Няпростыя пытанні папярэдняга размеркавання

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

Размеркаванне выпускнікоў ВНУ культуры і мастацтва Беларусі завершыцца толькі напрыканцы месяца, але набліжэнне гэтай лёсавызначальнай для будучых маладых спецыялістаў падзеі адчуваецца ўжо сёння. Пра гэта сведчыць не толькі настрой у студэнцкіх аўдыторыях. Красамоўны доказ — тыя пытанні, якія паступаюць да нас у рэдакцыю, датычныя ўмоў працаўладкавання маладых спецыялістаў. Неспадзяванкі пад час размеркавання бываюць заўсёды, і цалкам пазбегнуць іх бадай немагчыма. Але ж паколькі размеркаванне — справа не аднаго дня, а плён доўгай сістэмнай работы, вынікі кампаніі можна са значнай ступенню верагоднасці прагназаваць ужо сёння. Выкрышталізоўваюцца і характэрныя для яе праблемы.

 /i/content/pi/cult/203/2356/Socium.jpg
Па словах рэктара Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Барыса Святлова, працоўную кар’еру па-за гарадской рысай Мінска распачнуць амаль тры чвэрці сёлетніх выпускнікоў.

Гэта паказалі вынікі папярэдняга размеркавання — а практыка мінулых гадоў сведчыць пра тое, што ў большасці выпадкаў яны супадаюць з канчатковымі.

Як зацікавіць маладога спецыяліста?

Праблемныя аспекты, якія выявіла сёлетняе папярэдняе размеркаванне ў найбуйнейшай творчай ВНУ краіны, асабліва неспадзяванымі не сталі. Прапорцыя (ці, дакладней, дыспрапорцыя) ліку выпускнікоў і колькасці заявак за мінулыя гады бадай не змянілася. Сёлета дыпломы БДУКіМ атрымаюць 336 чалавек, а вакансій ім прапаноўваецца каля 700 — прыкладна на паўсотні больш, чым летась.

Гэта значыць, што незадаволеныя вынікамі размеркавання будуць у любым выпадку. Прычым не толькі сярод выпускнікоў, многія з якіх імкнуліся да замацавання ў сталіцы, але і сярод устаноў культуры: далёка не ўсе іх вакансіі сёлета будуць запоўнены прафесіяналамі з дыпломам ВНУ.

— Ёсць раёны, куды мы цягам ужо некалькіх гадоў не накіроўвалі ніводнага спецыяліста, — кажа сакратар камісіі па размеркаванні Універсітэта культуры і мастацтваў Мікалай Чміль. — І прычына тут зразумелая: пад час размеркавання універсітэт імкнецца спалучыць дзяржаўную палітыку ў сферы культуры з жаданнем саміх выпускнікоў. Паверце, яны ніколі не застаюцца па-за ўвагай. Вядома, камісія мае права прыняць “валявое” рашэнне, але ж кожны разумее: “насильно мил не будешь”.

І сапраўды, практыка сведчыць, што “шлюб па каханні” (або, прынамсі, разліку) куды больш трывалы, чым проста вынік “альма-мацярынскага” рашэння. У сітуацыі, калі выбіраць даводзіцца выпускніку, а не ўстанове, менавіта апошняя мусіць праявіць пэўную ініцыятыву.

Зразумела, што працоўнае месца з невялікім акладам і без жылля мала каго прывабіць. А такіх прапаноў на сёння — абсалютная большасць. Прыкладам, з 38 заявак, дасланых з Брэстчыны (дарэчы, найменшы паказчык з усёй краіны), толькі чатыры забяспечаны жылплошчай — хай сабе гэта будзе які пакойчык у інтэрнаце. І такая суадноснасць характэрная не толькі для гэтага рэгіёна.

Зрэшты, умовы — гэта толькі палова справы. Другая палова — уменне іх прэзентаваць. “К” ужо пісала пра той анекдатычны выпадак, калі выпускнікі універсітэта наадрэз адмаўляліся ехаць працаваць у шыкоўны аграгарадок — выключна з прычыны яго “немілагучнай” назвы. Бо толькі назва на момант размеркавання ім і была вядома! Калі б да заяўкі былі дададзены хаця б пару фотаздымкаў, спецыялісты самі туды імкнуліся б.

— Такіх прыкладаў і сапраўды нямала, — кажа Барыс Святлоў. — Таму ўстановам культуры з рэгіёнаў трэба навучыцца сябе рэкламаваць.

Урэшце, не лішне будзе паўтарыць вядомую ісціну: тыя начальнікі аддзелаў культуры, якія не шкадуюць часу (ды бензіну), каб папрысутнічаць на размеркаванні асабіста, маюць куды болей шанцаў вярнуцца дахаты “не з пустымі рукамі”.
Тым болей, раз-пораз здараюцца выпадкі, калі выпускнік змяняе сваё рашэнне непасрэдна ў дзень размеркавання.
Папярэдняе размеркаванне ад канчатковага аддзяляе ўсяго які месяц. За гэты час выпускнік можа пабываць на месцы сваёй будучай працы і прайсціся вуліцамі таго гарадка, вёскі або аграгарадка, які неўзабаве мае стаць для яго родным. Але для прыняцця ўзважанага рашэння гэтага часу, напэўна, усё ж замала. Таму ўжо налета універсітэт плануе актывізаваць працу па правядзенні кірмашоў вакансій, пад час якіх патэнцыйныя працадаўцы маглі б “паглядзець у вочы” сваім патэнцыйным жа будучым супрацоўнікам. Прычым не ў дзень размеркавання, а за некалькі месяцаў да яго. Сёлета ў лютым такія кірмашы ўжо прайшлі на асобных факультэтах і кафедрах, і плён іх відавочны.
Рэйтынг дэфіцытных прафесій...
...не спазнаў прынцыповых змен. Але я са здзіўленнем даведаўся, што харэографы, на брак якіх скардзяцца ці не ў кожным райцэнтры, — займаюць у ім зусім не першае месца. У лідэры сёлета выйшла музейная справа: на дзесяць выпускнікоў паступіла ажно 35 заявак. Гэты факт патлумачыць, насамрэч, даволі лёгка, асабліва калі ўлічыць, прынамсі, дзве акалічнасці: па першае, у рэгіёнах спакваля з’яўляюцца новыя музеі, а падругое — немалы працэнт музейных супрацоўнікаў ужо перайшоў праз пенсійную адзнаку.У спісе прапанаваных учорашнім студэнтам вакансій трапляецца нават “дырэктар раённага музея”. Някепска для пачатку кар’еры!
Традыцыйна дэфіцытныя прафесіі — гэта бібліятэкары і рэжысёры: іх патрэбна ўдвая больш, чым выпускае Універсітэт культуры і мастацтваў.
Што да адваротнага выпадку: ёсць выпускнікі, але няма заявак… Такая сітуацыя — рэдкае выключэнне. Яна тычыцца спецыялізацыі “сусветная мастацкая культура”. Універсітэт рыхтаваў кадры, прыстасоўваючыся да школьнай праграмы, а там гэтая дысцыпліна не так даўно была скарочана. На вялікі жаль, не сталі запатрабаванымі і спецыялісты такога “прасунутага” профілю, як “лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый”.
Сувязі паміж размеркаваннем і наборам абітурыентаў такія ж самыя, як паміж попытам і прапановай. Таму прыём на незапатрабаваныя спецыяльнасці будзе абмежаваны.
Найбольш дзейсным сродкам ліквідацыі кадравага дэфіцыту кіраўніцтва універсітэта бачыць стварэнне рэгіянальных філіялаў. Адзін з іх, у Мазыры, ужо дзейнічае, цяпер робяцца актыўныя захады па адкрыцці філіяла ў Магілёве, на чарзе — і іншыя вобласці.
11 сёлетніх “мэтавікоў” паедуць працаваць на сваю малую радзіму. Але ж у маштабах краіны гэта — кропля ў моры. Барыс Святлоў мяркуе, што такі важны рэсурс вырашэння кадравай праблемы, як мэтавы набор, пакуль што напоўніцу не выкарыстоўваецца. Бо заявак па-ранейшаму прыходзіць вельмі мала.
Асфальт — не толькі ў сталіцы!
Мінская вобласць ужо не першы год становіцца лідэрам адказу па двух паказчыках: па-першае, гэта колькасць дасланых заявак — 118, а па-другое — працэнт іх задавальнення. Працаваць туды паедуць 82 выпускнікі БДУКіМ. І для многіх рашэнне застацца працаваць на Міншчыне — прынцыповае: надта ж хочацца быць бліжэй да сталіцы.
— Мы спрабуем тлумачыць студэнтам, што іншыя рэгіёны Беларусі нічым не горшыя, — распавядае Мікалай Чміль. — Але ж пераканаць удаецца не заўсёды: стэрэатыпы даволі жывучыя.
Зрэшты, да дзвюх гэтых лічбаў варта дадаць і трэцюю, якая шмат што тлумачыць: болей за чвэрць студэнтаў універсітэта — гэта менавіта жыхары Мінскай вобласці (прыкладна столькі ж — з самой сталіцы). Таму многія выпускнікі выказалі заканамернае жаданне вярнуцца дахаты і распачаць працоўны стаж у родных Крупках або Уздзе.
— Зразумела, што “геаграфічная” структура набору мае аб’ектыўны характар і залежыць толькі ад падрыхтоўкі абітурыентаў, — адзначыў з гэтай нагоды Барыс Святлоў.Сталічныя заяўкі таксама не былі напоўніцу задаволены. Асабліва гэта тычыцца тых, што былі дасланы ўстановамі, якія не ўваходзяць у структуру галіны культуры Рэспублікі Беларусь. У Мінску застануцца працаваць пераважна льготнікі або тыя, хто ўжо праявіў сябе пад час вучобы і атрымаў імянную заяўку з важкімі аргументамі.
Зразумела, што “цэнтраімклівасць” па-ранейшаму з’яўляецца вызначальнай тэндэнцыяй размеркавання, і менавіта неабходнасць забяспечваць кадрамі не толькі сталіцу, але і рэгіёны станегалоўнай прычынай слёз выпускнікоў. Ды, разам з тым, сёлета ярка праяўляецца і іншая тэндэнцыя: усё больш выпускнікоў едзе працаваць у той рэгіён, які раней лічыўся найменш прывабным — з прычыны “радыяфобіі”. Кадравы склад работнікаў культуры Гомельшчыны папоўняць каля 30 сёлетніх выпускнікоў БДУКіМ.
Сітуацыя, калі студэнт творчай ВНУ пад час вучобы яшчэ і працуе, плённа праяўляючы сябе ў тым ці іншым творчым калектыве, даволі тыповая. Ці бярэ да ўліку камісія па размеркаванні такія абставіны?
— Натуральна, — адказаў Мікалай Чміль. — Досвед сведчыць, што ў большасці такіх выпадкаў выпускнік пакідае кабінет задаволеным. Праўда, не заўсёды: рашэнне камісіі залежыць ад канкрэтнага выпадку. Але ніводнае з іх не з’яўляецца прыхамасцю — яно грунтуецца на дзяржаўнай палітыцы ў галіне культуры.

Прасілі актрысу — прыслалі акцёра

Дыпломы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў сёлета павінны атрымаць 97 “бюджэтнікаў”, але 9 з іх маюць ільготы, якія дазваляюць выбар “вольнага дыплома”.

— Зрэшты, гэта не значыць, што яны адмовяцца ад размеркавання, — тут жа зрабіла рэмарку першы прарэктар БДАМ Святлана Вінакурава. — Сёлета нават некаторыя з тых, хто вучыўся за ўласныя грошы, папрасілі нашай дапамогі ў працаўладкаванні. Бо статус маладога спецыяліста дае сур’ёзныя гарантыі і перавагі — асабліва ў час сусветных эканамічных цяжкасцей.

Адметнасць размеркавання ў Акадэміі мастацтваў вынікае з самой яе сутнасці: знайсці годнае прымяненне для прафесійных творцаў, адпаведнае іх інтарэсам і здаровым амбіцыям, не заўсёды бывае лёгка. Таму роля кіраўніцтва ўстановы як свайго кшталту пасрэдніка паміж працадаўцам і выпускніком у гэтым выпадку асабліва актуальная. Заяўкі не сыплюцца, бы з “рога дастатку”, — зацікаўленыя арганізацыі трэба шукаць. І толькі дзякуючы прыкладзеным намаганням літаральна кожны выпускнік у камплекце з дыпломам атрымае і прапанову першага месца працы.

— Заявак на сёння паступіла ўжо больш за сотню, — кажа Святлана Вінакурава. — Пакуль што для некалькіх выпускнікоў іх не хапае, але, думаецца, ужо на той момант, калі ваша газета з’явіцца ў кіёсках, сітуацыя выправіцца, і Акадэмія мастацтваў будзе гатова да размеркавання на ўсе 100%.

Другая асаблівасць — вузкая спецыялізацыя выпускнікоў Акадэміі. З гэтай прычыны часам нават узнікаюць кур’ёзы: прыкладам, у той ці іншы тэатр размяркоўваецца акцёр, але потым выяўляецца, што не ставала там менавіта выканаўцы жаночых роляў... Таму, рыхтуючы заяўку, установы павінны быць максімальна дакладнымі.

Многія выпускнікі Акадэміі будуць размеркаваны ва ўстановы, чый профіль не мае да культуры ніякага непасрэднага дачынення: Мінскі гадзіннікавы завод, ЗАТ “Атлант”... Зрэшты, такая акалічнасць можа здзіўляць толькі тых, хто не ведае, што БДАМ рыхтуе, сярод іншых, і прамысловых дызайнераў. Прыемна, што запатрабаванасць такіх спецыялістаў на буйных беларускіх прадпрыемствах з года ў год расце.

Няма праблем з працаўладкаваннем сёлета і на мастацкім факультэце: на 14 выпускнікоў прыпадае 18 заявак. Поўная гатоўнасць да размеркавання ў значнай меры абумоўлена ініцыятывай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, паводле якой пяцёра выпускнікоў факультэта ўжо другі раз будуць працаўладкаваны на Мінскі мастацкі камбінат (“К” ужо пра гэтае дасягненне пісала ў № 30 за 2008 г.).

Апрача Мінска, заяўкі паступаюць пераважна з абласных цэнтраў. І гэта заканамерна: дыпламаванаму рэжысёру наўрад ці будзе цікава працаваць у самадзейным тэатральным гуртку. А вось дызайнер аказаўся запатрабаваны і ў Касцюковіцкай школе мастацтваў. Як адзначыла Святлана Вінакурава, бываюць выпадкі, калі выпускнікі самі выбіраюць працу ў рэгіёнах, знаходзячы там тыя магчымасці для самавыяўлення, якія не кожны атрымае і ў сталіцы. Вядома, яны адзінкавыя.

— Мы імкнёмся максімальна спалучыць інтарэсы выпускніка і дзяржавы, — кажа першы прарэктар. — І, дзякуючы сістэмнай працы, гэта ўдаецца.


Жорсткі кастынг
Размеркаванне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі мае свае асаблівасці. Са 187 сёлетніх выпускнікоў, як паведаміў прарэктар па вучэбна-выхаваўчай працы, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Юрый Златкоўскі, у сталіцу размеркаваны 88, што складае 47%. Астатнія 53% выпускнікоў размеркаваны наступным чынам: у Брэсцкую вобласць — 6,4%, Віцебскую — 5,3%, Гомельскую — 8%, Гродзенскую — 5,8%, Мінскую — 9%, Магілёўскую — 9,6%. Астатнія атрымалі “вольны дыплом”, з’яўляюцца грамадзянамі замежных краін або па тых ці іншых абставінах не падлягаюць размеркаванню.І гэта невыпадкова. Бо ў Акадэміі навучаецца папраўдзе музычная эліта, якая складае міжнародны гонар і прэстыж нашай нацыянальнай культуры. Як кожны добры гаспадар, клапоцячыся пра свой ураджай, стварае раслінам аптымальныя ўмовы, так і наша дзяржава — робіць усё магчымае для творчага росту таленавітай моладзі: не толькі ў сценах ВНУ, але і ў “паслядыпломны” перыяд. Уладкоўваючыся ў вядучыя мастацкія калектывы рэспублікі, нашы маладыя музыканты могуць не толькі “аддаваць” назапашанае раней, але і працягваць сваё ўдасканальванне, узнімаючы імідж краіны і адначасова тую прафесійную планку, на якую будуць арыентавацца іншыя, у тым ліку шматлікія аматары.
На старэйшых курсах рэдка сустрэнеш студэнта, не “абцяжаранага” конкурснымі перамогамі, удзелам у замежных фестывалях. Таму не дзіва, што на працягу амаль усяго навучання студэнты сумяшчаюць заняткі з актыўнай выканальніцкай дзейнасцю ў лепшых творчых калектывах краіны.
Дарэчы, каб патрапіць на “падпрацоўку” (чытай: на аплачваемую стажыроўку), да прыкладу, у аркестр, трэба спачатку вытрымаць конкурс на гэтую пасаду. Іншымі словамі — прадэманстраваць сваё выканальніцкае майстэрства перад спецыяльнай камісіяй. Пры гэтым не толькі сыграць найскладаную “абавязковую праграму”, што становіцца “лакмусавай паперкай” на прафесійную сталасць, але і “прачытаць з ліста” — выканаць новы, незнаёмы нотны тэкст без падрыхтоўкі. Тое ж самае — па іншых спецыяльнасцях. У вакалістаў такі конкурс называецца іначай — “праслухоўванне”, але сутнасць яго не змяняецца: творчы калектыў не набывае “ката ў мяшку”, а выбірае лепшых з лепшых. Таму размеркаванне ў канцы пятага курса тут не бывае неспадзяваным.
Нават тыя, хто ўладкоўваюцца выкладчыкамі, за часы навучання праходзяць своеасаблівы “кастынг”: навучальная ўстанова толькі тады дашле на выпускніка асабісты запыт, калі цягам не аднаго месяца ўпэўніцца, што ён не толькі добры музыкант, але і менавіта педагог, здольны раскрыць адметнасці кожнага юнага творцы, замацаваць яго непадобнасць да іншых.
Вядома, добрыя музыканты патрэбны не толькі ў сталіцы. Але менавіта тут знаходзіцца большасць прафесійных творчых калектываў. Калі не папаўняць іх нашымі выпускнікамі, дык давядзецца запрашаць спецыялістаў з замежжа. Дарэчы, так і рабілася ў мінулыя дзесяцігоддзі: музыкантаў для Беларусі, як і для іншых рэспублік, шукалі па ўсім СССР.У рэгіёнах патрэбу ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй забяспечваюць філіялы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, што адкрыты ў кожным абласным цэнтры, а таксама ў Маладзечне. Яны прымаюць абітурыентаў менавіта на тыя спецыяльнасці, у якіх адчуваюць найбольшую запатрабаванасць: пераважна на фартэпіяна, баян, акардэон, харавое дырыжыраванне.

Матэрыялы падрыхтавалі
   Ілля СВІРЫН і Надзея БУНЦЭВІЧ
  

P.S. Ёсць абавязак, ёсць і правы
Такім чынам, надта хвалявацца перад лёсавызначальным днём выпускнікам не выпадае: без працы ніхто з іх у любым выпадку не застанецца. Але спецыялісты, з якімі даводзілася гутарыць пад час падрыхтоўкі гэтага матэрыялу, раяць студэнтам-дыпломнікам не губляць часу і дбайна пазнаёміцца з заканадаўствам, датычным размеркавання. Бо мінулыя кампаніі дазваляюць зрабіць выснову, што далёка не кожны з выпускнікоў дасканала ведае свае правы і абавязкі. І менавіта гэтае няведанне становіцца прычынай многіх непаразуменняў.Дарэчы, бадай ідыяматычнае словазлучэнне “правы і абавязкі” тут невыпадковае, бо многія ўжо ўсвядомілі, што размеркаванне мае два аспекты. Гэта не толькі абавязак маладога спецыяліста перад дзяржавай, але і яго права на першае працоўнае месца і пакет сацыяльных гарантый. У кожнай ВНУ вам прывядуць не адзін прыклад тых, хто гэтым правам пагрэбаваў, а потым мусіў пра тое шкадаваць.