К.Сумарава. “Легенда”. |
Нам цікава назіраць, як нараджаюцца першыя рэфлексіі і празрыста акрэсліваюцца межы новай праявы ў мастацтве.
Колер — не проста структурны стрыжань творчай манеры аўтаркі, але і адбітак яе інтэлектуальнага досведу, меркаванне маладога жывапісца пра мастацкую прастору і ступень яе ўмоўнасці. Абагульнены краявід, памножаны на інтэнсіўны блакіт, мае прасторавую глыбіню. Гэты блакіт прысутнічае ў многіх работах, ён фарсіруе сваю наяўнасць у свядомасці гледача. Выбар іншай колеравай платформы ўзрушае яе, нібы ўварванне на чужую тэрыторыю. Каб пазнаёміць гледача з творамі мастачкі, рэалізаванымі ў рэчышчы генеральнага падыходу, прапануюцца работы, напоўненыя лірычнай мяккасцю і паветранай вытанчанасцю. Разам творы ўспрымаюцца сучасным канцэптуальным пошукам і жывапісным ансамблем. Іх знітоўвае скіраваная прага гледача да сузірання маляўнічых адлюстраванняў тонкіх станаў прыроды, працятых суб’ектыўным падыходам.
У творах К.Сумаравай мы не бачым выразна акрэсленых праяў рэчаіснасці. Дынаміка яе ілюзій нечым нагадвае фіксацыю хуткага руху. Мастачка абірае адмысловы спосаб адлюстравання натурнага краявіду. Здаецца, што фарбы ў яе творах пакладзены не пэндзлем, а далонямі.
Цыкл твораў К.Сумаравай пранізвае тэма вады. Бляск азёрнага люстра скрозь зараснік прыбярэжнага чароту нагадвае момант адкрыцця тэатральнай заслоны. Названыя ракурсы ўзбагачаюць спектр успрымання прасторы. Прага да такой “гульні ў прастору” тлумачыцца жаданнем яе пастаянна пашыраць, зазірнуць у іншую рэальнасць.
Мастацтва, якое раскрывае перад намі ўнутраны свет творцаў, здольнае адарыць нас цікавымі і тонкімі пачуццямі, узбагаціць наш духоўны свет. Такую магчымасць дае нам і жывапіс Кацярыны Сумаравай.
Міхаіл БАРАЗНА,
мастацтвазнаўца