Марыя-Элена РОХАС: “У Венесуэле ва ўсіх на слыху слова “Беларусь”

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

5 красавіка ў сталічным Палацы Рэспублікі адбылося ўрачыстае адкрыццё Дзён культуры Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь. Мерапрыемствы ў іх рамках будуць доўжыцца ўвесь красавік. Аб гэтай падзеі, а таксама пра ролю маючага адкрыцца 13 красавіка новастворанага Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра ў Мінску ў развіцці міжнародных адносін Беларусі і краін Паўднёвай Амерыкі карэспандэнту “К” распавяла другі сакратар па пытаннях культуры і СМІ Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Марыя-Элена РОХАС.

Ідэя Цэнтра належыць Паслу

Дні культуры Венесуэлы ў Беларусі будуць доўжыцца цягам красавіка. Адкрыў жа іх цудоўны канцэртСімфанічныя музычныя вечары з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь”. Музыканты знакамітага калектыву пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна пазнаёмілі беларускую публіку з творамі венесуэльскіх і кубінскіх кампазітараў. Прэзідэнцкі аркестр не толькі граў — яго артысты нават рухаліся ў такт лацінаамерыканскай музыцы.

Варта заўважыць, што маэстра Бабарыкін пабываў у лютым у Венесуэле па запрашэнні галоўнага дырыжора Сімфанічнага аркестра нашай краіны Анжэла Палюка. Кіраўнік Прэзідэнцкага аркестра Беларусі дырыжыраваў знакамітым венесуэльскім калектывам. Разам з Анджэла Палюка ён таксама наведаў Кубу, дзе два майстры правялі сумесныя выступленні.

 /i/content/pi/cult/203/2357/Subsustrechy1.jpg

Марыя-Элена Рохас.

Наступным важным мерапрыемствам у межах Дзён культуры Венесуэлы стане адкрыццё 13 красавіка Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара, які размясціўся ў Мінску па вуліцы Пуліхава. На цырымонію павінна завітаць шмат гасцей: мяркуецца прыезд з Масквы кіраўнікоў дыпламатычных місій, якія прадстаўляюць лацінаамерыканскія краіны ў Расійскай Федэрацыі і, адначасова, у Беларусі, чакаецца візіт Пасла Венесуэлы ў Расіі, спадзяёмся на прысутнасць прадстаўнікоў міністэрстваў замежных спраў і культуры Рэспублікі Беларусь. Адкрыццё Цэнтра для шырокай грамадскасці адбудзецца на наступны дзень, 14 красавіка. Час працы Цэнтра — з 13.00 да 18.00. Для многіх, асабліва для студэнтаў, гэта больш зручна, бо яны змогуць наведаць установу пасля заняткаў і атрымаць інфармацыю аб Венесуэле, адносінах паміж нашымі краінамі, аб іншых дзяржавах Лацінскай Амерыкі. У дзень адкрыцця Цэнтра будзе прэзентавана выстаўка лацінаамерыканскіх афіш. Будуць таксама прадстаўлены венесуэльскія выданні.
— “К” неаднаразова пісала аб праекце стварэння Цэнтра. Нагадайце, калі ласка, як узнікла яго ідэя.

— Адзначу, што мы доўга да гэтага імкнуліся. Ідэя стварэння такога Цэнтра ў Мінску належыць Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыясу Нуньесу. Ён упэўнены ў тым, што збліжае народы ў першую чаргу культура. Таму на самым пачатку дзейнасці нашага Пасольства была пастаўлена задача па стварэнні Цэнтра — і мы над ёй актыўна працавалі: рабілі праекты, падлічвалі, якая павінна быць фінансавая падтрымка. І вось нарэшце, па распараджэнні Прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса, наш міністр замежных спраў Нікалас Мадура Морас падпісаў адпаведную рэзалюцыю. Пасля прыняцця дадзенага рашэння наша Пасольства пачало ажыццяўляць праект.


Прамоўтэры для ўсёй рэспублікі
— Па якіх накірунках будуць працаваць спецыялісты Цэнтра?

— Культурны цэнтр — гэта натуральны працяг Пасольства, яго неад’емная частка. Цэнтр узначаліць генеральны дырэктар, якога прызначае міністр замежных спраў Венесуэлы. Мы чакаем яго прыезду. Другі спецыяліст — каардынатар усіх культурных пытанняў, які таксама прызначаецца міністрам замежных спраў нашай краіны. Ёсць у штаце бібліятэкар-архівіст, сакратар. У цэнтры будуць працаваць чатыры прамоўтэры, якія з’яўляюцца беларускімі спецыялістамі. У іх задачу ўваходзіць знаёмства наведвальнікаў з накірункамі дзейнасці ўстановы, праца не толькі ў сталіцы, а і ўзаемадзеянне з рэгіёнамі вашай рэспублікі.

— Якім бачыцца сайт Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра?

— Ён хутка адкрыецца. З Венесуэлы прыехаў спецыяліст, які зоймецца інфарматыкай. Сярод яго абавязкаў — стварэнне сайтаў. Праз сайт нашага Пасольства карыстальнікі здолеюць зайсці на старонку Цэнтра. Можна будзе трапіць таксама на ўрадавую старонку Венесуэлы, Міністэрства інфармацыі, СМІ, сайт “Ало, прэзідэнт?”.

— Лацінаамерыканскі культурны цэнтр стане, мусіць, таксама і “правадніком” іспанскай мовы ў Беларусі?

— Не сказала б, што гэта — яго галоўная задача. Для нас галоўнае — каб сюды прыходзіла як мага больш людзей, каб ім было цікава, камфортна ў нашым Цэнтры. У кожнага — свае інтарэсы, і гэта трэба паважаць. Мы ведаем, што беларусаў цікавіць самая розная інфармацыя, датычная і вывучэння іспанскай мовы, і развіцця эканамічных, палітычных, культурных стасункаў паміж нашымі краінамі. Хтосьці проста захоча прыйсці і пазнаёміцца з кнігамі, напісанымі лацінаамерыканскімі пісьменнікамі, хтосьці — даведацца пра іншыя аспекты жыцця ў далёкіх краінах. Дарэчы, літаратура пастаянна паступае да нас наўпрост з Венесуэлы.

Увогуле, мы плануем праводзіць рознага кшталту мерапрыемствы. Напрыклад, урокі іспанскай мовы. Спадзяюся, у гэтым нам дапамогуць выкладчыкі лінгвістычнага універсітэта. Хочам наладзіць паказы лацінаамерыканскіх фільмаў (у нас, дарэчы, сабрана даволі вялікая фільматэка). Будуць праводзіцца канферэнцыі, лекцыі для студэнтаў, школьнікаў, усіх жадаючых. Не забудземся і на тэатралізаваныя прадстаўленні, выязную працу — нашы спецыялісты плануюць наведваць школы, інстытуты, іншыя ўстановы.


Культурны цэнтр у цэнтры Еўропы
— Адметна, што Культурны цэнтр размесціцца ў цэнтры Мінска і, калі ўжо праводзіць геаграфічныя паралелі, у самым цэнтры Еўропы... — Сапраўды так. У Лацінскай Амерыцы сёння ідзе інтэграцыйны працэс. Мы не можам, калі размаўляем са светам, казаць толькі аб Венесуэле. Як адзначаў Сімон Балівар у свой час: “Амерыка ў нас — адна”. І культура — таксама.

 /i/content/pi/cult/203/2357/Subsustrechy2.jpg
На першым плане (злева направа): Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ўРэспубліцы Беларусь Амар Сенон Медына Кінтэра, Марыя-Элена Рохас, Надзвычайныі Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы БеларусьАмерыка Дыяс Нуньес пад час цырымоніі адкрыцця дзён культуры Венесуэлы.

За той час, як існуе Пасольства нашай краіны ў Беларусі, ужо можна канстатаваць: зроблена нямала. Нашы дыпламаты працуюць дзеля таго, каб адкрыць для беларусаў Венесуэлу і, натуральна, паказаць Беларусь у нас. Гэта не аднабаковая праца, а сумесная дзейнасць. Паверце, зараз у Венесуэле ва ўсіх на слыху слова “Беларусь”. Летась адкрылася Пасольства Рэспублікі Беларусь у Каракасе, чаму мы вельмі рады: гэта таксама дапамагае ў сумеснай дзейнасці. Адбыліся Дні Беларусі ў Каракасе, прайшоў высокага ўзроўню экспакірмаш. Спадзяёмся, што нашы стасункі будуць і надалей дынамічна развівацца.

У той жа час, мы не павінны забывацца на рэаліі сённяшняга свету. Многія з краін вымушаны прымаць эканамічныя меры, скарачаць выдаткі, але гэта не азначае, што, да прыкладу, у нашай краіне сітуацыя пагоршылася. Так, можа, якраз зараз варта падцягнуць рамяні, як кажуць.

Але гэта толькі на дабро, толькі для таго, кааб крызіс нас па-сапраўднаму не закрануў. Таму і ў нас зараз уводзіцца рэгуляванне выдаткаў. Але для праектаў такога кшталту, як Лацінаамерыканскі культурны цэнтр у Мінску, перашкод, мяркую, не будзе.

— Якія яшчэ цікавыя праекты ажыццявяцца ў рамках Дзён культуры Венесуэлы?

— У Дні культуры Венесуэлы ў Беларусі яшчэ ўключаны паказы 5 венесуэльскіх фільмаў. Яны пройдуць з 20 па 24 красавіка ў відэакомплексе “Цэнтр відэа”. Кінапаказы запрашаюць штодня а 19 гадзіне. Мяркую, яны будуць цікавыя тым, хто размаўляе па-іспанску.


“Мы бачылі снег! Які ж гэта цуд!”
— Ці можна будзе даведацца ў вашым Цэнтры аб турыстычных магчымасцях Венесуэлы, яе знакамітых помніках і мясцінах, прыродзе?..

— Безумоўна. Гэтым накірункам займаецца аддзел, якім я кірую. Мы атрымалі ад нашага Міністэрства замежных спраў запыт: якія турфірмы працуюць на беларускім турыстычным рынку, якія ўзаемныя кантакты паміж Венесуэлай і Беларуссю ў дадзеным плане могуць мець месца ў бліжэйшай перспектыве... Адна справа — убачыць прыгожыя мясціны на карцінках, пачуць пра іх, прачытаць у праспектах, іншая — самім пабываць у краіне. Венесуэла вельмі шмат што можа прапанаваць Беларусі. Гэта ўзаемна! У вас шмат прыгожых еўрапейскіх пейзажаў, чаго ў нас не пабачыш. Аднак у Беларусі няма мора, а ў нас 2000 кіламетраў займае ўзбярэжжа і яшчэ вельмі шмат астравоў. Мы былі б рады бачыць беларускіх турыстаў у Венесуэле.

Для гэтага трэба стварыць адпаведныя ўмовы камунікацыі. Напрыклад, цяпер з Мінска самы кароткі шлях у Венесуэлу наладжаны нямецкай авіякампаніяй, а прамога рэйса пакуль няма. У перспектыве, мяркую, будзе вырашана і дадзенае пытанне. Але каб адкрыць той жа рэйс, напачатку трэба добра разрэкламаваць краіны: Беларусь — у Венесуэле, а Венесуэлу — у Беларусі. Таму ў нашым Цэнтры мы будзем распавядаць аб турыстычных магчымасцях сваёй краіны, яе славутасцях, прыгожых мясцінах.

Я ўпэўнена, што і ў Венесуэле будзе попыт на палёты ў Беларусь. У нас людзі хочуць пазнаёміцца з Еўропай, часткай якой з’яўляецца і ваша краіна. Нельга не ўлічваць добрыя стасункі паміж нашымі краінамі. Усім венесуэльцам, што прыязджалі сюды, маім калегам, прадстаўнікам венесуэльскіх кампаній вельмі падабаецца Беларусь. Многія нават жадаюць застацца на больш доўгі тэрмін, каб працаваць.

— А ці не палохае цеплалюбівых венесуэльцаў наша зіма?

— Не, не палохае. Ім цікава: холад для венесуэльцаў — экзотыка. У нас снегу няма. Для нас памацаць снег — асалода. Якая прыгажосць, калі ўсё пакрыта снегам, калі ён ляжыць на дрэвах!.. Музыканты нашага аркестра, калі былі зімой у Гомелі, упершыню ў сваім жыцці пабачылі снег. Яны сфатаграфавалі, як падае снег, а потым з захапленнем паказвалі здымкі і казалі: “Мы бачылі снег! Які ж гэта цуд! Мы яго мацалі, з яго ляпілі фігуры!..” У нас снег — толькі ў адным штаце, і тое — у гарах.

Увогуле, хачу падкрэсліць: узаемадачыненні паміж Беларуссю і Венесуэлай Днямі культуры нашай краіны не абмяжоўваюцца. Зараз Міністэрства культуры Венесуэлы даслала сваім беларускім калегам запрашэнне на ўдзел артыстаў Беларускага цырка ў Міжнародным цыркавым фэсце-кірмашы. Цырк вельмі папулярны ў венесуэльцаў. А мы ведаем, што ў вас цудоўна развіта гэтае мастацтва. Словам, культурныя стасункі працягваюцца!

Наталля КІРПІЧЭНКАВА