Год дзевяноста дзевяты

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

“К” неаднаразова пісала пра будаўніцтва цэркваў, касцёлаў, сінагог і мячэцей экуменістам Эдвардам Вайніловічам, прадстаўніком старажытнага шляхецкага роду, на сваіх землях. Вядомая і гісторыя сталічнага Чырвонага касцёла. Паміраючы, дачка Вайніловіча Алена прымроіла абрысы гмаха. Узрушаны горам, Вайніловіч узвёў касцёл у гонар памерлых дзяцей — Сымона і Алены. Але як далей склаўся лёс гэтай святыні?

 /i/content/pi/cult/203/2362/God1.jpg

Эдвард Вайніловіч.

“Падалі званы, быццам бомба выбухала...”
Першая сусветная вайна не разбурыла будынак бомбамі і выбухамі. У 1920-я касцёл яшчэ як-ніяк дзейнічаў. Пра стаўленне да яго з боку ўлад сведчыць былы спартсмен-баксёр Казімір Сакалоўскі, 1913 года нараджэння:
— Мама, бацька, мы, шасцёра братоў, — усе ў касцёл гэты хадзілі. У ім чатыры званы было: вялікі, сярэдні, малы і сігнатурка. У апошні білі, калі нехта паміраў. Нам, падлеткам, даручалі ўзбірацца на вежу і званіць. Аднойчы адзванілі а 12-й ночы, выходзім (а была якраз “каменданцкая гадзіна”) — нас тут хапае патруль. Арыштавалі, склалі пратакол. Пагражалі ў школу паведаміць… Ксяндзом тады быў Дзям’ян, яго арыштавалі. Не абмінуў горкі лёс і сам касцёл. У 1923 годзе яго разрабавалі бальшавікі: вывезлі мэблю, гадзіннікі, абразы, посуд, рытуальнае адзенне, нават чарніліцы.
— Званы з вежы саслізгвалі па дошках, — з сумам прыгадвае К.Сакалоўскі. — Падалі званы з такім гукам, быццам бомба выбухала. А вялікі звон, памятаю, не праходзіў у акенца вежы, — давялося выбіваць стойку, каб яго скінуць. Людзі прасілі не закрываць касцёл. Але ж гэта адбылося ў 1932 годзе. Некаторы час пасля тут размяшчаўся Польскі тэатр, прыстасоўвалі будынак яшчэ да нечага. Святыня стаяла без крыжоў, без званоў, без абразоў. Захаваліся толькі муры.С
ведчыць кандыдат філалагічных навук Ала Сакалоўская:
— Мы, падлеткі 12 — 15 гадоў, прыслужвалі пад час імшы. Ксёндз Адам Кучкар служыў тут з 1922-га года. Арыштавалі яго ў 1933-м, судзілі, далі немаведама за што дзесяць гадоў, а ў 1937-м расстралялі.
Проста ў сярэдзіне казання...
У 1941-м фашысцкія акупанты скрывавілі Чырвоны касцёл.
— У галерэі касцёла для нас, дзяцей, ладзілі батлейку,— узгадвае А.Сакалоўская. — Спектаклі ішлі на беларускай мове. Персанаж Дзяўчына кажа Гэраду: “Лепей з парасятамі жыць, чым тваё суседства!”, а Гэрад круціць хвастом, — нам так было смешна!.. Моладзь слухала захапляючыя казанні ксёндза Вінцэнта Гадлеўскага. Фашысцкім уладам назаляла ягоная папулярнасць, і ў святочны вечар 25 снежня 1942 года — якраз пад час вячэрняе імшы з нагоды Ражджаства Хрыстовага, проста ў сярэдзіне казані— яго арыштавалі і расстралялі ў тую ж ноч. Проста адсюль, з касцёла, адышоў у вечнасць.
У 1944-м прыйшлі савецкія войскі. З тых пасляваенных гадоў захавалася ўсяго некалькі архіўных фота Чырвонага касцёла. Але вось у касцельнай бібліятэцы бачым чатыры яго выявы, ды з прылеглымі вуліцамі, крамкамі: гэта тагачасныя малюнкі Анатоля Наліваева.
— У 1946-м я паступіў у дзіцячую студыю выяўленчага мастацтва Палаца піянераў, — распавядае мастак. — Разам са мной там займаліся Леанід Левін, Май Данцыг.Кіраўнік студыі Сяргей Каткоў даў заданне: маляваць Мінск! Але горад быў цалкам зруйнаваны, і не дазвалялася яго ні маляваць, ні фатаграфаваць. Ацалелы быў адзін Чырвоны касцёл. Натхняла мяне й тое, што недзе тут, на вуліцы Берсана, жыла ў прыватным дамку мая першая каханая, — і я частку малюнкаў рабіў, гледзячы ў ейнае акно.
“Чырвонае лісце” ў Чырвоным касцёле
У 1946-м, згодна з пастановай урада, размясцілася ў Чырвоным касцёле кінастудыя “Беларусьфільм”.
Цяпер дзіву даешся: як туліліся тут побач і хроніка, і здымачны павільён, і цэх апрацоўкі стужкі, і фільматэка, і мантажныя, не кажучы ўжо пра кабінеты творцаў і адміністрацыі! Канешне, вялікія дэкарацыі ладзілі беларусы на “Мосфильме”, “Ленфильме”, у Кіеве. Але інтэр’еры — да фільмаў “Чырвонае лісце”, “Міколка-паравоз”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Нашы суседзі” — будаваліся тут. Фільмы ж тыя ўвайшлі ў скарбніцу нашага нацыянальнага кінамастацтва.
Але на мяжы 50 — 60 гадоў, калі пабудавалі новую кінастудыю, над касцёлам навісла пагроза поўнага знішчэння. А на гэтым месцы планавалася пабудаваць кінатэатр ці краму “Дзіцячы свет”.
Уратаваў Чырвоны касцёл, як сёння вядома, народны артыст СССР, кінарэжысёр Уладзімір Корш-Саблін — мастацкі кіраўнік “Беларусьфільма”.
Згадвае яго асістэнтка Ніна Сава:— Улады мелі такі аргумент: касцёлу, маўляў, усяго паўсотні гадоў, таму ніякай гістарычнай каштоўнасці ён з сябе не ўяўляе. Корш-Саблін зразумеў: мясцовыя ўлады не пераканаеш, — і паехаў у Маскву. Там выклаў такія довады: зараз пабудове 50 гадоў, а яшчэ праз 50 ёй ужо будзе 100. А яшчэ праз стагоддзе — 200! І што мы пакінем нашчадкам?.. Пераканаў! Масква скамандавала: касцёл не ўзрываць. Але як яго выкарыстаць? Пад што? І Корш-Саблін прапанаваў: а давайце размесцім у ім Дом кіно! Пасля вялікай рэканструкцыі так і зрабілі.
 /i/content/pi/cult/203/2362/God2.jpg
Чырвоны касцёл. 1945 г.

А ў 1986-м падзеі набылі начаканы паварот.
Пад спеў трох хораў У Мінск прыехаў малады ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Ён стаў пробашчам касцёла, які вернікам не належаў. Была створана ініцыятыўная група з мэтай вяртання святыні. Людзі ставілі намёты, ладзілі маленне проста на прыступках, пісалі, прасілі, скардзіліся. Урэшце, 16 мая 1990 года, касцёл вярнулі вернікам. Пачалася рэстаўрацыя, перабудова, ускрыццё схаваных пад тынкоўкай фрэсак. Людзі панеслі сюды тое, што здолелі некалі прыхаваць: касцельныя кнігі, прылады для імшы, крыжы, абразы. Адна праваслаўная жанчына прынесла каштоўны абраз Хрыста, таксама праваслаўнага канона, сказаўшы: “Хай абраз будзе тут — мы ж усе хрысціяне”.
16 чэрвеня 2006 года з польскага Быдгашча перавезлі ў Мінск прах Эдварда Вайніловіча і пад спеў трох хораў урачыста перапахавалі яго проста пад статуяй Хрыста.Родавае пахаванне ў Вайніловічавым маёнтку Савічы разрабавана. Зніклі бронзавыя помнікі дзецям, мармуровыя пліты з імёнамі, скляпенне з захаваннямі ўскрыта. Што шукалі? Золата? Дык Вайніловічы ж — не егіпецкія фараоны...
Матэрыял для рэканструкцыі?
Але гісторыя Чырвонага касцёла згаданымі падзеямі не заканчваецца.Аднойчы прыходзіць вестка з вёскі Цімкавічы, ад настаўніцы Ірыны Шкуцько. Яна, краязнаўца, аказваецца, запісала ўспаміны сваёй бабулі пра пана Вайніловіча: бабуля падлеткам была на пахаванні яго дачкі Алены. А яшчэ запрасіла настаўніца прыехаць, паабяцаўшы сюрпрыз.
Тут, у Цімкавічах, гадоў 20 таму, для рэканструкцыі аднаго помніка прывезлі аднекуль чорную мармуровую пліту вагой пад чвэрць тоны. Гаспадыня Таццяна Фалітар, чыя сядзіба побач, з жаночай цікаўнасці агледзела яе і была ўзрушана, бо надпіс сведчыў: гэта была частка помніка з магілы Сымона Вайніловіча! З дапамогай мужа і суседзяў яна перакінула пліту праз плот і закідала каменнямі, дзёрнам, дзякуючы чаму і захавала. І вось толькі цяпер пліту перавезлі ў Мінск, і знаходзіцца яна пад мурам Чырвонага касцёла, побач з труной Вайніловіча-старэйшага.
Акрамя гэтых рэліквій у касцёле захоўваецца адна з сямі копій турынскай плашчаніцы з выявай Хрыста.Дадам яшчэ, што ў Ватыкане цяпер ідзе разгляд хадайніцтваў прыхаджан аб далучэнні Эдварда Вайніловіча да сонму “Слуг Божых” і аб наданні касцёлу Святых Сымона і Алены статуса базілікі.

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр

Фота з архіва аўтара