“Мой сакрэт — у мяхах!”

№ 16 (884) 18.04.2009 - 24.04.2009 г

Дваццацідзённы еўрапейскі фестываль акардэоннай музыкі ў французскай правінцыі Брэтань, які праходзіў там у трыццаці гарадах, адкрыўся выступленнем… беларускага праекта “Gurzuf”. Побач з джазам, шансонам, лірычна-светлым ф’южнам — ураганная энергетыка і драйв, якія складана нават вызначыць стылёва, ад беларусаў. Лідэр “Gurzuf”’а, малады кампазітар Ягор ЗАБЕЛАЎ, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, вядомы і ў іншай ролі: “саундтрэк” да шэрагу спектакляў Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек загучаў дзякуючы яму. Але гэта сёння. Пачыналася ўсё зусім не з акардэона — а з баяна.

Напісаць саундтрэк для “...Птушкі”
Прасторная рэпетыцыйная зала музычнага вучылішча ў Магілёве. Нясмелымі крокамі туды ўваходзіць з інструментам юны Ягор, сын і ўнук баяністаў.
Сваё жыццё ён марыць звязаць з футболам, а складаныя ўрокі музычнай граматы відавочна надакучылі хлопцу. Але менавіта ў гэтай зараджанай атмасферай творчасці зале Ягор Забелаў упершыню адчуў сваё прызначэнне, а выконваць і пісаць музыку — гэта не толькі сямейная традыцыя, але і ўласнае пакліканне.
 /i/content/pi/cult/204/2368/Maxima-16.jpg

— Асновы ігры на інструменце даў мне бацька. Ён не дазволіў мне “збегчы” ад гэтага, хаця спачатку было складана паверыць, што ў такой справе я маю нейкія перспектывы. Пасля, у час вучобы ў кансерваторыі, пазнаёміўся з людзьмі, хто заняткі музыкай разглядаў не толькі як прафесію, але і як хобі, справу для душы. Гэта таксама дало мне штуршок да самаўдасканалення, змяніла мае адносіны да музыкі. Я зразумеў, што ў працэс ігры можна ўкласці свае эмоцыі, жаданні, “накіроўваць” яе туды, куды хочацца. Галоўнае — адкуль яна ідзе, наколькі лёгка табе тварыць, ці ж не так?
— Гэты прынцып і вызначыў ваш далейшы шлях?
— Так, я не прадоўжыў граць на акардэоне ў прафесійнай манеры. Зрэшты, не магу сказаць, што быў ідэальным студэнтам. Адчуваю: ад кансерваторыі патрэбна было ўзяць больш, бо даводзіцца самому значна дапрацоўваць цяпер. Затое зараз я раблю тое, аб чым марыў: пішу музыку сам, і яна адрозніваецца ад усяго, чутага мной раней. Праўда, адбылося і тое, чаго ніколі не чакаў ад сябе. Праз год пасля стварэння гурта “Gurzuf”, які мае даволі нетрадыцыйны склад (я — акардэаніст — і барабаншчык Арцём Залескі), паступіла незвычайная прапанова. Галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі недзе пачуў нашу музыку, магчыма, ён наведаў наш канцэрт, і запрасіў мяне напісаць музыку да яго спектакляў. Я адразу падумаў, што гэта жарт: ніколі не даводзілася ствараць па заказе, для іншых музыкантаў. Пасля той, першай, была яшчэ адна прапанова ад Ляляўскага, і я нарэшце вырашыў паспрабаваць. Зрэшты, маё правіла: згаджайся, а пасля думай, як гэта рэалізаваць, пераступай праз “не магу”.
— Ці атрымалася, як вы лічыце?
— Гэтая праца супала з маёй вялікай цікавасцю да напісання музыкі для іншых інструментаў. Таксама ў працэсе стварэння важным для мяне з’яўляецца месца. Цяпер, напрыклад, у мяне няма памяшкання, дзе я мог бы займацца ў адзіноце, нікому не замінаючы. А тады было лета, і ў маім інтэрнаце амаль не было людзей. Як жа было адмовіцца? І праца гэтая нарадзіла вельмі шмат рознакаляровай музыкі! Я вельмі задаволены тым, што зрабіў, хаця дагэтуль я не пісаў твораў на нейкі сюжэт,— яны ўзнікалі адразу, без назвы, літаральна кіпелі ад эмоцый. Цікава было знаходзіць спосаб, як раскрыць сцэнарый праз гукі, трансфармаваць яго ў музыку. Першы мой кампазітарскі спектакль называўся “Сіняя птушка” паводле Морыса Метэрлінка, другі — “Мобі Дзік” па Герману Мэлвілу, а трэці, сёлетні,— “Гулівер” па творы Джонатана Свіфта.Хаця гэтыя спектаклі — для дзяцей, Аляксей Ляляўскі адносіцца да сваіх гледачоў, як да сапраўды дарослых людзей. Мо таму ён і даў мне магчымасць рабіць сур’ёзную музыку. Цяпер я не думаю, што мне было б складаней працаваць для “дарослых” тэатраў.
Нестандартны акардэон
— Пісаць музыку для тэатра і для звычайных слухачоў — ці вялікае тут адрозненне?
— Мне падабаецца, калі музыкі, магчыма, няшмат, але яна — на першым плане: тады лягчэй перадаваць яе сродкамі тое, што яна павінна выразіць у дадзены момант. А часта мне ў тэатры даводзіцца ствараць фон, атмасферу, і — у выніку — патрабуецца меней намаганняў. Хочацца пісаць музыку, якая б існавала не толькі ў межах аднаго спектакля, але і мела самастойнае значэнне. У супрацоўніцтве з Лялечным тэатрам гэта атрымліваецца.
— Ці абавязкова для вас, каб у музыцы было закладзена нейкае пасланне, месэдж, каб яна была змястоўнай, давала людзям нешта зразумець? Або мелодыя — толькі выражэнне вашых эмоцый у пэўны момант?
— У любым выпадку, ёсць нешта, чым я дзялюся. Мне лягчэй называць гэта эмоцыямі. Ад мяне слухачам паступаюць хвалі пэўных адчуванняў. Мне падабаецца, што ў маёй музыцы няма тэкстаў, і кожны можа ўспрымаць яе на ўзроўні сваёй музычнай падрыхтаванасці, густу, думаць у час праслухоўвання ці проста адпачываць. Часам мая музыка для мяне самога — штосьці неўсвядомленае. Я не хацеў бы нават даваць творам назвы, каб нікога не абмяжоўваць. І яшчэ: акардэон — нестандартны інструмент, у нас атрымліваецца рабіць нестандартную музыку, плюс шчырасць — вось у чым поспех праекта “Gurzuf”. Колькі я ні шукаў, колькі ні цікавіўся, нічога падобнага не знаходзіў.
— І ўсё ж пытанне вызначэння стылю вашай музыкі, пэўна, цікавіць прыхільнікаў?
— Я сам не магу яго дакладна вызначыць. Ды і не хачу заганяць сябе ў кут. Ідэя, кампазіцыя сама дыктуе мне, што рабіць. Напэўна, складана гаварыць у адным стылі пра розныя рэчы. Да ўсяго, гэта толькі пачатак, першая хваля, а наперадзе яшчэ столькі ўсяго хочацца паспрабаваць: гэта датычыцца і накірункаў, і тэхнік, і новых інструментаў.
“З інструментам — не расстаюся!”
— Не так даўно вы выступалі на конкурсе тэатральна-цыркавога мастацтва. Мусіць, гэта не першае незвычайнае месца, дзе вам давялося граць.
— Так, на гэтым фестывалі ў Польшчы збіраюцца клоуны, фокуснікі, акрабаты. А нас запрасілі, параўнаўшы нашу ігру з... жангліраваннем. Выступалі пасля цыркавога шоу, і гэта падалося гарманічным. А самы запамінальны фэст адбыўся ў французскай правінцыі Брэтань восенню 2008 года. Ён называўся “Le Grand Soufflet”. Там мы выступалі ў пяці гарадах, гралі на закрытым і афіцыйным адкрыцці і яшчэ раз пераканаліся, як у Францыі неверагодна любяць акардэон. І хоць мне досыць складана параўноўваць свой інструмент з дасягненнямі тэхнікі, якія прадэманстравалі еўрапейцы (да прыкладу, наладжаныя ў мяхі мікрафоны), нашу манеру граць ніхто не паўтарыў. На фестывалі выконвалі, у асноўным, лёгкую музыку — эстрадную, джаз, ф’южн, а мы выглядалі сапраўднымі рокерамі.
А самае маленькае месца, дзе мы былі, гэта невялічкі пасёлак у Польшчы — амаль на мяжы з Беларуссю. Туды не хадзілі паязды і аўтобусы, клуб выглядаў закінутым, у некаторых памяшканнях вокны нават былі пазабіваны дошкамі. А журналісты з самага бліжэйшага да пасёлка горада не так даўно пачалі арганізоўваць канцэрты для жыхароў глухога мястэчка. Прычым запрашаліся не самыя танныя групы, якія толькі нядаўна ўзніклі, а дастаткова вядомыя. Дзеці, іх бацькі, бабулі, дзядулі слухалі нас! Гэта было настолькі нязвыкла — прыйшла амаль уся вёска! Цікава і для выканаўцаў, і для жыхароў, якія ўжо падрыхтаваны для ўспрыняцця. Хацелася б правесці такі эксперымент і ў нас.
— Бачна, што энергіі вам не займаць. Адкуль жа вы бераце яе?
— У маім акардэоне... (смяецца). На самой справе, гледачы і слухачы бачаць толькі мяне і інструмент і не заўважаюць сувязі паміж намі. А яна вельмі цесная: мы адзін аднаго запальваем! Паміж левым і правым карпусамі існуюць мяхі, вось там і знаходзіцца мой сакрэт.
— А ў жыцці, без інструмента, вы такі ж энергічны?
— Я ж з ім ніколі не расстаюся!

Алена САБАЛЕЎСКАЯ

 Даведка
Ягор ЗАБЕЛАЎ нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Магілёўскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.А. Рымскага-Корсакава, у 1999 — 2004 гг. навучаўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па спецыяльнасці “баян-акардэон”. Граў у некалькіх мінскіх гуртах, зараз — лідэр праекта “Gurzuf”, што запісаў у 2007 годзе альбом “Кіно, якога не існуе”. Выступаў у гарадах Беларусі, Польшчы, Францыі, Германіі. З 2006 года супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным тэатрам лялек.  

Анкета “К”
1. Колеры, якія натхняюць.
Зялёны.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
У цёплую, сонечную.
3. Любімы мастак.
Мадзільяні.
4. Найбольш яркі акцёр.
Ніколі не запамінаў імёны.
5. Любімы літаратурны твор.
“Віно з дзьмухаўцоў” Рэя Брэдберы.
6. Што слухаеце?
Апошняе — індустрыяльны гурт “Coil”.
7. Радзіма — гэта што?
Маленькі куточак прасторы, які самы дарагі. Калі ён змяняецца, адчуваеш пакуты.
8. Любімая кветка.
Мая жонка.