Памнажэнне на блакіт

№ 15 (883) 11.04.2009 - 17.04.2009 г

14 красавіка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбудзецца адкрыццё выстаўкі жывапісу Кацярыны Сумаравай “Суб’ектыўны краявід”.

 /i/content/pi/cult/203/2355/Pamnazhenne.jpg

К.Сумарава. “Легенда”.

Калі
ўпершыню бачыш жывапісныя творы гэтай таленавітай мастачкіадчуваеш узрушэнне ад візуальнай моцы і пластычнай выразнасці яркіх палотнаў. Колер — адна з дамінантаў яе творчага метаду, у структуры якога маюцца і іншыя аспекты. Сваю ўвагу яна скіроўвае найперш на тэму мастакоўскага сталення. Выяўленне барацьбы супрацьлегласцей — неабходная якасць творчага працэсу, які ўжо сам па сабе ёсць каштоўнасць. Мастачка адыходзіць ад імперыі, імкнецца ўтрымаць краявід як жывы вобраз, надзелены рысамі чалавечых эмоцый.
Нам цікава назіраць, як нараджаюцца першыя рэфлексіі і празрыста акрэсліваюцца межы новай праявы ў мастацтве.
Колер — не проста структурны стрыжань творчай манеры аўтаркі, але і адбітак яе інтэлектуальнага досведу, меркаванне маладога жывапісца пра мастацкую прастору і ступень яе ўмоўнасці. Абагульнены краявід, памножаны на інтэнсіўны блакіт, мае прасторавую глыбіню. Гэты блакіт прысутнічае ў многіх работах, ён фарсіруе сваю наяўнасць у свядомасці гледача. Выбар іншай колеравай платформы ўзрушае яе, нібы ўварванне на чужую тэрыторыю. Каб пазнаёміць гледача з творамі мастачкі, рэалізаванымі ў рэчышчы генеральнага падыходу, прапануюцца работы, напоўненыя лірычнай мяккасцю і паветранай вытанчанасцю. Разам творы ўспрымаюцца сучасным канцэптуальным пошукам і жывапісным ансамблем. Іх знітоўвае скіраваная прага гледача да сузірання маляўнічых адлюстраванняў тонкіх станаў прыроды, працятых суб’ектыўным падыходам.
У творах К.Сумаравай мы не бачым выразна акрэсленых праяў рэчаіснасці. Дынаміка яе ілюзій нечым нагадвае фіксацыю хуткага руху. Мастачка абірае адмысловы спосаб адлюстравання натурнага краявіду. Здаецца, што фарбы ў яе творах пакладзены не пэндзлем, а далонямі.
Цыкл твораў К.Сумаравай пранізвае тэма вады. Бляск азёрнага люстра скрозь зараснік прыбярэжнага чароту нагадвае момант адкрыцця тэатральнай заслоны. Названыя ракурсы ўзбагачаюць спектр успрымання прасторы. Прага да такой “гульні ў прастору” тлумачыцца жаданнем яе пастаянна пашыраць, зазірнуць у іншую рэальнасць.
Мастацтва, якое раскрывае перад намі ўнутраны свет творцаў, здольнае адарыць нас цікавымі і тонкімі пачуццямі, узбагаціць наш духоўны свет. Такую магчымасць дае нам і жывапіс Кацярыны Сумаравай.

Міхаіл БАРАЗНА,
мастацтвазнаўца