Два Багдановічы і адно каханне

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Рэжысёр Віталь Баркоўскі — майстар ствараць тонкія мастацкія спектаклі, абапіраючыся пры гэтым на пакручастыя дэтэктыўныя гісторыі, у якіх звычайна не абыходзіцца і без кахання. І ў сваім новым спектаклі “Дзённік паэта” па п’есе Сяргея Кавалёва, пастаўленым у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, не абмінуў ні таго, ні другога. Але ж... Як заўжды, Баркоўскі зрабіў сюжэтнае рэчышча спектакля фонам, дзе разгортваюцца чалавечыя адносіны і выкрываюцца грамадскія заганы.

 /i/content/pi/cult/203/2359/Bagdanovichy1.jpg
Пастаноўка ўяўляе з сябе дзве самастойныя, закончаныя часткі, аб’яднаныя паміж
сабой асобай славутага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Першая — лірычная — апавядае пра трапяткое каханне паэта да замужняй жанчыны Клавы, якая адказвае яму ўзаемнасцю, але не знаходзіць сілы пайсці ад мужа. Пачуцці герояў разгортваюцца летам 1915 года ў мястэчку Стары Крым. Другая ж частка вырашана ў гратэскава-камічным стылі: дзея адбываецца ў наш час, у рэдакцыі літаратурнага часопіса, якому не хапае якога-небудзь вострага, пікантнага матэрыялу для чарговага нумара.
І вось тут аднекуль з’яўляецца “інтымны дзённік” Багдановіча, у якім паэт паўстае, мякка кажучы, не ў самым добрым выглядзе.
Адсюль — галоўнае, па-шчырасці, дыскусійнае пытанне: ці трэба было спекуляваць асобай Максіма Багдановіча, бо ўжо сам па сабе падзел спектакля на часткі нясе супярэчнасці, сутыкаючы паэтычнасць і апошленую рэчаіснасць? І адказ на яго залежыць непасрэдна ад задумы стваральнікаў спектакля. Калі б яны збіраліся развеяць міф адносна ўзвышанага трактавання вобраза Багдановіча — гэта было б проста кашчунства, якое не мае пад сабой ніякіх разумных апраўданняў і рэальных падстаў. Але ў спектаклі гэта была, хутчэй, творчая гульня фантазіі. Ды і лінія гэтая раскрываецца зусім не так празаічна, як магло б быць, аддай рэжысёр больш увагі сюжэтным перакрыжаванням, а не пачуццям. Адзін з персанажаў, Пётра, пачынае адчуваць подых мора, шум хваляў, водбліскі сонца на сваіх пальцах — ён сам унутрана ператвараецца ў паэта і пераконваецца: гэта — сапраўднае каханне. І пасля фінальнай сцэны, калі галоўны герой закрывае дзве паловы шырмы, быццам бы змываючы астатніх персанажаў, застаецца туманнае адчуванне сну. Менавіта такі, у нечым загадкавы, фінал дае падставы карыстацца ў спектаклі імем беларускага паэта.
Пастаноўка мае сваю адметную атмасферу: паэтычнасці ды прыроднай гармоніі — у першай частцы — і ламанасці ды ненатуральнасці — у другой. Ствараецца гэтае адчуванне з дапамогай пластыкі, святла, мізансцэнічнага вырашэння. Вялікая колькасць паўз і зон маўчання запаўняецца нямымі дыялогамі герояў і пачуццямі, што развіваюцца ў харэаграфіі. Пластыка з’яўляецца адным з асноўных сродкаў выразнасці і аб’ёмнасці адносін у спектаклі. А манера няспешнасці і расцягнутасці маўлення стварае пачуццё пагружэння ў нейкае іншае вымярэнне чалавечага існавання. Да таго ж, выдатная пастаноўка святла (Сяргей Цыпкін) і музычнае афармленне (Цімур Каліноўскі) дадаюць пастаноўцы чароўнасці і паэтычнасці гукамі прыбою, блікамі святла на бялюткіх гумках, нацягнутых па вертыкалі і гарызанталі сцэны. А вось у мізансцэнах пераважаюць дыяганальныя і ламаныя лініі. Захоўваючы сіметрычнасць процілеглых канцоў, выбудоўваючы герояў ланцугом ці колам, ужо на ўзроўні вобразнага і асацыятыўнага мыслення згадваюцца пэўныя адносіны паміж персанажамі.
 /i/content/pi/cult/203/2359/Bagdanovichy2.jpg

Цікавы гэты спектакль і акцёрскімі работамі. Хаця адчуваліся некаторая разгубленасць і непадрыхтаванасць акцёраў да прапанаванага рэжысёрам спосабу сцэнічнага існавання. Гэта была першая праца акцёраў Тэатра беларускай драматургіі з Віталём Баркоўскім. Але тэатр малады і ў пэўнай ступені эксперыментальны, таму спробы, новыя напрамкі і формы для яго — хутчэй, паўсядзённасць, чым выключэнне. Спектакль пастаўлены на два саставы, і ў кожным з’яўляюцца свае асаблівасці і адценні.
Аляксандр Марчанка, выканаўца галоўнай ролі ў першым, зрабіў свайго героя больш драматычным і глыбокім. Ён дакладна абмаляваў паводзіны і стан персанажа. Месцамі нязграбны, з хваравітым і сумным позіркам, яго паэт засяроджана пазірае ў чорную пустэчу. А вось Дзяніс Паршын у вобразе паэта быў на больш высокай эмацыйнай ноце, іграў палка, горача, выбухова, як і ў іншых сваіх ролях. Але яму не хапала цэласнага адчування вобраза, характарыстыкі свайго героя. Таму так і засталося незразумелым: якім жа быў Максім Багдановіч у яго ўяўленні?“Плачуць, развітваюцца, клянуцца, а мы... Мы тут вечныя” — гэтая фраза стала ключавой у разуменні вобраза Дар’і Цімафееўны ў выкананні Галіны Чарнабаевай. Гаспадыня пансіяната, дзе прыпыніўся Багдановіч летам 1915 года, паўстала перад намі зграбнай, але адзінокай жанчынай, у чыіх вачах застыў нямы сум аб жыцці, што праляцела. У другой жа частцы, у ролі Ядвігі Антонаўны, у актрысе было тое, чаго так не ставала Ганне Арыніч-Анісенка (выканаўца гэтай жа ролі ў другім саставе), — іранічнага стаўлення да сваёй гераіні. У сваю чаргу, Г.Арыніч-Анісенка, як у першай, так і ў другой частцы, актыўна ўключала ў дзеянне міміку, але на гэтым сцэнічная выразнасць актрысы вычарпалася.
Іншыя выканаўцы таксама заслугоўваюць увагі. Напрыклад, Канстанцін Воранаў зацікавіў паступовым раскрыццём глыбіні пачуццяў свайго героя Стылі. А Алена Баярава ў ролі Клавы здолела паказаць усю складанасць пачуццяў замужняй жанчыны, шчыра кахаючы беднага гімназіста.
Тэма кахання ў спектаклі набывае драматычнае адценне: нават адшукаўшы адно аднаго, героі не могуць застацца разам. Жыццёвыя абставіны разводзяць іх у розныя бакі, пакідаючы кожнага сам-насам са сваім болем і адзінотай. Гэта сапраўды падобна на жыццё, бо людзі так часта і так неразумна губляюць сваё шчасце. Але, з усведамленнем кароткачасовасці і непаслядоўнасці чалавечага шчасця, у спектаклі сцвярджаецца думка: менавіта ў гэтых імгненнях — уся сутнасць чалавечага жыцця.

Вікторыя БЕЛЯКОВА,
студэнтка аддзялення тэатразнаўства

Беларускай дзяржаўнай
акадэміі мастацтваў
На здымках: сцэны са спектакля
“Дзённік паэта”.