“ТэСТ” на “Трыумф”

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

VII абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак” чарговы раз сабраў прыхільнікаў Мельпамены. 2 — 4 красавіка на сцэнах Сароцкага сельскага дома культуры і Любанскага раённага цэнтра культуры прадэманстравалі майстэрства юныя самадзейныя артысты. Вось што распавёў пра адметнасці сёлетняга фэсту ягоны дырэктар, начальнік аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васіль КАТКАВЕЦ

— “Чароўны куфэрак-2009” прайшоў пад знакам Года роднай зямлі. Фестываль прысвечаны слаўнай даце 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яго праграме — спектакль “Забыць не ў сілах” па вядомых аповесцях Барыса Васільева “А досвіткі тут ціхія...” і “Ветэран” Дзіцяча-юнацкага ўзорнага тэатра з Дзяржынска.А яшчэ адной з асаблівасцей фестывалю стаў удзел у ім дзіцячых лялечных тэатраў. Дарэчы, яшчэ пры станаўленні “Чароўнага куфэрка” ў ім прымалі ўдзел на роўных з драматычнымі калектывамі і тэатры лялек. Сёлета мы зноў вярнуліся да гэтага цікавага накірунку. У заключны дзень фестывалю ў раённым Цэнтры культуры рэй вяла Яе Вялікасць Лялька. Лепшыя работы паказалі юныя лялечнікі з Беразіна, Івянца і Слуцка. Журы лялечнікаў узначаліў галоўны рэжысёр Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” Мікалай Андрэеў.— Як фарміравалася афіша “Куфэрка” і што за тэатры выступілі на фестывальнай сцэне?— Арганізатарамі фестывалю ў чарговы раз выступілі аддзелы культуры і адукацыі Мінаблвыканкама, пры падтрымцы аддзела па справах моладзі Любанскага райвыканкама. Адбор праводзіўся на аснове дасланых заявак ад калектываў вобласці незалежна ад ведамаснай прыналежнасці. У выніку на сам фестываль былі запрошаны ўжо добра вядомыя дзіцячыя тэатры “Вясёлы балаганчык” з Мар’інай Горкі, “ТэСТ” з Маладзечна, “Маяк” з Дзяржынска, “Магія” з Барысава. Фестывальную палітру папоўнілі цікавыя творчыя калектывы “Трыумф” з Барысава, “Ступені” з Дзяржынска, “Пунсовыя ветразі” з Салігорска.— Стала добрай традыцыяй запрашаць на фестываль тэатры з іншых рэгіёнаў Беларусі і краін-суседак: яны заўсёды дэманстравалі высокі творчы патэнцыял і новыя ідэі...— Сапраўды, калектывы з Магілёва, Гатчына (Расія), Шауляя (Літва) — яркія прадстаўнікі тэатральных школ. І на гэты фестываль запрашаліся цікавыя творчыя калектывы. Тэатр “Сюрпрыз” з Лепеля — пераможца апошняга Міжнароднага фестывалю дзіцячых і юнацкіх тэатраў “Крок да нябёсаў” са спектаклем па п’есе Л.Усцінава “Цыганская казка”. Быў запрошаны і самабытны творчы калектыў “Люстэрка” з горада Сувалкі (Рэспубліка Польшча), адзін з арганізатараў штогадовага Міжнароднага фестывалю “Віграшык”. А заключным акордам VII фестывалю стала выступленне лаўрэата мінулагодняга Міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў “Чароўны куфар” — калектыву “Сёмы паверх” Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў (курс Зінаіды Пасюцінай) са спектаклем па п’есе беларускага драматурга А.Богдана “Свінячыя выбрыкі”... “Чароўны куфэрак” не носіць ярка выражанага конкурснага характару, гэта ў першую чаргу — свята талентаў і натхнення, працэс творчых стасункаў паміж калектывамі. І кіруюць гэтым святам так званыя “мудрыя дарадцы” на чале з дэканам тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Мішчанчуком, кандыдатам мастацтвазнаўства, выкладчыкам Міхаілам Мішыным, паэтэсай і драматургам Людмілай Рублеўскай. Лаўрэатамі сёлетняга фестывалю сталі ўзорны музычны тэатр “Вясёлы балаганчык” (Мар’іна Горка), польскі тэатр “Люстэрка” (Сувалкі), тэатральныя калектывы “Летуценнікі” (Любань) і “Трыумф” (Барысаў).Марына РУДЗЕНЯ Любань