, а не Анегін. Што ж, Чайкоўскі таксама хацеў спачатку назваць сваю оперу “Таццяна Ларына”. Ён настолькі любіў сваю гераіню, што вымусіў яе ў фінале кінуцца да Анегіна ў абдымкі. І гэта выклікала з боку тагачаснай інтэлігенцыі такі шквал непрыняцця, што кампазітар адмовіўся ад сваёй задумы “падправіць” Пушкіна (праўда, не змяніўшы ў партытуры ніводнай ноты). На маладзечанскім спектаклі жадання зрабіць шчасце Таццяны “такім магчымым, такім блізкім” не ўзнікае, бо фінал і без таго ўспрымаецца сапраўдным “хэпі-эндам”. А “галоўнай тэмай” пастаноўкі становіцца… жаночая інтуіцыя.
Калі паверыў бы Анегін у Таццяніны прадказанні (“тое воля неба — я твая”), дык не пасварыўся б з Ленскім, не страціў бы смак жыцця. Але — “спалохаўся”, “не дарос”, “не заслужыў”: менавіта такія азначэнні выклікае ў гэтай партыі маладзечанец Андрэй Саўчанка: спявае ён няблага, але ягоны герой — зусім не “дэндзі лонданскі”, без асаблівага шарму дый іранічнага “фармазонства”.
Затое князь Грэмін у выкананні Анатоля Сіўко — сапраўдны ідэал шчаслівага замужжа, а не грымаса “няроўнага шлюбу”: на выгляд не больш як 40-гадовы, ураўнаважаны, далікатны, па-юначы закаханы, здольны ацаніць як пяшчотны клопат і сямейную ўтульнасць, так і рамантычныя парывы, з той чароўнай усмешкай, што імгненна абяззбройвае любыя жаночыя капрызы і непаразуменні.
Не трэба валодаць асаблівай інтуіцыяй, каб зразумець, што Таццяна “будет век ему верна”. Іначай і быць не можа: гераіня развіталася з мінулым яшчэ ў час анегінскай “пропаведзі”, у задуменнасці парваўшы свой ліст да каханага (дарэчы, асабіста я не бачыла такой дэталі ні ў адной з папярэдніх пастановак).
Відавочна, што маладой выкладчыцы вучылішча, пранікнёнай камернай салістцы Наталлі Шыбко цяжкавата было вытрымаць найскладаную партыю да канца. Але тая “стомленасць” таксама іграла на агульную канцэпцыю: ранейшай Таццяны даўно ўжо няма. Анегін быў для яе — бясспрэчна, адзіны магчымы ў тых абставінах кірунак дзявочых мрояў. Але абставіны змяніліся! І яна знайшла, нарэшце, сваё спакойнае шчасце.
У выніку змест спектакля аказваецца максімальна набліжаны да сучаснасці. Ці не так часцяком здараецца з цяперашнімі юнакамі, якія спачатку плануюць “нагуляцца”, а потым высвятляецца, што “тая” дзяўчына “перамагла” першае каханне і ўзяла шчаслівы шлюб з рэспектабельным мужчынам?
Гэтак жа пранізліва дэталізаваны ўзаемаадносіны другой закаханай пары. Вольга
 /i/content/pi/cult/204/2369/Anegin2.jpg
атрымалася не легкадумнай, а —душэўна светлай, рамантычна імпульсіўнай (тым больш, што ў 4-курсніцы Юліі Воляк усё ж не кантральта, як гэта прадугледжана Чайкоўскім, а мяккае, аксамітнае мецца-сапрана). Яна папраўдзе кахае гэтага хваравіта раўнівага, з паводзінамі эгаістычнага дзіцяці, “змрочнага тыпа Сярэднявечча”, якім паўстае Ленскі. На добрых тэнараў заўсёды дэфіцыт.
Таму вялікі дзякуй маладому салісту Беларускай оперы Юрыю Балацько, што ён пагадзіўся дапамагчы маладзечанцам! Ды ўсё ж наколькі блізкія для яго, на маю думку, камічныя партыі, настолькі няўпэўнена, няёмка ён пачувае сябе пакуль у гэтым лірычным абліччы, поўным трагедыйных адценняў.
Але якім “трапляннем у дзесятку” сталася запрашэнне ў маладзёжны спектакль яшчэ двух вядучых оперных артыстаў! Віктар Стральчэня — бліскучы Трыке, гэткі “ружавы” (“вы ружа, bell Таццяна”) нарцыс у дзявочым кветнічку. Наталя Руднева — проста суперняня, не толькі па цудоўных спевах, але і па бабульчыных манерах. (Між іншым, спасцігала яна іх яшчэ з часоў кансерваторскай маладосці, калі спявала гэтую партыю ў пастаноўцы нашай опернай студыі.) Гаспадарлівай і адначасова інтэлігентнай (хаця і надта прыкаванай да дырыжорскай палачкі) атрымалася Ларына — выкладчыца вучылішча Маргарыта Васілевіч.
Акцэнт на псіхалогію
Акцэнтаванне ў пастаноўцы псіхалагічных матываў паводзін герояў (заўважу, пры добрай дыкцыі — нават у хорах і ансамблях) аказваецца настолькі моцным, што канцэнтруе на сабе ледзь не ўсю глядацкую ўвагу. І вымушае “не заўважаць” некаторае ўтрыраванне вакальнай дынамікі ў ансамблевых спевах, хібы інструментальных сола (балазе невялічкі ўступ да оперы ідзе пры адкрытай заслоне, “на фоне” хатніх клопатаў у маёнтку Ларыных), мінімум грошай на сцэнаграфію...
Менавіта апошнімі абставінамі, пэўна, тлумачыцца некаторая эклектыка ў афармленні. Для падзей на адкрытым паветры вядомы мастак Дзмітрый Мохаў абраў “пейзажы настрою”. Збянтэжаныя, узрушаныя кроны дрэў у сцэнах прыезду Анегіна і яго настаўленняў Таццяне — як сімвал таго, што адбываецца ў душы гераіні. Прыём “чорнага кабінета”, аздобленага мерна-механічным снегападам у сцэне дуэлі, — як знакі вечнасці, няўмольнага часу, хуткай трагедыі. А вось унутраныя інтэр’еры — спальня, гасціная, сталічны палац — быццам на адзін твар, бо ў іх “пераасэнсоўваліся” сцэнаграфічныя элементы леташняй “Травіяты”. Тое ж— са сцэнічнымі строямі. Трагічны сыход Ленскага ў сцэне дуэлі “прадказваецца” ўжо тым, што пясочна-карычневая накідка героя ўспрымаецца непатрэбным дысанансам, надта “выбіваючыся” з агульнай чорна-белай палітры. Баль у Ларыных сведчыць пра вытанчанасць густаў рускай глыбінкі, а вось сталічнае баляванне — пра чорна-белую уніфікацыю асноўнай гасцявой масы і… безгустоўнасць Таццяны: неабходны паводле лібрэта “чырвоны каптурык” (дакладней, малінавы берэт) не надта пасуе абсалютна белай сукенцы.
Цяжка перадаць, якой карпатлівасці, упартасці і апантанасці патрабавала праца мастацкага кіраўніка тэатра, дырыжора Рыгора Сарокі. І колькі намаганняў і любові ўклаў у спектакль славуты Алег Мельнікаў, выступіўшы рэжысёрам: гэты зорны артыст і шыкоўны педагог апошнім часам зноў “перакваліфікаваўся” ў студэнты, каб спасцігнуць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі майстэрства опернай рэжысуры. Паказальна і тое, што прапанаваў ягоную кандыдатуру для гэтай пастаноўкі Уладзімір Экнадзіёсаў, які стаяў ля вытокаў стварэння Маладзечанскага музычнага тэатра і рэжысіраваў дзве яго ранейшыя пастаноўкі (дарэчы, трэба было бачыць, як перажываў ён за свайго калегу, як эмацыйна рэагаваў на кожную мізансцэну).
Пастаноўка спектакля — вельмі заўважная, але далёка не адзіная частка тэатральнага айсберга. У Маладзечне гэта добра ведаюць. Іх тэатр ужо сёння ўяўляе з сябе мадэль не толькі “пастановачнага працэсу”, але і яднання выканальніцкіх сіл, стварэння ўласнай опернай школы, фарміравання новай гарадской ауры: выкладчыкі ўдзельнічаюць у спектаклях разам з навучэнцамі, пачаткоўцы — побач з народнымі артыстамі і непераўзыдзенымі майстрамі, за пастаноўку “хварэюць” мясцовыя прадпрыемствы, якія выдаткоўваюць на яе грошы, вырабляюць сцэнічны антураж. У выніку опера як сінтэз мастацтваў і адна з жанравых вяршынь сусветнай музычнай культуры становіцца сімвалам згуртавання гараджан. Прычым яднаюцца яны, што вельмі важна, не “супраць” кагосьці-чагосьці, а “за” — ды пад сцягам мастацтва, а не грашовых прыбыткаў. І мараць пра яшчэ больш глыбінны ўласны ўнёсак — у стварэнне новай оперы, напісанай спецыяльна для Маладзечна і пра Маладзечна.
Так што праз год — сустрэнемся на прэм’еры оперы пра Міхала Клеафаса Агінскага, чый помнік усталяваны ля Маладзечанскага музычнага вучылішча, якое носіць яго імя. І гэта не мая “жаночая інтуіцыя”. Ведаючы маладзечанскі запал, можна не сумнявацца: усе “прадказанні” Р.Сарокі — збываюцца.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА