Чым лячыць бяссонніцу? Стэп і страх адзіноты

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Не так даўно ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча адбылася чарговая прэм’ера — спектакль “Жанчына як сродак ад бяссонніцы” Анатоля Дзялендзіка. Пасля знаёмства з п’есай міжволі ўзнікае пытанне: што ж будзе рабіць рэжысёр, калі з трох персанажаў два — абсалютна станоўчыя, практычна статуарныя? Нават нягледзячы на вельмі жывую завязку, задачу рэжысёра можна назваць даволі складанай. Сцэнічную рэдакцыю п’есы, пастаноўку і музычнае афармленне спектакля зрабіў рэжысёр Сяргей Карбоўскі, і ў многім дзякуючы цікаваму музычнаму рашэнню спектакль атрымаўся лёгкім, відовішчным, вясёлым.

 /i/content/pi/cult/203/2360/Chym lyachyc.jpg

Сцэна са спектакля “Жанчына як сродак ад бяссонніцы”.

На сцэне — тры персанажы: пластычны хірург Кірыл
(Анатоль Двараннікаў), які праз захворванне рук адышоў ад спраў, паспяховы кіраўнік банка Інеса (Марыя Малішэўская), якая цалкам прысвячае сябе працы, і яе цётка Ванда Леапольдаўна (Людміла Камілава) — немаладая, але бадзёрая генеральская ўдава, былая актрыса, а таму — натура палкая і артыстычная, чыім галоўным “хобі” з’яўляецца сватаўство. Вобраз Ванды ў спектаклі — самы жывы і эмацыянальны: і дасціпныя жарты, і раптоўныя пераключэнні з аднаго эмацыянальнага стану ў іншы, як гэта ўмеюць дзеці, і нават танец з выканаўцамі стэпа Уладзімірам Калеснікавым і Віталём Матусевічам — усё атрымалася ў Людмілы Камілавай.
У спектаклі фонам гучыць праблема адзіноты герояў, адна з найбольш актуальных у наш час: усе персанажы — з неўладкаваным асабістым жыццём. Героі — людзі паспяховыя і займаюць значнае, устойлівае становішча ў грамадстве, але гэтага відавочна не стае, каб адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівым. І ў такім кантэксце сватаўство Ванды ўжо не выглядае смешна: яе імкненне здавацца маладзейшай і неверагодныя ідэі наконт таго, як утрымаць каля сябе маладога мужчыну, — усё гэта страх адзіноты.
Добра ўпісаліся ў дзею, ажыўляючы яе, танцавальныя нумары. Два з іх, прычым вельмі розныя па стылі — балгарскі і індыйскі, — выконвае Марыя Малішэўская: свабодна, з запалам, рухаючыся па сцэне з лёгкасцю балерыны і разбураючы некаторую застыласць сваёй станоўчай гераіні. Добра ўдаўся актрысе і момант абуджэння ў яе гераіні пачуцця да Кірыла. Таксама пераканаўча выбудавалася ў спектаклі развіццё адносін паміж героямі: ад іранічных, з падколваннем адно аднаго, праз усплёск суперажывання да сапраўднай блізкасці.
У гісторыі гэтай адмоўны персанаж усяго адзін — нейкі аферыст, што спрабуе атрымаць вялікі крэдыт у банку, якім кіруе Інеса (адсюль — і інтрыгі вакол яе). Аднак персанаж гэты выключна “тэлефонны” і не парушае рамантычнага ладу спектакля. У цэлым жа дзейства выбудавана з усімі асаблівасцямі камедыі: прысутнічаюць рамантызм і рэўнасць, іронія і гатоўнасць да самаахвяравання, дасціпныя жарты і шчаслівы фінал. І можна цалкам пагадзіцца з аўтарам п’есы, што камедыя павінна быць лёгкай і іскрыстай, як шампанскае. Асабліва згадваючы ключавую рэпліку Інесы: “Як, ты не ведаеш, што лепшы сродак ад бяссонніцы — жанчына?!”.

Генадзь БЛАГУЦІН
Бабруйск
Фота Дзмітрыя МЯКІНА